RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У гэтым годзе прадпрымальнік з Мсціслаўскага раёна атрымаў тры прэстыжныя ўзнагароды

Вынікам года для дырэктара ТАА Маглеспрамантаж» стала самая ганаровая перамога – у нацыянальным конкурсе «Найлепшы прадпрымальнік – 2019». Павел Кавалёў перамог на рэспубліканскім этапе ў намінацыі «Паспяховы старт» сярод прадпрымальнікаў Магілёўшчыны. Да гэтага было прызнанне «Найлепшым па прафесіі» ў Мсціслаўскім раёне. Потым – перамога ў конкурсе бізнес-ідэй у мясцовым цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва.

У 2017 годзе Павел выкупіў велізарны, у 2000 квадратаў, паўразбураны будынак былых таварных складоў паблізу чыгуначнай станцыі Ходасы, які некалькі дзясяткаў гадоў стаяў ў запусценні. З дзіравым дахам, зарослай хмызняком тэрыторыяй, літаральна без вокнаў і дзвярэй. У мясцовага сельгаспрадпрыемства не хапала рэсурсаў нават знесці яго. А Кавалёў узяўся за аднаўленне, адразу ж пасля правядзення ў гэтых «заброшках» электрычнасці ўстанавіў стужкапільны станок і запусціў вытворчасць.

Цяпер тут ужо створана 18 новых працоўных месцаў. З мясцовых жыхароў сфарміраваліся брыгады і нават сямейныя дынастыі. У дапамогу мужыкам працаваць на пілараму прыйшлі жонкі. У многіх з іх шматдзетныя сем’і, а рэгулярная здзельная зарплата на вёсцы ды запас дроў кожнаму да зімы – выдатны варыянт працаўладкавання.

ТАА «Маглеспрамантаж» сёння на другім месцы ў Мсціслаўскім раёне па вытворчасці экспартнай прадукцыі. Павел Кавалёў супрацоўнічае з Нідэрландамі, Германіяй. Асвоіўшы вытворчасць піламатэрыялаў замоўленага па еўрастандартах памеру, ён амаль 100 працэнтаў сваёй прадукцыі адпраўляе ў Еўропу.

Дыяна ГАРАНІНАВА, фота - Андрэй  САЗОНАЎ, СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая