RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Касцюковічах стварылі інтэрактыўны праект аб абаронцах і вызваліцелях раёна

Маштабны ваенна-патрыятычны праект «Касцюкоўшчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны... Людзі. Подзвіг. Лёс...», прысвечаны Году гістарычнай памяці, рэалізуецца ў Магілёўскай вобласці.

– Рэалізацыю задумкі пачалі яшчэ да абвяшчэння 2022-га Годам гістарычнай памяці, проста ўсё супала ідэальным чынам, – расказвае галоўны захавальнік фондаў Касцюковіцкага краязнаўчага музея Надзея Кудашова. – Справа ў тым, што мы заняліся абнаўленнем прысвечаных абароне і вызваленню раёна стэндаў. А яны ў нас багатыя. У 70-ыя гады першы дырэктар музея Уладзімір Ламінскі займаўся зборам інфармацыі аб ветэранах вайны (на шчасце, многія тады былі яшчэ жывыя), гэтыя даныя і склалі аснову нашых фондаў. Але падрабязна пра кожнага байца расказаць у такім фармаце проста немагчыма. Тады мы вырашылі перайсці ў анлайн, каб нагадаць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, абагульніць. Сістэматызаваць і паказаць яе трагічныя і гераічныя старонкі, ушанаваць памяць ахвяр, выказаць павагу і падзяку ўсім тым, чыё мужнасць і гераізм прывялі да перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Надзея Кудашова разам з навуковым супрацоўнікам музея Алесяй Панкраценка перапрацавала матэрыялы, якія захоўваюцца ў фондах установы культуры. Усе звесткі яны старанна праверылі ў адкрытых базах даных, такіх, як «Памяць народа», «Мемарыял» і «Партызаны Беларусі», сістэматызавалі і перапрацавалі ў адпаведнасці з канцэпцыяй праекта. «Вельмі карпатлівая праца, збіралі даныя па крупінках. Многія факты нават для сябе адкрылі ўпершыню», – дзеляцца яны.

У анлайн-фармаце ўжо даступныя апісанні каля 100 лёсаў абаронцаў і вызваліцеляў Касцюковіцкага раёна: фота, тэкставая інфармацыя, дакументы.

Знаходзячыся ў любым пункце свету, дастаткова адкрыць у Інтэрнэце старонку ўстановы культуры на сайце «Музеі Беларусі» і зверху знайсці спасылку на праект. Яго меню складаецца з некалькіх пунктаў «Фронт у тыле ворага», «Вызваленне раёна», «Спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры». Унутры змяшчаюцца асноўныя звесткі пра абарону, акупацыю раёна і яго вызваленне, пра арганізаваныя з першых дзён акупацыі падпольныя партыйныя і камсамольскія арганізацыі, бо Касцюкоўшчына стала партызанскім краем. Праект расказвае аб дывізіях, атрадах і брыгадах, асобных байцах, якія дзейнічалі на гэтай тэрыторыі. Пра адны інфармацыі дастаткова, пра іншыя маюцца зусім сціплыя даныя. Ёсць задумка ў будучым для зручнасці карыстальнікаў суправадзіць усе ўкладкі аўдыяфайламі.

– Тыя ж, хто бачыць нашы стэнды ўжывую, могуць з дапамогай кюар-кодаў адразу адкрыць старонку канкрэтнага воіна, – працягвае Надзея Уладзіміраўна. – Цікавы момант: у вызваленні нашага раёна ўдзельнічаў дзядуля вядомага беларускага спевака Дзмітрыя Калдуна. Павел Калінавіч Калдун ваяваў у складзе 269-й стралковай дывізіі.

Што важна, праца над праектам не завершаная. У папаўненні праекта новымі данымі могуць прыняць удзел усе, хто валодае інфармацыяй аб удзельніках ваенных дзеянняў на тэрыторыі Касцюковіцкага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Стваральнікі праекта ўпэўнены: у многіх хатніх архівах і сямейных альбомах беражліва захоўваюцца дакументы, фатаграфіі, лісты і, вядома ж, успаміны сваякоў.

– Тэма патрыятычнага выхавання і захавання гістарычнай праўды вельмі актуальная, – падкрэслівае Надзея Кудашова. – Я нейкі час працавала ў школе, таму магу ўпэўнена сказаць, што маладое пакаленне ў поўнай меры не ўсведамляе значнасць гэтай памяці. Год гістарычнай памяці якраз закліканы актывізаваць працу ў гэтым кірунку. Радуе, што і ў новым праекце Канстытуцыі гэтыя моманты знайшлі адлюстраванне. У нас мноства цудоўнай тэматычнай літаратуры, фільмаў, іншых матэрыялаў. Адзінае – трэба паднесці іх у цікавай для моладзі форме. Нам не павінна быць сорамна за тых, каго мы выхавалі. Трэба данесці да іх, што ў тыя страшныя гады савецкі народ выстаяў толькі дзякуючы адзінству. Улічваючы сітуацыю ў свеце, нам таксама трэба браць з іх прыклад і трымацца разам!

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая