RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскім раёне створаны спрыяльны інвестыцыйны клімат, і гэта дае вынікі

Тэрыторыя магчымасцей

Без інвестыцый у эканоміку немагчымы рост бізнесу, не змогуць развівацца рэгіёны. Дзякуючы інвестарам ствараюцца новыя працоўныя месцы, за кошт падаткаў і збораў папаўняецца бюджэт. Усё гэта станоўча адбіваецца на сацыяльна-эканамічных паказчыках. У нашай краіне інвестыцыям надаецца сур’ёзная ўвага як на рэспубліканскім узроўні, так і на месцах. Напрыклад, у Магілёўскім раёне рэалізуецца некалькі буйных інвестпраектаў.

Прыгожа і зручна

Прыватнае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «ТэлекамГрупІнвест» займаецца развіццём прыдарожнага сэрвісу. У верасні 2020 года на II інвестыцыйным форуме «Магілёўскі раён–тэрыторыя магчымасцей» было падпісана пагадненне аб унясенні гэтай кампаніяй інвестыцый у эканоміку Магілёўскага раёна. Намеснік дырэктара прадпрыемства Андрэй Ярошчанка расказвае:

– Укладзена каля 600 тысяч рублёў у рэканструкцыю прыдарожнага комплексу–гасцініцу з рэстаранам у вёсцы Салтанаўка. Павялічана колькасць гасцінічных нумароў, закуплена новае абсталяванне для кухні, уладкаваны пірсы для платнай рыбалкі. Вядома, інвестыцыі ў гасцінічны бізнес акупляюцца не адразу, але ў нас ужо выручка павялічылася прыкладна на 30 %, да нас прыязджае больш гасцей. Дзякуючы «сарафаннаму радыё» мы становімся ўсё больш і больш вядомымі.

Таксама створаны два працоўныя месцы–афіцыянта і падсобнага рабочага. Прычым жыхары вёскі Салтанаўка працуюць тут ужо даўно, а новымі вакансіямі зацікавіліся магілёўцы. Прасіліся многія, аднак работнікаў узялі па рэкамендацыі будаўнікоў, якія працавалі на аб’екце.

45-гадовым падсобным рабочым Аляксандрам Чубаковым наймальнікі задаволеныя. Яму і самому праца падабаецца: задавальняе і заробак, і тое, што падвозяць на працу і з працы.

Новы прыдарожны аб’ект стаў сапраўдным упрыгожваннем ландшафту ўздоўж трасы Магілёў–Бабруйск. Адразу відаць, што над праектам працавалі таленавітыя архітэктары і дызайнеры, а ўладальнікі бізнесу не пашкадавалі грошай на ўвасабленне іх ідэй у жыццё. І адпачывальнікам камфортна, і вока радуе, ды і сам бізнес маштабуецца, выходзіць на новы ўзровень.

Прагрэсіўныя тэхналогіі гарантуюць поспех

Яшчэ адзін інвестар у Магілёўскім раёне–ТАА «Протас», заснавальнікам і дырэктарам якога з’яўляецца Мікалай Сыса.

Для мадэрнізацыі вытворчасці на сваім прадпрыемстве ён заключыў дагаворы на набыццё новага сучаснага абсталявання ад вядучых замежных вытворцаў. У пашырэнне вытворчай базы з верасня 2020 года па красавік 2021-га кампанія інвеставала больш за 1 млн еўра ўласных сродкаў.

Зараз калектыў завода металаканструкцый «Протас» у вёсцы Салтанаўка выконвае чарговы заказ– металаканструкцыі для будаўніцтва моста ў Маскве. Наступны заказ чакаецца ад мостабудаўнікоў з Калінінграда.

«Протас»– самае буйное прадпрыемства ў Беларусі па выпуску металаканструкцый. Заказы сюды паступаюць з розных рэгіёнаў нашай краіны і Расіі. На кругласутачнай вытворчасці пазменна працуе каля 370 чалавек, іх сярэдні ўзрост–35 гадоў. Тэхнічная дакументацыя распрацоўваецца тэхналагічным і канструктарскімі аддзеламі ТАА «Протас». Дзякуючы аўтаматызацыі вытворчасці прадукцыя вырабляецца з высокай дакладнасцю.

На сучасным прадпрыемстве створаны выдатныя ўмовы для работнікаў, а сярэдняя зарплата тут – 1700 рублёў. У згуртаваным калектыве развіта настаўніцтва: больш дасведчаныя работнікі навучаюць моладзь, стажораў. Працаўладкавацца сюды імкнуцца многія, гэта прэстыжна і перспектыўна.

Прадукты харчавання–гэта валюта

Фермерская гаспадарка «Пралеска» працуе ў Магілёўскім раёне з 1991 года. Яе кіраўнік Юрый Коршунаў–адзін з першых фермераў у краіне.

Увесну гэтага года мясцовыя ўлады выдзелілі фермеру дадатковую зямлю ў вёсцы Косцінка–300 га. У распрацоўку зямлі, насенне ён інвеставаў каля 26 тысяч рублёў–грошы ўласныя, не пазыковыя. Пасеяў 40 га грэчкі, 20 га кукурузы, 130 га ячменю, астатняя зямля пайшла пад авёс і гарох.

Юрый Фёдаравіч упэўнены:

– Зямля – наша багацце. Калі б усе землекарыстальнікі адносіліся да яе беражліва, наша краіна была б вельмі багатай. У нас няма вялікіх залежаў карысных выкапняў, затое ёсць землі і працавітыя людзі. Прадукты харчавання–гэта валюта.

Праца фермера нялёгкая, але кіраўніку «Пралескі» вельмі падабаецца тое, чым ён займаецца. Кажа, атрымлівае асалоду, задавальненне. Разам з ім працуюць дзеці, унукі. Усяго ў яго ў гаспадарцы працуе 60 чалавек, усе яны вельмі паважаюць Юрыя Фёдаравіча. Ён будуе домікі для сваіх рабочых, у яго, як і на дзяржаўных прадпрыемствах, прадугледжаны «сацпакет»– фермер дапамагае вяскоўцам касіць на іх падворках, прыбіраць ураджай, завозіць гной бясплатна.

Дарэчы, сам Юрый Коршунаў нічога замежнага ні для асабістых патрэб, ні для сваёй гаспадаркі не набывае, толькі беларускае–падтрымлівае айчыннага вытворцу. Гаворыць, хоць і лаюць некаторыя нашу сельгастэхніку, але калі да яе ўмела і беражліва адносіцца, яна працуе надзейна, служыць доўга. Ёсць у яго ў гаспадарцы 30-гадовы трактар, 12-і 13-гадовыя камбайны. І ўсе спраўныя, не падводзяць.

У ТЭМУ

Ірына Чындо, намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама па эканоміцы:

– У нашым раёне пастаянна праводзіцца работа па прывабліванні інвестараў: штогод праходзяць інвестыцыйныя форумы, на нашым афіцыйным сайце размешчаны інвестыцыйны атлас. Сёння ў нас рэалізуецца яшчэ некалькі інвестпраектаў.

У вёсцы Красніца Магілёўскі лясгас нядаўна ўвёў у эксплуатацыю цяплічны комплекс, у гадавальніку па новай тэхналогіі будуць вырошчвацца саджанцы дрэў.

Асобна хочацца расказаць яшчэ аб адным нашым інвестары. На II інвестыцыйным форуме «Магілёўскі раён–тэрыторыя магчымасцей» у верасні мінулага года падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання памятную статуэтку ў намінацыі «Прадпрымальнік года» ўручылі ТАА «Маркетынг Цэнтр», якое ўзначальвае Сяргей Ганчароў. Гэта прадпрыемства ў вёсцы Вялікая Бароўка працуе з 1991 года. А яно спецыялізуецца на вытворчасці і рэалізацыі безалкагольных напояў. ТАА «Маркетынг Цэнтр»– адзінае прадпрыемства ў краіне, якое выпускае пітную ваду ў аднаразовых сіфонах, калісьці вельмі папулярных. На вытворчасці найноўшае высокатэхналагічнае абсталяванне. Летась тут запусцілі другую лінію, павялічыўшы магутнасці вытворчасці, і давялі аб’ёмы выпуску напояў да 5 мільёнаў дэкалітраў за месяц. Цяпер тут усталёўваюць аўтаматычную лінію па ўпакоўцы напояў, мантаж яе будзе завершаны ў найбліжэйшы час.

sb.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая