RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве 5–6 жніўня пройдуць урачыстасці ў гонар свяціцеля Георгія (Каніскага)

Урачыстасці ў гонар свяціцеля Георгія (Каніскага), малітоўніка і апекуна зямлі Магілёўскай і беларускай, пройдуць 5–6 жніўня ў Магілёве з удзелам кіраўніка Беларускай Праваслаўнай Царквы, паведамілі ў Маілеўскай епархіі БПЦ.

– Урачыстасці ў гонар святога, якія пройдуць 5–6 жніўня, узначаліць мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, – праінфармавалі ў епархіі.

У першы дзень, 5 жніўня, у Свята-Мікольскім манастыры пройдзе ўрачыстае набажэнства архірэйскім чынам з чытаннем акафіста свяціцелю Георгію Магілёўскаму.

На наступны дзень у 8:30 у Свята-Мікольскім манастыры пачнецца Боская Літургія, пасля заканчэння якой адбудзецца хрэсны ход да Палаца Георгія Каніскага. У Спаса-Праабражэнскім кафедральным саборы ў 9:30 плануецца сустрэча мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, а таксама Боская літургія, якую кіраўнік БПЦ здзейсніць пры ўдзеле архірэяў БПЦ. На апоўдні намечаны пачатак урачыстай цырымоніі закладкі помніка свяціцелю Георгію Магілёўскаму, мерапрыемства пройдзе каля верхняй пляцоўкі новай лесвіцы, якая вядзе ў парк Падміколля. Нарэшце, у 12:30 пройдзе саборны малебен свяціцелю Георгію Магілёўскаму, які будзе здзейснены каля Палаца Каніскага.

Арцхіепіскап Георгій (у свеце Рыгор Іосіфавіч Каніскі) нарадзіўся ў 1717 годзе ў Чарнігаўскай губерні. Пасля заканчэння Кіева-Магілянскай акадэміі выкладаў у ёй багаслоўе, быў прафесарам, а затым і рэктарам. У жніўні 1744 года ў Кіева-Пячэрскай Лаўры Каніскі пастрыжаны ў манаства. Праз 10 гадоў па патрабаванні імператрыцы Лізаветы Пятроўны яго прызначылі беларускім епіскапам, а ў 1783 годзе Георгій Каніскі стаў архіепіскапам Магілёўскім, членам Святога Сінода. Дзякуючы яму Беларуская епархія заставалася адзінай праваслаўнай епархіяй у межах польскай дзяржавы. Свяціцель Георгій дабудаваў і асвяціў Магілёўскі кафедральны Спаскі сабор, пры ім узведзены каменныя будынкі архірэйскага дома і кансісторыя. Ён быў ініцыятарам адкрыцця Магілёўскай духоўнай семінарыі. На свае сродкі ў прыгарадзе Магілёва Пячэрск пабудаваў царкву святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца. Георгій Каніскі памёр у 1795 годзе. Пасля яго скону, праз 17 гадоў, была засведчана нятленнасць яго мошчаў. У 1993 годзе ён быў кананізаваны Праваслаўнай царквой і прылічаны да ліку святых зямлі беларускай.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая