RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У ТАА «Быхаўскі кансервавы завод» ідзе ўборка зялёнага гарошку

Прадукцыю ТАА «Быхаўскі кансервавы завод» спажыўцы ведаюць пад вядомым брэндам «Гаспадар-Барын». Традыцыі застаюцца нязменнымі. Галоўнае - густ і якасць. Стаўку прадпрыемства робіць на строгае захаванне тэхналогіі і асваенне новых відаў прадукцыі.

У асноўным прадпрыемства арыентавана на нашу беларускую сыравіну, вырашчаную сельгасвытворцамі. Перад тым, як патрапіць на стол да спажыўца, сыравіна праходзіць уваходны кантроль, дбайную мыйку, апрацоўку і стэрылізацыю ў аўтаклавах.

Сярод асноўных відаў прадукцыі па-ранейшаму ўпадабаныя спажыўцам ікра кабачковая і зялёны гарошак. Дарэчы, для таго, каб вырошчваць уласную сыравіну, прадпрыемства вырашыла ўзяць у арэнду зямлю. Кіраўніцтва раёна падтрымала такія намеры і выдзеліла 500 гектараў.

Закупіўшы неабходную тэхніку і насенне, падабраўшы адпаведныя кадры, вясной гэтага года прадпрыемства пасеяла на арандаваных плошчах зялёны гарох. Выкарыстоўваліся розныя гатункі гароху: ранні, среднеранний, среднепоздний. З улікам вытворчых магутнасцей завода, пасеў ажыццяўляўся паэтапна.

Першы ўраджай агародніннага гароху сталі намалочваць у канцы чэрвеня. Цяпер ужо ўбрана 200 га зялёнага гароху, валавы збор склаў тысячу тон. Уборка ідзе і гэтымі днямі.

Як распавёў аграном Сяргей Дзячэнка, гарох - даволі капрызная культура, якая патрабуе пастаяннага назірання і догляду. Для таго, каб атрымаць добры ўраджай, своечасова ўносіліся сродкі аховы раслін, вырабляліся адпаведныя падкормы вадкімі мінеральнымі ўгнаеннямі. Усе работы праводзіліся згодна з тэхналагічным рэгламентам.

Сяргей Дзячэнка - вопытны аграрый і не першы год займаецца вырошчваннем агародніннага гарошку. Зараз яго турбуе гарачае надвор'е, што можа негатыўна адбіцца на ўраджаі. Як ні сумна, але анамальная спякота адбіваецца на пасевах. Некаторыя ўчасткі з-за адсутнасці вільгаці пачынаюць «выгараць». Для таго, каб не дапусціць страт, іх убіраюць у першую чаргу.

На ўборцы задзейнічаны два гарахаўборачныя камбайны і дзве адзінкі адвозкі. Больш за ўсё ўраджаю перавёз вадзіцель Аляксандр Рабцаў. Тэхніка не прастойвае. У выпадку паломкі неабходныя рамонтныя работы праводзяцца аператыўна ў полі.

Зыходзячы з аб'ёмаў перапрацоўкі, за дзень убіраецца да 12 гектараў. Цяпер ураджайнасць зялёнага гароху дастаткова высокая — 50 цэнтнераў з гектара.

Сяргей Дзячэнка паказвае, што на кожнай расліне ёсць не менш як 12 струкоў. Камбайны старанна вымалочваюць літаральна кожны струк. Страт ззаду камбайнаў няма.

У маладога камбайнера Арцёма Лявонава гэты сезон уборкі ўжо другі. На яго думку, для таго, каб не было страт ураджаю, патрэбна правільнае рэгуляванне камбайна і строгае выкананне тэхналогіі.

«У гэтым годзе на палях у нас вырашчаны выдатны гарох, на прадпрыемстве наладжана ўласная вытворчасць, наш зялёны гарошак самы лепшы», — расказвае камбайнер.

Для таго, каб своечасова ўбраць ураджай, уборка арганізавана ў 2 змены. Зялёны гарох прыбіраюць днём - пры святле сонца і ўначы - пры святле фар.

У Арцёма Лявонава ёсць напарнік - Васіль Лявіцкі. Камбайнеры працуюць пазменна. Праца нялёгкая, але добра аплачваная.

На другім гарахаўборачным камбайне працуе Іван Стральцоў. Нягледзячы на тое, што ён працуе на ўборцы першы сезон, тэхніку асвоіў даволі хутка. Камбайны ў полі рухаюцца плаўна і павольна — паўтара кіламетра за гадзіну, каб старанна ўбраць ураджай. З Іванам у пары працуе другі камбайнер Мікалай Федзячэнка. Разам ім любая справа па плячы. Завяршыць уборку аграрыі плануюць да сярэдзіны жніўня.

Як адзначыў дырэктар ТАА «Быхаўскі кансервавы завод» Аюб Абдулмуслімаў, прадпрыемства працуе не на склад, а пад запыты спажыўцоў па доўгатэрміновых кантрактах. За суткі выпускаецца каля 200 тысяч слоікаў зялёнага гарошку. Безумоўна, найперш кансервавай прадукцыяй будуць забяспечаны беларускія спажыўцы. І ўсё ж прадпрыемства ў большай ступені арыентавана пастаўляць сваю прадукцыю на экспарт. Прыкладна 90 працэнтаў усіх відаў прадукцыі плануецца экспартаваць у Расію, Казахстан, Узбекістан. Таксама кансервавы завод на працягу месяца плануе наладзіць пастаўкі сваёй прадукцыі ў гандлёвую сетку раёна. Так што быхаўчане неўзабаве змогуць пакаштаваць кансервацыю нашага прадпрыемства.

Адначасова на заводзе займаюцца перапрацоўкай свежых агуркоў. На дапамогу прадпрыемству прыйшлі студэнцкія атрады.

Кіраўніцтва прадпрыемства ўвесь час працуе над тым, каб зацікавіць спажыўца. Нядаўна выпушчана 2 віды новай прадукцыі: аджыка абхазская і аджыка вострая. А яшчэ на заводзе ўстанаўліваецца новая антысептычная лінія, якая дасць магчымасць выпускаць агароднінныя і фруктовыя паўфабрыкаты ў вялікіх аб'ёмах.

 bykhov.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая