RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Урачыстасці ў памяць пра свяціцеля Георгія Каніскага пройдуць у Магілёве 6 жніўня

Урачыстасці, прысвечаныя памяці свяціцеля Георгія Каніскага, архіепіскапа Магілёўскага і Беларускага, пройдуць у Магілёве 6 жніўня.

У памяць пра выдатнага філосафа і багаслова ў Спаса-Праабражэнскім кафедральным саборы адбудзецца Боская літургія, якую ўзначаліць мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Сустрэча архіпастыраў запланавана на 9.45.

У 12.00 адбудзецца хрэсны ход са Свята-Мікольскага манастыра да дома Каніскага, дзе ў 12.30 архірэі Беларускай Праваслаўнай Царквы адслужаць малебен свяціцелю Георгію.

Напярэдадні мерапрыемстваў, сёння вечарам, у Свята-Мікольскім жаночым манастыры адбудзецца святочнае ўсяночнае трыванне. Пачатак набажэнства – у 17.00.

Архіепіскап Георгій(у свеце – Рыгор Іосіфавіч Каніскі) нарадзіўся ў 1717 годзе ў Чарнігаўскай губерні. Пасля заканчэння «з особенною пахвалою» Кіева-Магілянскай акадэміі выкладаў у ёй багаслоўе, быў прафесарам, а затым і рэктарам. У жніўні 1744 года ў Кіева-Пячэрскай Лаўры Каніскі пастрыжаны ў манаства.

Праз 10 гадоў па патрабаванні імператрыцы Лізаветы Пятроўны яго прызначылі беларускім епіскапам, а ў 1783 годзе Георгій Каніскі стаў архіепіскапам Магілёўскім, членам Святога Сінода. Дзякуючы яму Беларуская епархія заставалася адзінай праваслаўнай епархіяй у межах польскай дзяржавы.

Свяціцель Георгій дабудаваў і асвяціў Магілёўскі кафедральны Спаскі сабор, пры ім узведзены каменныя будынкі архірэйскага дома і кансісторыя. Ён быў ініцыятарам адкрыцця Магілёўскай духоўнай семінарыі. На свае сродкі ў прыгарадзе Магілёва Пячэрск пабудаваў царкву святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца.

Свяціцель Георгій пісаў вершы, першым у Кіеве выклаў багаслоўе ў сістэматычным парадку і, паводлеслоў мітрапаліта Макарыя Булгакава, «бясспрэчна перасягнуў усіх папярэднікаў сваіх і пераемнікаў». Свае ідэі Георгій Каніскі выказваў у публічных прамовах i царкоўных пропаведзях. Ім складзена каля 80 прамоваў і пропаведзяў, якія адрозніваліся шчырасцю і прастатой. Самай вядомай з іх стала вітальная прамова «Пакінем астраномам...», якую ён выказаў у Мсціславе імператрыцы Кацярыне II падчас яе падарожжа ў 1787 годзе.

Георгій Каніскі памёр у 1795 годзе. Пасля яго скону, праз 17 гадоў, была засведчана нятленнасць яго мошчаў. У 1993 годзе ён быў кананізаваны Праваслаўнай царквой і прылічаны да ліку святых зямлі беларускай.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая