RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Успомніць пайменна: у вёсцы Туманаўка Магілёўскага раёна адкрылі абноўлены помнік ахвярам вайны

На чорнай гранітнай пліце – 38 прозвішчаў. Старых, жанчын, дзяцей – расстраляных, жывымі спаленых, па-зверску закатаваных фашыстамі ў снежні 1943-га. У вёсцы Туманаўка Магілёўскага раёна сёння ўрачыста адкрылі абноўлены помнік ахвярам Вялікай Айчыннай вайны.

– Абеліск тут устанавілі ў далёкім 1967-ым годзе, – успамінае мясцовы жыхар, 70-гадовы Генадзь Красоўскі. – Да вайны дзве іх было – Туманаўкі. Сёння мы на месцы той, што паўтарыла лёс Хатыні і не адрадзілася…

Генадзь Мікалаевіч аб трагедыі, якая адбылася тут у гады Вялікай Айчыннай, ведае ад старажылаў, школьных педагогаў. Калі яшчэ сядзеў за партай, выкладчык рускай мовы Яніна Бегунова, настаўнікі (пачатковых класаў – Вікторыя Нядвецкая – і нямецкай мовы – Мікалай Падольскі) расказвалі пра гэта ім, вучням. Для настаўнікаў гэта была не толькі агульначалавечая, але і асабістая трагедыя: кожны страціў у Туманаўцы сваіх блізкіх: бацькоў, братоў, сясцёр. Яніна была параненая, уратавалася цудам…

– Гэты абеліск, што ў баку ад вёскі, на полі, у акружэнні лесу, мясцовыя заўсёды даглядалі. Пойдзеш, бывала, у грыбы, бачыш: ля яго падножжа ляжаць жывыя кветкі, яблыкі, цукеркі – значыць, дзеці прыходзілі, – расказвае ветэран МУС Вадзім Кавалёў – цяперашні стараста Туманоўкі, па ініцыятыве якога і абнавілі помнік. – Я сам не мясцовы, з Магілёва. Але гадоў 20 таму набыў тут дачу, даведаўся аб спаленым дашчэнту сяле, аб загінулых жыхарах. Гэта трагедыя блізкая кожнаму чалавеку, мае дзеці ведаюць. Іх бабулю, маю маму, у гады вайны ледзь не спасцігла тая ж доля: яны з аднавяскоўцамі паспелі сысці з вёскі, калі ў яе наляцелі карнікі. Мы павінны шанаваць памяць аб нявінна забітых, таму і вырашылі: стары помнік, хоць яго і даглядалі, падфарбоўвалі, пара капітальна адрэстаўраваць. І ўвекавечыць на ім усіх загінулых – пайменна. З Аляксандрам Сяровым, у якога таксама ў Туманаўцы дача, абышлі двары, расказалі аб сваёй задумцы – і вяскоўцы адгукнуліся. Гранітную пліту мы замовілі ў абласным цэнтры. Прадпрымальніца Вольга Мацюшэўская, да якой звярнуліся, частку выдаткаў узяла на сябе, астатнія сабралі жыхары Туманаўкі.

– У Туманаўцы «жывых хат» засталося каля 20, але з вясны па восень яна ажывае, наязджаюць дачнікі. І яны таксама ўнеслі сваю лепту ва ўвекавечанне памяці загінулых, – удакладняе Аляксандр Сяроў. – Разам і тэрыторыю вакол помніка ў парадак прывялі: высеклі хмызняк, паклалі новую тратуарную плітку, усталявалі гранітную пліту з імёнамі.

На ўрачыстым адкрыцці абноўленага помніка сёння прысутнічалі прадстаўнікі райвыканкама, ветэранскай арганізацыі, школьнікі, вяскоўцы.

У руках дзесяцікласніцы Дашкаўскай школы Дашы Хацкевіч – чырвоныя гваздзікі:

– Мы тут, таму што хочам аддаць даніну памяці тым, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай, тым, каму было, як нам цяпер, і нават менш, хто так і не паспеў вырасці. Нам у школе шмат расказваюць пра вайну, мы разам з настаўнікамі даглядаем за 8 брацкімі магіламі.

З блізкімі прыехаў з Магілёва ў Туманаўку 22-гадовы Ян Ржэвуцкі:

– Я тут невыпадкова. Мая сям’я – бацька Юрый, мама Таццяна – прымалі непасрэдны ўдзел у абнаўленні помніка. Бацькам пра падзеі, якія адбываліся тут, расказаў мой дзядуля. Віктару Іванавічу ў тую пару было ўсяго 8 гадоў, але ён на ўсё жыццё запомніў, як яго браты заходзілі ў хлеў, як той загарэўся, падпалены фашыстамі. Яму з мамай удалося выратавацца…

– Вайна – гэта тысячы нявінна забітых мірных жыхароў, і наш святы абавязак – увекавечыць іх імёны, імёны абаронцаў, якія загінулі за Радзіму, для нашчадкаў, – падкрэслівае намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Аляксандр Алекса. – У Беларусі робіцца ўсё, каб гэта памяць жыла. І дзякуй ініцыятыўным жыхарам вёскі Туманаўка, якія за свой кошт абнавілі абеліск. Сёння мы ўсе хочам аднаго: каб жах пад назвай вайна ніколі больш не паўтарыўся на нашай роднай беларускай зямлі. І разумеем, як важна шанаваць тое, што мы жывём пад мірным небам у квітнеючай краіне, можам спакойна працаваць, гадаваць дзяцей.

Па словах галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага райвыканкама Юліі Сцепаньковай, у Магілёўскім раёне 150 воінскіх пахаванняў і помнікаў ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуючы расследаванню крымінальных спраў па фактах генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у 2021-ым з’явілася 16 раней не ўлічаных помнікаў і абеліскаў.

 

У Магілёўскім раёне ў гады вялікі айчынны лёс Хатыні паўтарыла 7 вёсак, у Магілёўскай вобласці – 1 686.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая