RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Устаноўлена прозвішча курсанта-міліцыянера, які загінуў пры абароне Магілёва ў 1941 годзе каля вёскі Гаі

Устаноўлена прозвішча курсанта-міліцыянера, які загінуў пры абароне Магілёва ў 1941 годзе каля вёскі Гаі. Пра гэта паведаміў кіраўнік абласнога патрыятычнага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка.

Паводле слоў суразмоўцы, у сярэдзіне красавіка байцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Мінабароны сумесна з супрацоўнікамі клуба «Віккру», навучэнцамі ўстаноў адукацыі Магілёва, Быхава і Магілёўскага раёна праводзілі экспедыцыю на месцах баёў батальёна міліцыі капітана Уладзімірава і 209-га процітанкавага дывізіёна 121 стралковай дывізіі.

У выніку раскопак ля Шклоўскай шашы ў траншэях на полі былі паднятыя астанкі 23 савецкіх воінаў, фрагменты амуніцыі і абмундзіравання, як мяркуецца, міліцыянераў, салдат і камандзіраў РСЧА ўзору 1941 года. Пры іх знаходзіліся 3 салдацкія медальёны, рэшткі членскіх білетаў і іншых асабістых дакументаў, якія былі перададзены на экспертызу.

Супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці змаглі аднавіць асабістыя дакументы аднаго з загінулых. «Ім удалося прачытаць членскія білеты “Асаавіяхіма” і “Саюза ваяўнічых бязбожнікаў СССР”», – адзначыў Мікалай Барысенка. – Спецыялісты ўстанавілі, што членскі білет «Асаавіяхім» выдалі ў Клімавічах у 1938 годзе Сямёну Якаўлевічу Дрышчанку 1914 года нараджэння, які ўсе пасляваенныя гады лічыўся зніклым без вестак».

Як стала вядома з загада начальніка ўпраўлення РК міліцыі НКУС БССР за 1940 год, копія якога захоўваецца ў Магілёўскім інстытуце МУС, да вайны ён служыў у Клімавіцкім РАУС, а ў 1940 годзе быў накіраваны на вучобу ў мінскую школу РКМ, у якую быў залічаны курсантам з 20 студзеня 1941 года. «З пачатку вайны ён разам з курсантамі школы прыбыў у Магілёў і ў ліпені загінуў пры абароне горада, – удакладніў Мікалай Барысенка. – Падчас экспедыцыі астанкі курсанта Сямёна Дрышчанкі, прадметы рыштунку і амуніцыі падняў з траншэі 1941 года пошукавік клуба «Віккру» Ілья Трыханаў».

Зараз пошукавікі, Магілёўскі інстытут МУС і УУС Магілёўскага аблвыканкама праводзіць вышук родных і блізкіх загінулага міліцыянера.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая