RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Усё, што робіцца для развіцця адукацыі ў нашай вобласці, у краіне, робіцца для будучыні Беларусі – Леанід Заяц

Прыярытэтныя напрамкі сістэмы адукацыі Магілёўшчыны – выхаванне і развіццё асобы – абмеркавалі сёння падчас правядзення абласной канферэнцыі педагагічных работнікаў.

У маштабным форуме прынялі ўдзел старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Леанід Заяц, яго намеснік Валерый Малашка, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык, міністр адукацыі Ігар Карпенка, пракурор Магілёўскай вобласці дзяржаўны саветнік юстыцыі 3 класа Аляксандр Чадзюк, архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній, старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі, кандыдат багаслоўя протаіерэй Фёдар Поўны, першы народны настаўнік Рэспублікі Беларусь, настаўнік фізікі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Валерый Барашкаў, і, вядома, педагагічная грамадскасць рэгіёна.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц адзначыў, што ў Магілёўскай вобласці прымаюцца ўсе неабходныя меры, каб сфера адукацыі рэгіёна адпавядала самым сучасным патрабаванням. Для гэтага маецца неабходная матэрыяльна-тэхнічная база, кваліфікаваныя педагагічныя кадры, вырашаюцца праблемы малакамплектных школ і наяўнасці месцаў у дзіцячых садках.

Так, да пачатку навучальнага года адкрыецца новая школа ў горадзе Бабруйску. Пасля капітальнага рамонту дзяцей прымуць сярэднія школы ў Клімавічах, Слаўгарадзе і аграгарадку Лапацічы Слаўгарадскага раёна, аграгарадку Аўсянка Горацкага раёна. Акрамя таго, будуць уведзены ў эксплуатацыю тры дзіцячыя садкі: на 240 месцаў у Бабруйску, на 200 месцаў у Магілёве і на 50 месцаў у Шклове.

«Усё, што робіцца для развіцця адукацыі ў нашай вобласці, у краіне, робіцца для будучыні Беларусі. Без сумнення – гэта правільныя і патрэбныя інвестыцыі», – адзначыў Леанід Заяц.

Па словах старшыні Магілёўскага аблвыканкама, сучасная беларуская сістэма адукацыі функцыянуе стабільна. Яна рэалізуе права кожнага дзіцяці на годнае і якаснае навучанне, фізічнае і духоўнае развіццё: «Але ёсць рэзервы, якія неабходна задзейнічаць. Бо веды, культура і духоўнасць – гарантыя стабільнасці і росквіту дзяржавы. А разумныя, адукаваныя грамадзяне – яе падмурак і апора нашай краіны».

На думку Леаніда Зайца, сучасныя школы павінны не толькі даваць веды, але і выхоўваць: «Настаўнік павінен быць духоўным настаўнікам. Неабходна з ранняга ўзросту гадаваць сапраўдных грамадзян і патрыётаў, людзей з моцным унутраным стрыжнем, якія гатовы ў любы момант стаць на абарону блізкага, а ў будучыні – на абарону краіны. З дзіцячага садка і першага класа школы дзецям трэба прывіваць гонар за Беларусь, за наша мінулае і сучаснасць».

Выступаючы перад прысутнымі, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Андрэй Заблоцкі акцэнтаваў увагу на тое, што статус настаўніка – гэта перш за ўсё яго аўтарытэт: «Усё залежыць ад асобы, характару, кампетэнтнасці і прафесіяналізму самога педагога. Нам патрэбны адукаваныя, маральныя педагогі, здольныя самастойна прымаць адказныя рашэнні ў сітуацыі выбару. Яны павінны адрознівацца канструктывізмам, валодаць развітым пачуццём адказнасці за лёс дзяцей і краіны ў цэлым».

Гаворачы аб выніках вучэбнай дзейнасці за мінулы год, Андрэй Заблоцкі адзначыў станоўчую дынаміку: «Амаль 70% школьнікаў маюць высокі і дастатковы ўзроўні ведаў. Сярэдні бал атэстата 8,5 балаў і больш мае 35% выпускнікоў сярэдняй школы. Вынікі цэнтралізаванага тэсціравання паказалі, што ў цэлым па вобласці ўзровень адукацыйнай падрыхтоўкі навучэнцаў павысіўся па 9 з 14 вучэбных прадметаў. Стабальны вынік атрымаў 21 выпускнік. Стабільна на высокім узроўні на працягу апошніх гадоў навучэнцы выступаюць на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У 2021 годзе каманда Магілёўскай вобласці заваявала 81 дыплом (36% ад агульнай колькасці ўдзельнікаў). У заключным этапе рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару навучэнцаў па вучэбных прадметах школьнікі Магілёўшчыны ўдастоены 15 дыпломаў».

Абмяркоўваючы задачы на перспектыву, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама вылучыў асноўныя: выхаванне патрыёта сваёй краіны, які паважае традыцыі і каштоўнасці беларускага народа, з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, здольнага супрацьстаяць выклікам і рызыкам; павышэнне якасці адукацыі; забеспячэнне здароўезберагальнага працэсу ва ўстановах адукацыі; фарміраванне ў навучэнцаў адказных і бяспечных паводзін; а таксама ўмацаванне і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы і стварэнне бяспечных умоў ва ўстановах адукацыі.

Падводзячы вынікі педагагічнай канферэнцыі, міністр адукацыі Ігар Карпенка падкрэсліў, што сёння ў кожнай вобласці абмяркоўваюцца ўсе новаўвядзенні, якія ў хуткім часе будуць прапісаны ў абноўленым Кодэксе аб адукацыі.

Падчас канферэнцыі найлепшыя спецыялісты сферы адукацыі рэгіёна былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і падзякамі абласнога Савета дэпутатаў, абласнога выканаўчага камітэта, Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а таксама нагруднымі знакамі «Выдатнік адукацыі».

Галіна Гаўрыловіч, фота аўтара

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая