RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Як магілёўская служба занятасці праводзіць для моладзі трэнінгі па выбары прафесіі

Адна з галоўных задач, якую ставяць перад сабой арганізатары, – пашырыць уяўленне дзяцей аб існуючых прафесіях, тым самым павысіўшы іх шанцы быць запатрабаванымі на рынку працы, расказала старшы інспектар аддзела прафесійнай арыентацыі і прафесійнага навучання ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарвыканкама Наталля Коўрык:

– Далёка не ўсе школьнікі ведаюць, кім хочуць быць. Распаўсюджаная сітуацыя: атрымліваюць адукацыю, а потым не могуць знайсці працу па профілі ці не бачаць сябе канкрэтна ў дадзеным кірунку. Мы дапамагаем выявіць прафесійную цікавасць і схільнасці, асобасныя адметнасці.

Як і чакалася, трэнінг у большай ступені зацікавіў старшакласнікаў і непрацоўную моладзь. У гульнявой форме, а таксама з дапамогай камп’ютара з імі правялі тэсціраванне па выбары спецыяльнасці. Маладыя людзі абмяркоўвалі фактары, якія варта ўлічваць пры выбары прафесіі, асаблівасці працы. Больш за ўсё іх цікавіла, як доўга неабходна вучыцца, куды можна пасля ўладкавацца, наколькі высокі ўзровень заработнай платы.

Дарэчы, многія прыйшлі на трэнінг па радзе бацькоў. Напрыклад, Уладзіслава да візіту падштурхнула мама: сын скончыў школу, але так і не ведае, кім хоча быць. Спецыялісты службы занятасці папрацавалі з хлопцам і высветлілі, што «я магу» і «я хачу» супалі. Таварыскі, з творчымі задаткамі, ён можа быць майстрам вытворчага навучання, менеджарам, псіхолагам, следчым або нават урачом. Першыя дзве прафесіі вельмі зацікавілі Улада:

– Трэба прыгледзецца да навучальных устаноў з улікам гэтай інфармацыі.

І яшчэ адна мэта трэнінгу магілёўскай службы занятасці – павышэнне прэстыжу прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Калі зазірнуць у банк вакансій, то самыя запатрабаваныя ў Магілёве зараз – повар, прадавец, электраманцёр і электрагазазваршчык, вадзіцель пагрузчыка. На гэтыя і многія іншыя прафесіі можна адвучыцца па спецыяльнай праграме і нярэдка – з гарантыяй працаўладкавання. Затраціў ад трох месяцаў да года (гэты час, дарэчы, залічваецца ў агульны працоўны стаж), затое на выхадзе атрымаў не толькі «корачку», але і працоўнае месца.

Наталля Коўрык запэўніла, што прафарыентацыйныя трэнінгі праводзяцца ў Магілёве рэгулярна:

– А атрымаць кансультацыю ў нас можна ў любы дзень.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая