RU BY EN 中文
Twitter Instagram

За Кірылу Арлоўскага белапалякі прапаноўвалі вялікую ўзнагароду, але ён заставаўся няўлоўны

У калгас «Рассвет імя К. П. Арлоўскага», што ў Кіраўскім раёне, у савецкія часы прыязджалі экскурсіі з усёй велізарнай краіны. Людзі хацелі паглядзець на гаспадарку, якая дамаглася небывалых вынікаў. Толькі адзін факт: у Савецкім Саюзе «Рассвет» быў першым сельгаспрадпрыемствам, якое зарабіла мільён рублёў чыстага прыбытку. І поспехаў яно дамаглося дзякуючы свайму легендарнаму кіраўніку Кірылу Пракопавічу Арлоўскаму.

Калгас быў шматгаліновым. Тут пабудавалі пасёлкі з дамоў гарадскога тыпу, Палац культуры, бібліятэку, крухмальны завод, пякарню, лазню, сталовую, крамы і першы ў рэспубліцы ўласны санаторый. Да палёў, фермаў і вёсак праклалі асфальтаваныя дарогі. На будаўніцтва новай школы старшыня ўнёс некалькі тысяч рублёў з уласных зберажэнняў. Кіраваць «Рассветам» Кірыл Пракопавіч пачаў пасля цяжкага ранення, у выніку якога застаўся без рук. Кватэра ў Маскве і ваенная пенсія не задавальнялі дзейную натуру. Вось і папрасіў Сталіна даць яму пад пачатак калгас у роднай вёсцы. А да гэтага Арлоўскі прайшоў доўгі баявы шлях. Удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі, савецкі разведчык у Кітаі, кіраўнік партызанскага атрада ў час Вялікай Айчыннай вайны. Унёс Кірыл Пракопавіч і свой уклад з барацьбу з белапалякамі.

Кирилл Орловский в колхозе «Рассвет».

Дзёрзкія аперацыі партызан

У сакавіку 1921 года РУ пачало стварэнне і перакідку на тэрыторыю захаду нашай краіны атрадаў спецыяльна навучаных байцоў для арганізацыі масавага ўзброенага супраціўлення польскім уладам. Меркавалася, што гэтыя злучэнні стануць ядром усенароднага партызанскага руху на акупаваных землях, які ў перспектыве прывядзе да іх вызвалення. Падобная дзейнасць атрымала назву «Актыўная разведка». Яна была настолькі старанна заканспіраваная, што пра яе не ведалі нават органы АДПУ.

Партызанскі рух у Беларусі пачаўся летам 1921 года. Камандзірамі атрадаў былі Кірыл Арлоўскі і Станіслаў Ваўпшасаў. Вось якія звесткі аб злучэннях пад іх камандаваннем прыводзяцца ў кнізе «Імперыя ГРУ. Нарысы гісторыі расійскай ваеннай разведкі»(Масква, Выд-ва «ОЛМА-Прэс», 2000 г.):

«З красавіка па лістапад 1924-га партызаны правялі 80 буйных баявых аперацый. Самая вядомая з іх –у горадзе Стоўбцы. Тут у ноч з 3 на 4 жніўня 54 партызаны разграмілі гарнізон і чыгуначную станцыю. А заадно староства, павятовае ўпраўленне паліцыі, гарадскі паліцэйскі ўчастак. З мясцовай турмы (якую папярэдне захапілі) вызвалілі кіраўніка ваеннай арганізацыі Кампартыі Польшчы Станіслава Скульскага і кіраўніка Кампартыі Заходняй Беларусі Паўла Корчыка. Гэта, дарэчы, і з’яўлялася галоўнай мэтай дзёрзкай аперацыі. Было забіта восем паліцэйскіх і трое параненыя.

24 верасня 17 партызан з атрадаў Арлоўскага і Ваўпшасава, зладзіўшы засаду на ўчастку Парахонск–Лоўча па чыгуначнай лініі Брэст–Лунінец, напалі на цягнік. У ім яны схапілі ваяводу Палесся Даўнаровіча. Партызаны не сталі яго расстрэльваць –проста выхвасталі пугай. Пасля чаго прылюдна зганьбаваны Даўнаровіч быў вымушаны падаць у адстаўку. Партызаны таксама захапілі пошту і раззброілі салдат і афіцэраў, якія ехалі ў цягніку. У гэты ж дзень былі разгромлены маёнтак «Юзэфаў» у Пінскім павеце і маёнтак «Дукшты» Свянцянскага павета.

 

 

У ноч з 2 на 3 кастрычніка 1924 года 30 чалавек разграмілі маёнтак і паліцэйскі ўчастак у Кажан-Гарадку. 14 кастрычніка спалілі чыгуначны мост у Нясвіжскім павеце. Аднак не ўсе дзеянні партызан можна назваць беспамылковымі і ўдалымі. Адчувальныя страты атрады панеслі ў пачатку лістапада 1924-га. 3 лістапада 35 партызан захапілі цягнік на чыгуначнай лініі Брэст–Баранавічы. Пры гэтым яны забілі аднаго і паранілі паліцэйскага і двух афіцэраў. У пагоню было кінута больш за тысячу чалавек. 6 лістапада акружаныя партызаны з боем прарвалі ачапленне і сышлі. Аднак у ноч з 12 на 13 лістапада 16 чалавек схапілі, з іх чацвярых расстралялі, а чацвярых прысудзілі да пажыццёвага зняволення.

Дзеянні Арлоўскага і Ваўпшасава настолькі моцна трывожылі польскае кіраўніцтва, што яно абвясціла вялікую ўзнагароду за іх. Прэзідыум ваяводства Польскага абяцаў 10 мільярдаў марак за злоў «бандыта Мухі-Міхальскага» (гэта адзін з псеўданімаў Кірыла Арлоўскага). Узнагарода да 5 мільярдаў марак была абяцана таму, хто дасць адпаведную інфармацыю органам паліцыі і будзе спрыяць злову згаданага бандыта.

У 1925 годзе савецкае кіраўніцтва аддало ўказанне атрадам спыніць «партызанскія метады барацьбы і сканцэнтраваць усе намаганні на арганізацыйна-масавай працы сярод сялян». У чэрвені 1925-га атрады былі расфарміраваныя, частка партызан перабралася ў БССР, другая ж засталася ў Польшчы, пераехаўшы на жыхарства ў аддаленыя ад родных месцаў паветы.

Вінтоўка і плуг

Для Арлоўскага ж пасля камандавання партызанскім атрадам была вучоба ў Камуністычным універсітэце нацыянальных меншасцей Захаду імя Мархлеўскага, дзе рыхтавалі палітычных работнікаў. Потым –служба ў асобым аддзеле НКУС БССР, дзе займаўся падборам і падрыхтоўкай чырвонапартызанскіх кадраў на ваенны час. Па сутнасці, выкарыстаў велізарны вопыт, атрыманы падчас камандавання партызанскім атрадам у Заходняй Беларусі. Пазней была Іспанія, разведработа ў Кітаі, падчас Вялікай Айчыннай –камандаванне партызанскім атрадам. Тады ў адным з баёў Арлоўскі быў цяжка паранены.

Падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі Арлоўскі тыдзень жыў у Мадрыдзе ў адным гатэлі з Хэмінгуэем, меў зносіны з ім. У выніку стаў прататыпам Роберта Джордана ў рамане «Па кім звоніць звон». Кірыл Пракопавіч стаў правобразам галоўнага героя фільма «Старшыня», знятага ў 1964 годзе аб тым, як франтавік вяртаецца ў родную вёску аднаўляць раскіданую калектыўную гаспадарку.

Памёр Кірыл Пракопавіч 13 студзеня 1968 года. Пасля яго смерці калгас «Рассвет» стаў называцца яго імем. Акрамя таго, імя Арлоўскага носяць школа ў Кіраўску, вуліцы ў Магілёве, Бабруйску, Клецку. У Мышкавічах –цэнтральнай сядзібе «Рассвета»– устаноўлены бюст, ля падножжа якога два сімвалы лёсу Кірыла Арлоўскага: вінтоўка і плуг.

 

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая