RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Жыхарцы Магілёўскага раёна вярнулі страчаную ўзнагароду

Ордэн Славы III ступені праз 73 гады пасля вайны вярнуўся ў сям’ю Кузьмы Куксянкова.

Узнагороду, якую жыхар вёскі Нядашава Магілёўскага раёна атрымаў у маі 1945-га года, урачыста перадаў дачцэ Кузьмы Цімафеевіча кіраўнік Магілёўскага абласнога пошукавага клуба «Віккру», вядомы гісторык і пошукавік Мікалай Барысенка. Аляксандра Кузьмінічна на пенсіі, яе бацькі даўно ўжо няма сярод жывых. Але яна ведае пра яго гераічнае мінулае. Пра тое, што ў гады Вялікай Айчыннай Кузьма Цімафеевіч быў наводчыкам гарматы Гданьскага Чырванасцяжнага палка 330-й Магілёўскай Чырванасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава стралковай дывізіі:

– Першы раз ён быў прызваны ў рады Чырвонай арміі 23 чэрвеня 1941 года. Вызваляючы радзіму, дайшоў да Масквы, дзе трапіў у палон. Збег, пешшу вярнуўся на Магілёўшчыну, у роднае сяло Нядашава. Але прабыў з роднымі нядоўга, каля тыдня, пасля чаго пайшоў у партызаны.

Другі раз у рады Чырвонай арміі Куксянкова прызвалі 1 ліпеня 1944 года, а 1 жніўня быў накіраваны ў Гданьскі Чырванасцяжны полк, які ў чэрвені 1944-га вызваляў Магілёўскую вобласць і раён.

На полі ля сяла Быстрык, што непадалёк ад Нядашава, восенню 2017 года і знайшлі пошукавікі ордэн Славы. Затым адшукалі ўзнагародны ліст, па якім змаглі ўстанавіць імя героя. Для родных Куксянкова вяртанне ордэна, пра які яны нават не ведалі, у сям’ю стала сапраўдным святам. А вось як ён апынуўся на раллі, – па сённяшні дзень загадка. Можа, сам ветэран, вяртаючыся з параду, яго згубіў?

Па словах Мікалая Барысенкі, за ўсю 25-гадовую гісторыю іх клуба, такіх вось згубленых ордэнаў знайшлі ўсяго 3:

– Наогул падняць падчас раскопак ордэн – вялікі поспех. На месцах баёў, дзе палегла нямала безыменных герояў, за ўсе гады працы мы выявілі толькі з дзясятак узнагарод. Пасля па іх змаглі ўстанавіць імёны герояў, якія не вярнуліся з вайны.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая