RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Беларускі народ, маючы за плячыма слаўную, але ў той жа час цяжкую і кровапралітную гісторыю, здольны вучыцца на чужых памылках – Сяргей Сыранкоў

Некаторыя СМІ ўжо спрабуюць падаць наш зварот як просьбу, што ў корані няправільна. Дэпутаты, як законныя прадстаўнікі беларускага народа, не просяць, а цвёрда дэкларуюць сваю пазіцыю – толькі беларускі народ будзе вызначаць свой лёс, шляхі развіцця сваёй краіны. Такое меркаванне выказаў Сяргей Сыранкоў – член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах, сакратар ЦК КПБ па пытаннях ідэалогіі, каментуючы прыняты дэпутатамі і членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу зварот да міжнароднай супольнасці ў сувязі з сітуацыяй вакол Беларусі.

– Я на свае вочы пераканаўся, чым можа абярнуцца для краіны замежнапалітычны ціск. Па запрашэнні сірыйскага парламента з’яўляўся міжнародным назіральнікам ад Рэспублікі Беларусь за выбарамі Прэзідэнта Сірыйскай Арабскай Рэспублікі, якія прайшлі 26 мая 2021 года. Гэта краіна падвергнулася беспрэцэдэнтнаму палітычнаму ціску звонку. За лічаныя тыдні ў краіне была развязана грамадзянская вайна, якая прывяла да пакут народа, знішчэння гісторыка-культурных каштоўнасцей, разбурэння духоўных асноў. Ні адзін разважлівы чалавек не хоча такой будучыні для сваёй краіны. Але разам з тым сірыйскія падзеі – прыклад стойкасці, сапраўднага патрыятызму народа, які згуртаваўся на чале з Прэзідэнтам дзеля выратавання сваёй Радзімы, – працягнуў дэпутат.

Таксама ён выказаў упэўненасць у тым, што беларускі народ, маючы за плячыма слаўную, але ў той жа час цяжкую і кровапралітную гісторыю, здольны вучыцца на чужых памылках. Беларусы ўмеюць здабываць урокі з гісторыі і не дапусцяць далейшай эскалацыі канфлікту. Больш за тое, усе спробы дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне робяць адваротны эфект. Яны спрыяюць паступовай, але ўпэўненай кансалідацыі грамадства. Але цаной гэтаму не павінна стаць «знішчэнне» працоўных калектываў, прадпрыемстваў і, у цэлым, разбурэнне эканомікі.

– Спадзяюся, што сусветная супольнасць праявіць салідарнасць з нашай краінай у адстойванні суверэннага права Беларусі самастойна вызначаць свой шлях развіцця на аснове захавання прынцыпаў добрасуседства, міру і бяспекі. Сёння ўсім нам варта прыкласці ўсе сілы, каб вярнуцца да адказнага і канструктыўнага ўзаемадзеяння, – рэзюмаваў Сяргей Сыранкоў. – Толькі ў гэтым выпадку ёсць магчымасць выканаць прынцыпы і нормы міжнароднага права ў самым цэнтры Еўропы, якая і так перажывае цэлую чараду крызісаў – міграцыйны, эканамічны, пандэмію COVID-19. На гэта, у ліку іншага, і звяртаецца ўвага ў звароце.

mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая