RU BY EN 中文
Twitter Instagram

На мадэрнізацыю малочна-таварнага комплексу ў Магілёўскім раёне выдзелена каля Br5,7 млн

На мадэрнізацыю малочна-таварнага комплексу ў вёсцы Коцні Магілёўскага раёна выдзелена каля Br5,7 млн. Пра гэта расказаў намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі філіяла «Вендарож» РУП «Магілёўэнерга» Анатоль Капашылаў.

«На тэрыторыі нашага філіяла працуюць два малочна-таварныя комплексы, – адзначыў Анатоль Капашылаў. – Сёння ідзе рэканструкцыя аднаго з аб’ектаў, які дастаўся гаспадарцы ў 2018 годзе пасля далучэння прадпрыемства КСУП «Барок-агра». Нягледзячы на тое, што комплекс пабудаваны параўнальна нядаўна, у 2015 годзе, у ім не быў прадугледжаны поўны цыкл вытворчасці ад нараджэння цялят да вырошчвання і атрымання малочнай прадукцыі».

На момант перадачы комплексу гаспадарцы на яго тэрыторыі размяшчаліся ўсяго два жывёлагадоўчых памяшканні. Гэта выклікала пэўныя нязручнасці: напрыклад, нованароджаных цялят даводзілася перавозіць на ўтрыманне і дарошчванне за 20 км у суседні МТК у Вендараж. Для філіяла гэта было клапотна і затратна, а для жывёл стрэсава.

Пасля рэканструкцыі на тэрыторыі комплексу ў вёсцы Коцні з’явіцца пяць жывёлагадоўчых памяшканняў. Іх увод у эксплуатацыю дазволіць запусціць вытворчасць закрытага тыпу, якая будзе ўключаць ўсе асноўныя этапы догляду і вырошчвання жывёл, у тым ліку нараджэнне, выкормліванне і ўвод у асноўны статак.

Паводле праекта, комплекс уключае два кароўнікі, дзе размесціцца дойны статак, цэх сухастойных кароў і няцеляў на 200 месцаў, цялятнік-прафілакторый на 200 месцаў з асобнымі боксамі. Таксама ў комплекс увойдзе радзільнае аддзяленне з цэхам для раздою на 160 галоў, які будзе абсталяваны даільнай устаноўкай «Паралель». Абсталяванне дазволіць праводзіць комплексны ўлік малака ад кожнай каровы, ідэнтыфікацыю жывёл у зале, сістэматызацыю фізіялагічных змен у іх стане.

«Да рэканструкцыі ў комплексе ўтрымліваліся 528 кароў, – сказаў Анатоль Капашылаў. – Рамонтныя работы скончацца ў кастрычніку і дазволяць павялічыць дойнае пагалоўе мінімум на 120 жывёл, дзякуючы чаму ў МТК ужо ў пачатку наступнага года будуць атрымаюць на 2 т малака ў суткі больш: з 8,6 т да 10,6 т – эканамічны эфект відавочны і адчувальны».

Комплекс будзе абсталяваны найноўшай тэхнікай і абсталяваннем, на закупку якіх выдзелена Br680 тыс. Ужо набыты кормараздаччык, трактар і камбікармавоз, даільнае абсталяванне і малочныя танкі-ахаладжальнікі для ўладкавання малочнага блока для раздою. Для догляду цялят закуплены пастэрызатары і малочнае таксі.

«Такое абсталяванне значна спросціць ручную прауцу, – сказаў на заканчэнне намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі. – Напрыклад, раней, каб выпаіць цяля, цялятніцы насілі малако ў вёдрах. Зараз, дзякуючы тэхналогіі «малочнае таксі» працэс будзе аўтаматызаваны. Калі з малочным таксі 200 галоў абслугоўваюць максімум чатыры цялятніцы, то без яго – шэсць».

У новым МТК будзе задзейнічана 19 работнікаў: дзевяць даярак, чатыры жывёлаводы, чатыры цялятніцы і два механізатары. Па словах Анатоля Капашылава, гэта аптымальны варыянт для эфектыўнага функцыянавання вытворчасці закрытага цыкла.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая