RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці на рэферэндум акрэдытавана ўжо больш за 5,8 тыс. назіральнікаў

У рэгіёне на рэферэндум акрэдытавана ўжо больш за 5,8 тыс. назіральнікаў. Пра гэта расказаў журналістам старшыня Магілёўскай абласной камісіі па рэферэндуме Валерый Берастаў.

«Участковыя камісіі, пачаўшы сваю працу, атрымалі спісы ўдзельнікаў рэферэндуму, выверылі іх і за 15 дзён да рэферэндуму прадставілі для азнаямлення грамадзянам. Кожны ўдзельнік рэферэндуму можа прыйсці на ўчастак для галасавання і паглядзець, ці правільна ўнесены даныя аб ім.

Таксама з пачаткам працы камісіі ўсіх узроўняў, пайшла акрэдытацыя назіральнікаў, – растлумачыў Валерый Берастаў. – У абласной камісіі іх акрэдытавана на сёння 6, у тэрытарыяльных і ўчастковых камісіях – больш за 5,8 тыс. Гэта лічба не канстантная, акрэдытацыя назіральнікаў будзе працягвацца да дня рэферэндуму і непасрэдна ў сам гэты дзень – 27 лютага. Калі грамадзянін прыйшоў з адпаведным правільна аформленым дакументам, камісія яго акрэдытуе, і ён атрымае ўсе правы і абавязкі назіральніка.

Стаць назіральнікам можа кожны грамадзянін шляхам падачы заявы, сабраўшы пэўную колькасць подпісаў удзельнікаў рэферэндуму. Маюць права вылучыць назіральніка палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні і працоўныя калектывы. На сёння звыш 4 тыс. акрэдытаваных у Магілёўскай вобласці назіральнікаў – прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, па 700 з невялікім чалавек – вылучэнцы працоўных калектываў і грамадзяне, якія падалі заявы».

Таксама старшыня абласной камісіі нагадаў, што ў адпаведнасці з каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў, які распрацавала і зацвердзіла Цэнтральная выбарчая камісія, да 1 лютага былі ўтвораны ўчасткі для галасавання. Іх у вобласці 707, у тым ліку 32 – у медустановах, якія аказваюць медпаслугі ў стацыянарах. 6 лютага былі ўтвораны ўчастковыя камісіі. Іх роўна столькі, колькі ўчасткаў для галасавання. У склад участковых камісій увайшло каля 7,5 тыс. чалавек, усяго ж у камісіях усіх узроўняў, участковых і тэрытарыяльных, каля 8 тыс. чалавек.

«Сёння ўпершыню наведалі Магілёўскую вобласць прадстаўнікі доўгатэрміновай місіі назіральнікаў ад СНД, – расказаў Валерый Берастаў. – Чакаецца, што бліжэй да рэферэндуму прыедзе група кароткатэрміновых назіральнікаў. Пакуль іх склад і колькасць невядомыя. Назіральнікі запрашаюцца толькі на пасяджэнне камісіі і ў перыяд галасавання, іх місія такая. Тэрытарыяльныя камісіі працуюць паводле зацверджанага графіку, у ліку іншага цяпер яны прымаюць грамадзян для азнаямлення са звесткамі ў спісах удзельнікаў рэферэндуму. Днямі яны атрымаюць усю неабходную для працы падчас галасавання дакументацыю: і бюлетэні, і пратаколы».

Юлiя Таранава

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая