RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Адкрыты дыялог «Захаваем любімую Беларусь!» прайшоў у Магілёве

Адкрыты дыялог «Захаваем любімую Беларусь!» 23 лютага сабраў на базе МДУ імя А. А. Куляшова каля 130 маладых людзей, большасць з якіх упершыню атрымалі магчымасць прыняць удзел у галасаванні. У дыскусійнай пляцоўцы таксама паўдзельнічалі рэктар МДУ імя А. А. Куляшова Дзяніс Дук, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання ад Магілёўскай вобласці Алег Дзячэнка, нам. начальніка ўпраўлення па працы са СМІ і маладзёжнай палітыкі Магаблвыканкама Таццяна Меншыкава, дырэктар рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі Магілёўскай вобласці Наталля Станкевіч, першы сакратар Магілёўскага абласнога камітэта БРСМ Уладзімір Паўлоўскі.

Прадстаўнікі студэнцкай моладзі вышэйшых навучальных устаноў абмеркавалі з экспертамі змены і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, атрымалі магчымасць выказаць сваё меркаванне, а таксама задаць пытанні, якія цікавяць.

Пра асаблівасці правядзення рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь, ролі рэферэндуму ў жыцці беларускага грамадства расказаў моладзі Алег Дзячэнка. Таксама ён падзяліўся меркаваннем аб праекце абноўленай Канстытуцыі:

«Гэтыя нормы будуць вызначаць жыццё нашага грамадства, нашай дзяржавы ў найбліжэйшыя некалькі дзясяткаў гадоў. І сённяшняя моладзь, каму сёння 18–20 гадоў, будзе жыць па тых законах, што выпрацуюць на падставе Канстытуцыі. Таму маладым людзям вельмі важна сёння падтрымаць той праект змяненняў і дапаўненняў, які абараняе іх інтарэсы. Тым больш што ў ім знайшлі адлюстраванне тыя нормы, якія захоўваюць такія сацыяльныя гарантыі, як бясплатная адукацыя, бясплатнае медыцынскае абслугоўванне. Больш таго, асобны артыкул прысвечаны выключна падтрымцы моладзі, стварэнню эфектыўных умоў для яе развіцця, рэалізацыі творчага патэнцыялу. Таму я запрашаю ўсіх прыняць удзел у галасаванні і разам вызначыць будучыню нашай краіны, нашага грамадства і нашага народа».

Звяртаючыся да студэнтаў, Дзяніс Дук адзначыў, што яны яшчэ толькі пачынаюць свой шлях, на якім не аднойчы прыйдзецца праяўляць сваю грамадзянскую пазіцыю і прымаць удзел у выбарчых кампаніях рознага ўзроўню. Аднак сёлетні выбар, які трэба тым, у прыватнасці, хто будзе галасаваць упершыню, самы галоўны, таму што ён вызначае, якую будучыню яны бачаць для сябе.

«З вялікім задавальненнем канстатую той факт, што моладзь у нас сапраўды актыўная. І для большасці неабыякавы лёс краіны і тыя змены ў Канстытуцыю, якія плануецца прыняць на рэспубліканскім рэферэндуме, – падкрэсліў рэктар. – Моладзь удзельнічала ў дыялогавых пляцоўках па абмеркаванні тых абнаўленняў, якія былі выпрацаваны Канстытуцыйнай камісіяй на розных этапах. Варта адзначыць, што хлопцы і дзяўчаты не проста прыходзілі паслухаць, яны ішлі з канкрэтнымі пытаннямі і прапановамі, было відаць, што ўважліва вывучалі праект. Глыбіня прапрацоўкі некаторых частак дзівіла – асобныя з пытанняў я асабіста слухаў з гонарам за наша новае пакаленне».

Падзяліліся думкамі і самі маладыя. Так, другакурсніца МДУ імя А. А. Куляшова Аляксандра Лучкова галасаваць будзе ўпершыню:

«Лічу, што гэта вельмі важна для нас і нашай краіны. Чакаю ад прыняцця абноўленага праекта Канстытуцыі станоўчых зменаў. Робячы свой выбар, я спакойная за сваю будучыню, таму што дзяржава гарантуе моладзі ўсебаковую падтрымку. Будучыня за намі, таму вельмі важна сёння прыйсці і прагаласаваць».

Яшчэ адзін студэнт гэтай ВНУ Юрый Луца выказаў упэўненасць, што змены і дапаўненні, пазначаныя ў праекце Канстытуцыі, адаб’юцца на грамадска-палітычным і культурны складніку жыцця людзей:

«Думаю, нас чакае толькі самае лепшае і цікавае наперадзе. За гэта і галасую. Для мяне, як будучага гісторыка, галоўны акцэнт – гэта гістарычная памяць, памяць аб гераічным подзвігу нашых продкаў у Вялікай Айчыннай вайне, тое, што мы павінны папулярызаваць і праслаўляць. Вядома, важна для мяне і тое, што дзяржава пасля заканчэння ВНУ гарантуе мне першае стабільнае месца працы».

Упершыню галасаваць будзе і Яфім Арлоў. Малады чалавек падзяліўся сваімі чаканнямі ад рэферэндуму:

«Канстытуцыя – гэта асноўны закон, які мае вышэйшую юрыдычную сілу. І пытанне, вынесенае на рэферэндум, прадугледжвае змены ў гэтым законе. Мне важна, што абноўлены варыянт накіраваны на падтрымку моладзі, замацоўвае патрыятызм, каштоўнасць памяці, гісторыі і культуры».

Ужо скарысталася сваім правам і ўпершыню прыняла ўдзел у галасаванні яшчэ адна студэнтка – Аліна Латочка:

«Для мяне гэта было хвалююча, але я ведаю, чаго хачу ў сваім жыцці і таму ў выбары не сумнявалася. А я хачу мірнае неба над галавой. Вядома, аднойчы ў мяне з’явіцца сям’я, і я таксама хачу адчуваць клопат і сацыяльную падтрымку дзяржавы для сваіх дзяцей. Таму ўдзел у рэферэндуме лічу важным і адказным крокам, які дапаможа агульнымі намаганнямі дамагчыся гэтых мэтаў».

Да пачатку мерапрыемства ўдзельнікі дыялогу азнаёміліся з выставачнай кампазіцыяй «Гісторыя станаўлення Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», працай маладзёжнай анлайн-прыёмнай, а таксама прынялі ўдзел у акцыі «Рэферэндуму быць!»

Таксама ў межах мерапрыемства рэгіянальны цэнтр прававой інфармацыі Магілёўскай вобласці ўзнагародзіў пераможцаў абласнога анлайн-квіза «Канстытуцыя – Сіла Асноўнага Закона».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая