RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Агракомплекс Магілёўшчыны абсталёўваецца сістэмамі GPS навігацыі, якія дазваляюць эканоміць паліва

Па навігатары – і наперад

На пасяўной магілёўскія аграрыі істотна эканомяць паліва. А ўсё дзякуючы GPS-навігацыі, якую па даручэнні старшыні аблвыканкама Анатоля Ісачанкі ўстанаўліваюць на энерганасычаную сельгастэхніку. Плюсы спадарожнікавага маніторынгу: кантроль расходу паліва і ўмоў эксплуатацыі дарагіх машын, зніжэнне выдаткаў, рашэнне лагістычных задач, павышэнне працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны.

У філіяле «Вендараж» РУП «Магілёўэнерга» GPS-навігацыю ўстанавілі яшчэ год таму. І не толькі на энерганасычаныя трактары, а на ўсю тэхніку. Навігатары грунтуюцца на сістэме глабальнага пазіцыянавання GPS, якая працуе з арбітальнымі спадарожнікамі круглыя суткі пры любым надвор’і. Так што за механізатарамі тут сочаць з космасу. Дыспетчар Галіна Навумава жартуе, што цяпер на працягу працоўнага дня кіроўцы ў яе навідавоку:

– Ужо не бывае такога, што нядбайны трактарыст адсыпаецца ў кустах, а дыспетчару паведамляе, што арэ. На маніторы бачна, у які час механізатар прыехаў на поле, ці не зацягнуліся перакуры. На пасяўной задзейнічалі каля паўсотні адзінак тэхнікі. Мы не толькі адсочваем сітуацыю анлайн – уся інфармацыя захоўваецца ў камп’ютары на выпадак вырашэння спрэчак. Дыспетчарам стала прасцей: можна пераправерыць па GPS прабег, сярэдні расход паліва. Дысцыпліна, відавочна, паправілася, ды і эканомія паліва відавочная.

Галоўны інжынер-механік Яўген Бялоў успамінае, што, калі больш за год таму на сельгастэхніку ўстанаўлівалі навігацыю, некаторыя механізатары спрабавалі «тэсціраваць» сістэму, але хутка зразумелі, што электроніку не перахітрыш:

– У баку, акрамя навігацыйнага блока, датчык узроўню паліва. Сістэма фіксуе зліў гаручага, на якія б хітрыкі ні пайшоў кіроўца, А GPS‑аператар гатовы даць заключэнне, ці быў зліў. Сістэма навігацыі таксама дапамагае вырашаць лагістычныя задачы: можна паглядзець, дзе якая тэхніка працуе, колькі паліва засталося ў баку, а пры неабходнасці перакінуць на новы ўчастак самую прыдатную машыну. Ва ўмовах пасяўной, калі кожная пагодлівая хвіліна на рахунку, такая аператыўнасць асабліва актуальная. Заказчыкам выступаюць аграномы, задача інжынернай службы – забяспечыць бесперабойную працу тэхнікі. Набылі два энерганасычаныя трактары, дзве дыскавыя бараны і сеялку.

Намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Магілёўскага райвыканкама Яўген Масайла адзначае, што яшчэ да даручэння абласных уладаў абсталяваць энерганасычаную тэхніку навігацыяй у сельгасарганізацыях гэты паказчык быў каля 40 працэнтаў, а цяпер ужо 87:

– Энерганасычаныя трактары за змену расходуюць па 300–400 літраў паліва, таму эфектыўныя метады кантролю даюць адчувальную эканомію. У некаторых сельгаспрадпрыемствах яшчэ раней прынялі рашэнне абсталяваць навігацыяй увесь парк тэхнікі, каб весці ўлік працоўнага часу, адсочваць маршрут машыны. Сельская гаспадарка імкнецца да аптымізацыі. І адзін з дзейсных інструментаў для зніжэння выдаткаў – сродкі палявой навігацыі. Гэта першы крок да дакладнага земляробства.

Першы намеснік старшыні райсельгасхарча Генадзь Давыдаў тлумачыць, што вядзецца ўвесь комплекс пасяўных работ розных культур, рыхтуецца і корманарыхтоўчая тэхніка – часу на разварушванне няма:

– Максімальна павялічылі клін азімых, больш пасеялі рапсу, плошчы цукровых буракоў нарасцім да 1800 гектараў. Павялічылі плошчы пад бульбу і іншыя культуры (на выпадак дэфіцыту паставак імпартнай гародніны). У нас ёсць усе рэсурсы, каб укласціся ў агратэхнічныя тэрміны: тэхніка, насенне, паліва, працоўныя рукі.

На раніцу ўчарашняга дня ў Магілёўскай вобласці раннімі яравымі збожжавымі засеяна больш за 100 тысяч гектараў – 90 працэнтаў усіх палёў. Вялікія плошчы і залішняя вільгаць у глебе негатыўна адбіліся на тэмпах работ аграрыяў Мсціслаўскага і Чавускага раёнаў. Сяўба яравых культур пераваліла за экватар – 52 працэнты. Кукурузы на зерне і сілас ў цэлым пасеяна 30 працэнтаў, вядзецца сяўба лёну, цукровых буракоў, бульбы, іншых культур. Тэрміны падціскаюць, бо не за гарамі карманарыхтоўка.

СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая