RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аляксандр Гарошкін: народная дыпламатыя, чалавечыя зносіны на міжрэгіянальным узроўні - аснова, здольная ўмацаваць фундамент развіцця нашай Саюзнай дзяржавы

Пасяджэнне Камісіі Парламенцкага Сходу саюза Беларусі і Расіі па працы, сацыяльнай палітыцы і ахове здароўя пад старшынствам Алены Афанасьевай прайшло 18 ліпеня ў Магілёве. Удзел у ім таксама прынялі член Камісіі Парламенцкага Сходу па працы, сацыяльнай палітыцы і ахове здароўя, член Камітэта Дзярждумы па развіццю Далёкага Усходу і Арктыкі Мікалай Навічкоў, Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Гарошкін, намеснік старшыні Камісіі Парламенцкага Сходу па працы, сацыяльнай палітыцы і ахове здароўя, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Ірына Касцевіч, член Камісіі Парламенцкага Сходу па працы, сацыяльнай палітыцы і ахове здароўя, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, і маладзёжнай палітыцы Валерый Малашка, прадстаўнікі профільных міністэрстваў і ведамстваў дзвюх краін.

Сярод пытанняў - арганізацыя міжрэгіянальнага супрацоўніцтва краін на прыкладзе Магілёўскай вобласці з рэгіёнамі Расіі, а таксама арганізацыйныя пытанні па правядзенню ў 2024 годзе ў Магілёве чарговага фестывалю творчасці інвалідаў Саюзнай дзяржавы «Разам мы зможам больш».

Так, у сваім выступленні перад членамі камісіі Аляксандр Гарошкін адзначыў, што Магілёўскім аблвыканкамам заключана 28 пагадненняў аб супрацоўніцтве з урадамі рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі ад Белгарадскай і Бранскай да Новасібірскай і Цюменскай абласцей, Масквы і Санкт-Пецярбурга. Найбольш актыўнае супрацоўніцтва ажыццяўляецца з прыгранічнымі Бранскай і Смаленскай абласцямі, а таксама Ленінградскай, Новасібірскай, Омскай і Астраханскай, ВАО Масквы. Цеснае супрацоўніцтва наладжана з замацаванымі рэгіёнамі - Прыморскім і Хабараўскім краем.

«Адносіны будуюцца ў рэжыме сталага дыялогу. Асноўныя напрамкі ўзаемадзеяння: гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, сфера будаўніцтва, абмен афіцыйнымі дэлегацыямі, удзел у эканамічных форумах, выставах-кірмашах, праектах у сферы культуры і адукацыі, міжнародных спартыўных мерапрыемствах, - расказаў Аляксандр Гарошкін. - Так, напрыклад, у 2023 годзе адбыліся абменныя візіты дэлегацый з Астраханскай і Бранскай абласцямі, Прыморскім і Хабараўскім краем, вынікам якіх стаў шэраг дамоўленасцей па далейшаму развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Падпісана пагадненне паміж Астраханскай і Магілёўскай абласцямі аб ажыццяўленні міжнародных і знешнеэканамічных сувязей у гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, сацыяльна-культурнай і гуманітарнай сферах. У кастрычніку мінулага года ўпершыню было арганізавана такое маштабнае мерапрыемства, як Міжнародны кааперацыйны форум па імпартазамяшчэнні, у якім прынялі ўдзел больш за сто прадстаўнікоў з 14 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, праведзены і іншыя мерапрыемствы».

Актыўна, паводле слоў кіраўніка дэпутацкага корпуса рэгіёну, прадаўжаецца супрацоўніцтва і ў гэтым годзе, у тым ліку, вядзецца работа па рэалізацыі сумесных праектаў у сацыяльнай сферы. «Так, у рамках двухбаковых дамоваў і пагадненняў выбудоўваецца ўзаемадзеянне па рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм, навукова-адукацыйных праектаў, стажыроўка, павышэнне кваліфікацыі педагагічных работнікаў і студэнтаў, навуковае кіраўніцтва аспірантамі і дактарантамі, арганізацыя і ўдзел у міжнародных навуковых канферэнцыях, выданне навучальных дапаможнікаў. За мінулыя 5 гадоў паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Магілёўскай вобласці і Расійскай Федэрацыі заключана каля 140 дакументаў аб супрацоўніцтве. Асаблівая роля ў гэтым напрамку належыць Беларуска-Расійскаму ўніверсітэту, дзе навучаюцца студэнты за кошт сродкаў Рэспублікі Беларусь і федэральнага бюджэту Расійскай Федэрацыі (ва ўніверсітэце навучаецца звыш 4,8 тыс. студэнтаў, у тым ліку 577 чалавек - за кошт сродкаў федэральнага бюджэту Расійскай Федэрацыі»).

Таксама ён расказаў, што ўзаемадзеянне ў сферы фізічнай культуры, спорту і турызму забяспечана з 30 рэгіёнамі Расіі. Візітнай карткай Магілёўшчыны з'яўляецца яе фестывальны рух. На тэрыторыі вобласці праводзіцца больш за 20 міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і рэгіянальных фестываляў і конкурсаў, у якіх бяруць удзел і расійскія рэгіёны. Адной з яркіх культурных падзей з'яўляецца Рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»), галоўныя падзеі якога праводзяцца ў ліпені ўжо на працягу 15 гадоў. Штогод свята наведваюць каля 80 тысяч гасцей. У гэтым годзе ў ім прынялі ўдзел майстры з 22 рэгіёнаў Расіі.

«Асаблівую ролю ў працэсе інтэграцыі нашых краін сёння адыгрывае моладзь, - працягнуў ён. - Геаграфічнае становішча Магілёўшчыны дазваляе развіваць сяброўскія і партнёрскія адносіны з многімі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. Гэта выяўляецца не толькі ў існуючых больш як 200 пагадненнях аб супрацоўніцтве ў сферы маладзёжнай палітыкі, але і ў сумесных маладзёжных праектах, якія рэалізуюцца па розных напрамках. Так, набірае маштаб маладзёжны міжнародны патрыятычны праект «Дарогамі Памяці і Славы», які рэалізуецца на працягу трох апошніх гадоў. У 2022 годзе хлопцы прайшлі слаўны шлях герояў-вызваліцеляў ад Хоцімска да Асіповіч, сабралі зямлю з воінскіх пахаванняў. У мінулым годзе яго ўдзельнікамі стала моладзь Магілёўшчыны і дэлегацыі моладзі з пяці рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі: Бранскай, Смаленскай, Ленінградскай, Астраханскай абласцей і Хабараўскага краю. У гэтым годзе праект прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўжо 11 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі прынялі ў ім удзел. Моладзь Беларусі і Расіі праехала дарогамі пераможцаў, сустрэлася з ветэранамі, якія цяпер жывуць, і захавала іх пасланні маладому пакаленню на «Палатне памяці».

Захаванню слаўнай гісторыі на Магілёўшчыне надаюць асаблівую ўвагу. Рэгіён мае багатыя гістарычныя традыцыі, тут адбывалася шмат яркіх падзей, якія аказалі ўплыў на ход грамадска-палітычнага развіцця ўсяго ўсходнеславянскага рэгіёна. «Такім стала і Буйніцкае поле - месца шматлікіх кровапралітных гістарычных бітваў са шведамі, французамі, немцамі. У гісторыі першага года Вялікай Айчыннай вайны абарона Магілёва па праве займае такое ж месца, як і гераічная эпапея Брэсцкай крэпасці. Менавіта тут намаганнямі і цаной жыцця чырвонаармейцаў і апалчэнцаў з ліку жыхароў горада ўпершыню быў сарваны нямецкі план бліцкрыгу - хуткай заваёвы Савецкага Саюза. Сімвалам гэтай бітвы дагэтуль з'яўляецца легендарнае Буйніцкае поле, - падкрэсліў Аляксандр Гарошкін. - З'яўляючыся знакавым месцам для ўсяго насельніцтва Магілёўскай вобласці, мемарыяльны комплекс у мірны час выкарыстоўваецца ў якасці плацдарма для правядзення самых знакавых памятных мерапрыемстваў, у ліку якіх Дзень Перамогі, Дзень памяці і смутку, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Асаблівае месца належыць мемарыяльнаму комплексу ў рабоце па патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення.

Таму з 2023 года ў раёне мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле» за сродкі абласнога бюджэту ўзводзіцца Музей Славы Магілёўскай вобласці, увод у эксплуатацыю якога запланаваны ў 2025 годзе. Асаблівасць музея ў тым, што ён будзе выконваць не толькі музейныя функцыі, але ўяўляць сабой культурна-адукацыйны, навучальны цэнтр, створаны з выкарыстаннем сучасных інтэрактыўных тэхналогій.

З мэтай захавання памяці аб подзвігу савецкага народа ў барацьбе з нацызмам і недапушчэнні спроб фальсіфікацыі гісторыі, сумесна з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь распрацаваны і накіраваны ў Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі праект Саюзнай дзяржавы «Стварэнне экспазіцыі музея на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле».

У завяршэнне Аляксандр Гарошкін падкрэсліў, што з кожным расійскім рэгіёнам у нас склаліся па-сапраўднаму дружалюбныя адносіны, адлегласць якім не з'яўляецца перашкодай: «Усё пра што я казаў, было б немагчыма без унутранай перакананасці ў нашым адзінстве. У безумоўным разуменні таго, што ў нашых дзяржаў агульны шлях. І, канешне, народная дыпламатыя, чалавечыя зносіны на міжрэгіянальным узроўні – гэта тая аснова, якая здольна ўмацаваць фундамент развіцця нашай Саюзнай дзяржавы».

Аб правядзенні ў 2024 годзе ў Магілёве фестывалю творчасці інвалідаў Саюзнай дзяржавы «Разам мы зможам больш» расказала намеснік начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама Наталля Пушнова. Вопыт правядзення дадзенага культурнага мерапрыемства, якое праходзіла ў Магілёве ў 2017 і 2022 гадах, а таксама штогадовая рэалізацыя аналагічнага абласнога праекта, паказалі, што фестываль - цудоўная магчымасць сустрэцца і пагутарыць, што вельмі важна для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Таксама гэта стала пацвярджэннем таго, што фізічная хвароба не з'яўляецца перашкодай для развіцця і самавыяўлення. Паводле інфармацыі ўпраўлення культуры аблвыканкама, за час правядзення фестывалю ў Рэспубліцы Беларусь у ім прынялі ўдзел больш за 300 прадстаўнікоў дзевяці расійскіх і ўсіх беларускіх рэгіёнаў. Яго ўдзельнікі выступалі ў дамах-інтэрнатах Магілёўскай вобласці, наведвалі майстар-класы і паказалі сябе ў конкурснай праграме.

У 2024 годзе фестываль прапануецца правесці 23-27 верасня. У мерапрыемстве запланаваны ўдзел калектываў мастацкай творчасці, асобных выканаўцаў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, самадзейных мастакоў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі ва ўзросце 18 гадоў і старэйшых: каля 120 чалавек з рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь і 180 чалавек - з Расійскай Федэрацыі. Упершыню ў рамках Фестывалю будзе арганізавана канферэнцыя «Роўныя магчымасці - роўныя правы» па абмеркаванні актуальных пытанняў, звязаных з інтэграцыяй інвалідаў у жыццё сучаснага грамадства ў сферы культуры і мастацтва.

Камісіяй разглядалася пытанне аб тым, каб фестываль стаў штогадовым і атрымаў пастаянную прапіску на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. У рэгіёне пацвердзілі гатоўнасць да такога рашэння.

«Маючы вялікі вопыт у рэалізацыі буйнамаштабных творчых праектаў, у вобласці будуць праведзены ўсе неабходныя арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы, накіраваныя на тое, каб гэты фестываль прайшоў на дастойным узроўні і ў поўнай меры адпавядаў пастаўленым мэтам, - адзначыла Наталля Пушнова. - Прапрацоўваецца пытанне па падборы валанцёраў для стварэння эмацыйна камфортных умоў, яднання ўдзельнікаў, заснаваных на ўзаемапавазе, з улікам асобасных асаблівасцей кожнага ўдзельніка.

Абласным цэнтрам народнай творчасці рэалізаваны комплекс мерапрыемстваў для даступнасці асяроддзя жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб: уваходная група аснашчана тактыльнай пліткай, апавяшчальнікамі, кнопкай выкліку персаналу, мнемасхемамі і папераджальнымі таблічкамі са шрыфтам Брайля; фае і туалеты ўстановы абсталяваны накіроўвалымі, апавяшчальнікамі, дыскрэтнымі элементамі, мнемасхемамі.

Усе мерапрыемствы фестывалю арыентаваны на захаванне гістарычнай памяці, патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, фарміраванне каштоўнасцей патрыятызму, гераізму і любові да Радзімы; захаванне нацыянальнай культуры, самабытнасці традыцый і звычаяў».

Падчас пасяджэнняў таксама абмеркавалі шэраг іншых пытанняў супрацоўніцтва і рэалізацыі праектаў у сацыяльнай сферы. Падводзячы вынік сустрэчы адзін з удзельнікаў сустрэчы Мікалай Навічкоў падкрэсліў, што на гэтым праца ў Магілёўскай вобласці не заканчваецца: «У рамках працы Парламенцкага Сходу саюза Беларусі і Расіі адным з найважнейшых пытанняў стала абмеркаванне правядзення на тэрыторыі рэгіёна «ўрадавай гадзіны», прысвечанай тэме аховы здароўя. Гэтая тэма актуальная для ўсіх - мы хочам весці здаровы лад жыцця, менш хварэць. Таму нам важна уніфікаваць заканадаўства і распрацаваць сумесныя мерапрыемствы для Расіі і Беларусі.

Яшчэ адно з пытанняў, па якім я выступіў асноўным дакладчыкам, датычылася падрыхтоўкі мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы па выбару культурнай сталіцы. Цяпер нашымі краінамі рэалізуюцца паралельныя праграмы. Так, у Расіі сёлета культурнай сталіцай выбраны Ніжні Ноўгарад, а ў Беларусі - горад Бялынічы. Цяпер мы займаемся тым, каб не падмяніць гэтыя праграмы і не ўніфікаваць іх, а пры паралельнай рэалізацыі знайсці пункты судакранання. І, спадзяюся, з 2026 года мы выйдзем на планавы паказчык рэгулярных сумесных мерапрыемстваў, якія фінансуюцца саюзным парламентам.

Праца камісіі заўсёды праходзіць рэзультатыўна, напрыклад, фестываль творчасці асоб з абмежаванымі магчымасцямі быў адноўлены па нашай ініцыятыве. І прыемна, што ён атрымае пастаянную прапіску на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. У нас увесь час з'яўляюцца новыя мерапрыемствы, якія мы ініцыюем. Вось, напрыклад, кіраўніцтва Магілёўскай вобласці выступіла з прапановай падтрымаць узвядзенне музея на Буйніцкім полі да 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. І нам важна, каб гэты аб'ект не толькі з'явіўся, а быў інтэрактыўным, з пастаянна абнаўляемай экспазіцыяй. Таму мы прыкладзем усе намаганні, каб ён фінансаваўся з саюзнага бюджэту. Паколькі для нас гэтая тэма гэтак жа важная - на тэрыторыі Расіі рэалізуюцца аналагічныя праекты. І мы актыўна іх падтрымліваем, бо гэта захаванне гісторыі, агульнай гераічнай мінуўшчыны нашых народаў, адна з асноў патрыятычнага выхавання моладзі, ад якой залежыць будучыня нашых краін».

У гэты дзень дэлегацыя таксама наведала шэраг аб'ектаў абласнога цэнтра, каб азнаёміцца з іх дзейнасцю і сістэмай працы, у іх ліку - Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, паліклініка №3, дзіцячы садок №118, абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай працы.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая