RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аляксей Талай сустрэўся з жыхарамі Расцянскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў

Вядомы матывацыйны трэнер, паралімпіец, прадпрымальнік Аляксей Талай сустрэўся з жыхарамі Расцянскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. Гаворка ішла пра няпросты лёс Аляксея, яго шляхі пераадолення цяжкасцей і дасягненні пастаўленых мэтаў.

8 мая 1999 года, калі Аляксею было 16 гадоў, адбыўся выбух. Міна часоў Вялікай Айчыннай вайны змяніла лёс маладога чалавека. У яго аднялі рукі і ногі, ледзь выжыў. Бацькі, брат, дзед, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, бабуля, сябры сталі для яго апорай у найскладанейшых выпрабаваннях. Не толькі страшны фізічны боль прыйшлося перажыць хлопцу, але і справіцца з душэўнымі пакутамі і сумненнямі.

Галоўныя пытанні: «Як жыць далей? Як прыняць сябе такога?» – не давалі яму спакою і падчас лячэння, і ў перыяд рэабілітацыі. Аляксей з падзякай успамінае ўрачоў яго роднага горада Оршы, спецыялістаў ваеннага шпіталя, бацькоў, якія знайшлі ў сабе сілы перажыць гора і падтрымаць сына. Дзед расказваў унуку, як даводзілася салдатам на фронце, калі паўсюль была смерць і ніхто не ведаў, ці выжыве у чарговым баі. А бабуля была ўпэўнена, што Бог не проста паслаў унуку такое выпрабаванне, пакінуўшы жывым. Яна пераконвала Лёшу, што ён можа і павінен дапамагчы сабе і іншым людзям. Часта прыходзілі сябры і з пятага паверха выносілі інвалідную каляску на вуліцу для прагулкі. А ён не мог падвесці дарагіх яму людзей, якія верылі ў яго. Напэўна, усё гэта разам узятае, а яшчэ ўласная дзіўная сіла духу дапамаглі Аляксею перанесці мноства аперацый, стаць прадпрымальнікам, праводзіць сустрэчы з людзьмі, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, не толькі ў Беларусі, але і ў ЗША, і Еўропе.

На жыццёвым шляху Аляксея сустрэлася нямала добрых людзей, але былі і тыя, хто не разумеў яго імкнення выкараскацца, пачаць новае жыццё, як ён кажа, у новым целе.

Аляксей гаварыў пра тое, што ўсё магчыма, калі паставіць мэту і пачаць дзейнічаць. Нельга проста гараваць і адчайвацца, неабходна шукаць шляхі стаць лепшым і дапамагчы іншым сваім прыкладам.

З вялікай цеплынёй Аляксей Талай расказаў аб сваіх дзецях, ён шматдзетны бацька, падрастаюць трое сыноў і дачка. Ён адчувае адказнасць за іх і лічыць сябе строгім бацькам, пры гэтым вельмі любіць сваю сям’ю.

Другая палова сустрэчы прайшла ў фармаце дыялогу. Прысутныя задавалі пытанні. Адно з іх тычылася спорту. Ён увайшоў у жыццё Аляксея ў 2016 годзе пасля знаёмства з паралімпійцамі і іх трэнерамі. Пачаў займацца плаваннем, быў уключаны ў склад нацыянальнай зборнай і на апошняй Паралімпіядзе ў Токіа ўстанавіў два рэкорды. А ў 2019 годзе ён быў факеланосцам II Еўрапейскіх гульняў у Беларусі.

Пыталіся і аб дабрачыннай дзейнасці. Аляксей Талай заснаваў фонд, які дапамагае не толькі людзям з інваліднасцю. Ён расказаў пра паездку ў Данбас, дзе сем гадоў ідзе вайна і дзеці, якія сёлета пайшлі ў першы клас, не бачылі мірнага жыцця. Дзесяці дзецям з раненнямі дапамаглі ў Беларусі, яшчэ 150 дзяцей з Данбаса, у якіх загінуў хто-небудзь з родных, прабылі тры тыдні ў «Зубронку». «Добрыя справы можа рабіць кожны з нас, трэба толькі жаданне», – сказаў Аляксей.

Зараз ён вядзе актыўную грамадскую дзейнасць, уваходзіць у склад Канстытуцыйнай камісіі, выступае супраць спробаў расхістаць сітуацыю ў нас у краіне.

Ён адзначыў, што ў нас дзяржава не пакідае людзей у бядзе, а ў Еўропе і ЗША многіх проста выкідваюць на вуліцу.

На развітанне Аляксей заклікаў пражываючых у доме-інтэрнаце дасылаць у Фонд свае запісы аб жыццёвых выпрабаваннях, пакінуць такое своеасаблівае пасланне моладзі, якое мала ведае і шануе тое, што мае.

Яго вельмі ўважліва слухалі і сустракалі многія словы апладысментамі. Дырэктар установы Алена Сямёнава падзякавала за цікавую і важную сустрэчу, уручыла сувенір, зроблены пражываючымі, і выпечку ад персаналу. Словы ўдзячнасці і віншаванні з Днём маці маме Аляксея сказала старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Святлана Тарасенка і начальнік абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Таццяна Гоман.

Букеты кветак, мяккія цацкі ў падарунак і, вядома, фота на памяць. Аляксей ад душы падзякаваў удзельнікам сустрэчы.

chausynews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая