RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка: фарміраванне спрыяльнага бізнес-асяроддзя – гэта таксама бізнес, толькі з боку дзяржавы

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка правёў сустрэчу з прадпрымальнікамі рэгіёна. Удзельнікамі мерапрыемства стала 150 прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу, індывідуальныя прадпрымальнікі, фермеры, уладальнікі аграсядзіб. Сход дзелавых колаў накіраваны на каардынацыю працы гэтых суб’ектаў і стварэнне выгадных умоў для ўзаемадзеяння з дзяржсектарам.

– Сустрэча гаворыць аб маёй асаблівай увазе да бізнес-асяроддзя, а таксама аб гатоўнасці працаваць разам – шчыра і добрасумленна, – падкрэсліў Анатоль Ісачанка. – Такі фармат абраны невыпадкова: ён дазволіць выбудаваць дыялог і абмеркаваць найбольш важныя для бізнесу пытанні. Рашэнне заснаваць сваю справу – гэта смелы і сур’ёзны крок. Фарміраванне спрыяльнага бізнэс-асяроддзя – гэта таксама бізнес, толькі з боку дзяржавы. Спачатку трэба ствараць, а потым атрымліваць плён у выглядзе падатковых паступленняў, падтрымкі бізнесам сацыяльных праектаў і ўцягнутасці ў развіццё малой радзімы.

Малы і сярэдні бізнес, упэўнены старшыня Магілёўскага аблвыканкама, стаў неад’емнай часткай эканомікі краіны. Калі гаварыць пра рэгіён, то за студзень-лістапад 2021 года суб’ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва выплачана ў бюджэт звыш 570 мільёнаў рублёў, а гэта 39 працэнтаў ад агульных паступленняў падаткаў. Гэтыя рэсурсы пайшлі на развіццё сацыяльнай сферы, перш за ўсё аховы здароўя. Малы і сярэдні бізнес дае 38 працэнтаў выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, больш 36 працэнтаў экспарту тавараў, амаль 46 працэнтаў інвестыцый у асноўны капітал і 30 працэнтаў ад агульнай колькасці працоўных у вобласці.

– Сёння як ніколі важна аб’яднаць намаганні бізнесу і дзяржсектара. У вобласці працуе шэраг буйных валаўтваральных прадпрыемстваў, якія дагэтуль значную долю сыравіны і камплектуючых завозяць па імпарце. Неабходна паглыбляць кааперацыю малых прадпрыемстваў і буйных арганізацый, павялічваць лакалізацыю вытворчасці, зніжаючы тым самым залежнасць ад знешніх фактараў. Гэта велізарнае поле для дзейнасці. З улікам беспрэцэдэнтнага знешняга ціску на нашу краіну ўзрастае роля імпартазамяшчальных праектаў. Наша сумесная задача – актывізаваць працу ў гэтым кірунку, – адзначыў Анатоль Ісачанка.

Яшчэ адзін момант, на якім спыніўся старшыня Магілёўскага аблвыканкама, – гэта арганізацыйныя і заканадаўчыя навацыі:

Бізнес – гэта мабільнае асяроддзе. Так, у пачатку наступнага года чакаем прыняцця канчатковага рашэння па зменах відаў дзейнасці, якімі змогуць займацца індывідуальныя прадпрымальнікі і самазанятыя. Плануецца змяніць падыходы і па падаткаабкладанні. Названыя нарматыўныя акты пакуль не прынятыя. Але ў адным хачу вас запэўніць: усе структурныя змены будуць укараняцца паэтапна, з улікам інтарэсаў усіх бакоў.

Анатоль Ісачанка дадаў, што рэгіёнам плануецца перадаць яшчэ больш паўнамоцтваў для прыняцця рашэнняў, у тым ліку і ў сферы бізнесу. Усе гэтыя новаўвядзенні дазволяць хутчэй вырашаць пытанні прадпрымальнікаў. Дарэчы, пра іх. Сустрэча прайшла ў форме адкрытага дыялогу, дзе кожны мог задаць хвалюючае пытанне. Да прыкладу, дырэктар Бабруйскай фірмы ТАА «Баро» Васіль Баранчук пацікавіўся аб падатковых ільготах для бізнесменаў, якія толькі адкрываюць новыя прадпрыемствы:

– Што датычыцца падаткаў на зямлю, на маёмасць... Мне здаецца, на нейкі тэрмін іх можна зняць. Выкажам меркаванне, на год, каб прадпрымальнік мацней стаў на ногі.

Анатоль Ісачанка адзначыў, што гэта правільны падыход. Але важна, каб чалавек сапраўды толькі пачынаў бізнес, а не, пастаянна змяняючы назвы, карыстаўся такімі льготамі.

Дырэктар ТАА «ВМГ Індустры» Аляксей Якаўлеў (прадпрыемства займаецца дрэваапрацоўкай) закрануў пытанне раўнапраўнага доступу да сыравіны:

– Мы не просім прэферэнцый, не шукаем спецыяльных ільгот. Гаворым пра тое, каб да той сыравіны, якая ёсць у краіне, мелі доступ. Яшчэ адна тэма – экспартныя пошліны на прадукцыю дрэваапрацоўкі. Для прадпрыемства гэта асабліва адчувальна, бо яно экспартна арыентаванае.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама паабяцаў больш дэталёва паглыбіцца ў тэму.

Кіраўнік сялянскай фермерскай гаспадаркі з Дрыбінскага раёна Уладзімір Рынг завастрыў увагу на тым, што сустрэчы старшыняў райвыканкамаў і фермераў павінны быць рэгулярнымі. Так можна даведацца, што хвалюе вытворцаў сельгаспрадукцыі. Асобная тэма – змяненне падатковага заканадаўства, размеркаванне бюджэтных сродкаў. Анатоль Ісачанка адзначыў, што ў паднятых пытаннях трэба дэталёва разбірацца. Выдатная пляцоўка для гэтага – асобная сустрэча з фермерамі, якая неўзабаве будзе арганізавана.

Дырэктар Быхаўскага фонду «Устойлівы рэгіён» Раман Мельнікаў спыніўся на развіцці Чыгірынскага турыстычнага кластара, куды цяпер уваходзіць 14 аграсядзіб. Там неабходна падцягнуць інфраструктуру, абсталяваць месцы для спуску лодак, пляжы. Старшыня Магілёўскага аблвыканкама адобрыў ідэю, бо Чыгірынскае вадасховішча – жамчужынка Магілёўскай вобласці. І прапанаваў зрабіць гэта талакой, прыцягваючы розныя крыніцы фінансавання.

У завяршэнне мерапрыемства Анатоль Ісачанка адзначыў, што такія сустрэчы будуць праходзіць рэгулярна:

– Разам мы можам выпрацаваць тактыку дзеянняў па развіцці нашага рэгіёна. Мы гатовы да супрацоўніцтва. Трэба сказаць, што бізнес прыносіць добрыя ўліванні ў бюджэт. А бюджэт вобласці – гэта адукацыя, ахова здароўя, іншыя сферы. Таму такая сустрэча напярэдадні Новага года невыпадковая: прадпрымальнікі павінны разумець, што з боку ўлады ім будзе аказана падтрымка.

СБ

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая