RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Баркалабаўскі жаночы манастыр адзначае 380-годдзе

Сёння, у вялікае свята Ушэсця Гасподняга, Баркалабаўскі жаночы манастыр у Быхаўскім раёне адзначае 380-годдзе. Боскую літургію ў манастыры ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі. Дапамагаў яму епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім. У юбілейных урачыстасцях удзельнічаў таксама старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, прадстаўнікі Быхаўскага райвыканкама, духавенства, паломнікі.

– Віншую вас са святам мясціны, якая сабрала нас, адцягнула ад жыццёвых клопатаў, – звярнуўся да прысутных мітрапаліт Веніямін. – У гэты дзень мы павінны падумаць аб нябесным, аб сваім шляху на неба. Свята Ушэсця некаторыя святыя айцы называюць па значнасці больш высокім, чым Уваскрасенне Гасподняе, свята Вялікадня. Хоць мы ўсведамляем, што Вялікдзень – гэта ўрачыстасць з урачыстасцяў. Які ж духоўны сэнс свята Ушэсця? Людзі пасля грэхападзення былі выгнаныя з Раю і былі пазбаўленыя магчымасці зносін з Богам. Гасподзь праз Ушэсце адкрыў для людзей, якія так шмат саграшылі, не толькі Рай, але і Царства нябеснае. Вось прыклад умення дараваць і любіць, у тым ліку нядобразычліўцаў. Сённяшняе свята – і знак таго, як мы беражліва ставімся да гісторыі.

З важнай датай, юбілеем мясціны, заснаванай 380 гадоў таму, гасцей павіншаваў і ўладыка Серафім. Ён нагадаў гісторыю манастыра.

На памяць ён падарыў мітрапаліту Веніяміну спіс Баркалабаўскага абраза Божай маці, выкананай у стылі старабеларускай.

Таксама ўсіх прысутных павітаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. Ён падзякаваў усім, хто займаўся аднаўленнем манастыра, за іх асабісты ўдзел у гэтай справе і павіншаваў усіх з вялікім святам.

– Для ўсіх нас царква – самае святое месца, у якім чалавек чэрпае ўнутраныя, духоўныя, маральныя сілы. Усе справы мы сёння звяраем са Усявышнім. Хацелася б падзякаваць высокаму кіраўніцтву царквы за ваш асабісты ўклад, дзяржаўную пазіцыю, якая дазволіла нас, вернікаў, праваслаўных і іншых канфесій, аб’яднаць і захаваць краіну і дзяржаву. Мы ўдзячныя за асабісты ўклад у развіццё цэркваў, у выкладанне таго, чаго часам не хапае прыхажанам. Мы павінны набрацца цярпення і разумець, што жывём у мірнай, свабоднай краіне, якую выбудавалі. Яна застанецца для нас агульным домам. Мы будзем рабіць усё, каб нашы словы не разыходзіліся з Божымі запаветамі, – дадаў Леанід Заяц.

Жаночы манастыр ля вёскі Баркалабава Быхаўскага раёна, у міжрэччы старога рэчышча Дняпра і ракі Лахвы, заснавалі ў 1641 годзе. Манастыр з багатай гісторыяй перажыў розныя часы: выкарыстоўваўся зусім не па прызначэнні пад прытулак, бальніцу, дзіцячы лагер, а потым і зусім быў разбураны. За кароткі тэрмін яго аднавілі самі сёстры на чале з ігуменняй Антоніяй Палуянавай, якія прыехалі сюды ў 2008 годзе з Аршанскага манастыра.

Сёння гэта комплекс збудаванняў з царквой, жылой зонай, трапезнай. У манастыры жыве 17 насельніц, якія трымаюць жывёлу, даглядаюць агарод, тэрыторыю. У храме знаходзіцца галоўная каштоўнасць манастыра – Баркалабаўская ікона Божай Маці, якая цудам ацалела ва ўсіх ліхалеццях. Праваслаўныя лічаць яе цудатворнай: людзі вераць, што яна вылечвае ад цяжкіх хвароб, дапамагае зацяжарыць. Па легендзе, яна сама абрала для сябе месца: абоз князя Пажарскага не мог скрануцца з месца, пакуль абраз не пакінулі ў манастыры. Сёння абраз у залатым акладзе, і яго ўпрыгожваюць каштоўныя дары ў гонар розных цудаў.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая