RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Білеты на «М@rt.кантакт-2024» – ужо ў продажы. У праграме форуму: 25 спектакляў, 6 краін-удзельніц, 8 новых тэатраў і дзіцячыя паказы

З 21 па 27 сакавіка 2024 года ў Магілёве сямнаццаты раз пройдзе Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М@rt.кантакт», заснавальнікамі якога з'яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт. Напярэдадні старту продажу білетаў у абласным драмтэатры адбылася прэс-канферэнцыя. У ёй прынялі ўдзел састаршыня аргкамітэта XVII Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму «М@rt.кантакт», намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама, член аргкамітэта Аляксандр Жыгун, дырэктар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Ірына Белякова, рэжысёр-пастаноўшчык (галоўны рэжысёр) аблдрамтэатра Каміля Хусаінава.

Традыцыйна ў рамках форуму адбудуцца паказы спектакляў беларускіх і замежных тэатральных калектываў, майстар-класы, творчыя сустрэчы, будзе арганізавана работа маладзёжнай лабараторыі. У праграме форуму - 25 спектакляў з Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Арменіі, Балгарыі і Расіі. Як адзначыў Валерый Малашка, гэтую традыцыйна чаканую культурную падзею вясны не толькі ў Магілёве, але і ва ўсёй краіне: «Ужо другі год запар аргкамітэт узначальвае міністр культуры. Што дало магчымасць форуму стаць яшчэ больш актыўна на міжнародных пляцоўках дружалюбных краін, пры ўдзеле Міністэрства культуры прыцягнуць максімальную колькасць тэатраў, якія сёння сучаснай мовай чытаюць класіку. Тых, хто цікавы тэатральнай супольнасці сваіх краін. Гэта, можна сказаць, дало трэцяе дыханне «М@rt.кантакту». У пандэмійныя два гады, на жаль, мы не маглі гэтую тэму нават абмяркоўваць. Пасля ўсё ж стартавалі, пры ўдзеле беларускіх тэатраў, каб не згасла цікавасць публікі да форуму. А ён ёсць – «М@rt.кантакт» застаецца топавым падзейным мерапрыемствам для нашага горада і ўсёй краіны. У тым ліку, гэта першая маштабная культурная падзея новага года, які аб'яўлены Годам якасці. І тут мы тым больш не маем права знізіць планку і нейкім чынам сказіць традыцыі форума. Праграма насычаная, практычна кожны дзень мяркуе па чатыры спектаклі. Цяжкая будзе праца ў журы, тэатральных крытыкаў і гледача, бо давядзецца выбіраць, якія спектаклі наведаць. Гэта будзе складана, але разам з тым у гэтым выбары таксама ёсць цікавасць і інтрыга.

Таксама мы гаворым аб тым, што цэнім і пашыраем геаграфію форума. Пры гэтым разумеем, што кожны тэатр патрабуе вызначанай сцэнічнай прасторы. Таму зараз, як і летась, мы вырашылі дадаць яшчэ адзін тэатральны дзень. Паколькі асноўную сцэнічную пляцоўку абласны драмтэатр са сваёй пастаноўкай «Жаніцьба» вырашыў саступіць для выступлення ерэванскаму - гэта правільны ўчынак сардэчнага гаспадара. І ў гэтым таксама праяўляецца асаблівая сяброўская атмасфера форуму. Чакаем сёлета вялізную колькасць артыстаў, рэжысёраў, усіх тых, хто ўдзельнічае ў пастаноўцы спектакляў. На сёння вырашаны ўсе аргпытанні. З 2 лютага ў касах даступны білеты. Усе традыцыйныя пляцоўкі актыўна задзейнічаныя».

Сёлета тэатральны форум, паводле слоў Аляксандра Жыгуна, б'е рэкорды як па папярэдняй колькасці ўдзельнікаў, так і па колькасці тэатраў. Ён таксама зазначыў: «Калі першы форум праходзіў на ўмовах 87% бюджэтнага фінансавання, то апошнія гады гэтая лічба не перавышае 40%. Людзям упадабаўся фэст, яго з нецярпеннем чакаюць. Практыка паказвае, што на асобныя пастаноўкі білеты раскупляюцца літаральна ў першыя дні продажу.

Прыемнай навінай гэтага года стане магчымасць на працягу тэатральнага тыдня па тэатральным білеце пасля спектакля наведаць перасовачную экспазіцыю музея Вялікай Айчыннай вайны. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі комплекс будзе працаваць у тэатральным скверы. Набыць білеты на пастаноўкі можна будзе як у касах, так і анлайн. Цана білетаў застаецца на ўзроўні мінулых гадоў: у межах Br25-47 - на асноўныя паказы, каля Br50 - у дні адкрыцця і закрыцця, дзіцячыя паказы абыдуцца ў Br20-30».

Ірына Белякова падкрэсліла, што праграма форуму пачынае фармавацца літаральна з ад'ездам апошняга ўдзельніка папярэдняга форуму: «Менавіта ў гэты час мы бярэмся прапрацоўваць напаўненне фестывалю наступнага года. У гэтым годзе актыўна наведвалі тэатры Расійскай Федэрацыі. Бываючы на розных форумах, знаёмімся з іншымі тэатрамі, прыглядаемся і яркія калектывы запрашаем на «М@rt.кантакт». Каля трох удзельнікаў цяперашняга форуму трапілі ў праграму менавіта так. Сапраўдным падарункам стане пазаконкурсны прэм'ерны монаспектакль ад сябра форуму, заслужанай артысткі Расіі Алены Барзовай «У разрыве аблокаў» паводле паэмы Мікалая Зіноўева «Евангелле ад каметы».

На пульсе трымае руку наш галоўны рэжысёр Каміля Хусаінава. Як знаўца ў тэатральнай справе, яна з'яўляецца асноўным складальнікам праграмы. Усе свежыя годныя пастаноўкі тут жа разглядаюцца. У арганізатараў форуму гарачая абстаноўка захоўвалася да апошняга моманту, пакуль быў зацверджаны канчатковы склад удзельнікаў. Нажаль, нашы пляцоўкі не могуць змясціць усіх жадаючых. Засталіся за бортам многія дастойныя спектаклі. Таму мы будзем выходзіць з прапановай да кіраўніцтва, каб пашырыць межы форума за межы абласнога цэнтра. У нас ёсць найлепшыя пляцоўкі ў раённых цэнтрах. Дарэчы, ужо сёлета запланаваны выезд у Бялынічы аднаго са спектакляў.

Сяргей Фядотаў, Мікалай Каляда, Генадзь Трасцянецкі, Віктар Шрайман, Аляксей Байдакоў, Алег Ягодзін – для ўсіх удзельнікаў каштоўныя зносіны з такімі прафесіяналамі. Разглядаецца магчымасць у рамках форуму вывесці іх на размову з гледачом па-за сцэнай. Традыцыйна пройдуць прэс-канферэнцыі, абмеркаванні спектакляў.

У гэтым годзе атрымалася сфарміраваць міжнароднае журы (Беларусь, Ізраіль, Кыргызстан, Расія). Старшынёй журы выступіць Віктар Шрайман - расійскі і ізраільскі тэатральны рэжысёр, акцёр, педагог, крытык. Упершыню прымуць удзел восем новых тэатраў, незнаёмых з нашым форумам. Наш абласны драмтэатр у рамках форуму пакажа спектакль «Жаніцьба» паводле аднайменнай п'есы Мікалая Гогаля. Зараз над пастаноўкай працуе запрошаны рэжысёр Сяргей Фядотаў».

Форум шырыцца як унутры праграмы, так і за яе межамі. Такім меркаваннем падзялілася Каміля Хусаінава. Яна расказала пра планы творчых лабараторый: «З намі застаецца майстэрня маладой рэжысуры. На працягу ўсяго форуму два маладыя рэжысёры будуць працаваць з нашымі акцёрамі на малой сцэне. Пакуль яшчэ загадка - над якімі творамі. Як звычайна, у канцы форуму адбудзецца паказ эскізаў журы. Пасля абмеркавання пераможца будзе запрошаны для працягу працы над эскізам пастаноўкі, якая пасля ўвойдзе ў рэпертуар тэатра. І калі летась у нас меркаваўся site specific – па-за тэатральнай прасторай, то сёлета мы падалі ім магчымасць працы з эскізамі на малой сцэне. Каб у будучыні даць магчымасць эскізам вырасці ў спектакль непасрэдна на гэтай пляцоўцы. Удзельнік маладой рэжысуры мінулага года, рэжысёр Андрэй Багданаў, ужо запрошаны на пастаноўку, чакаецца яго прыезд у ліпені. Таксама будзе пашырана маладзёжнае журы - гэта студэнты, бакалаўры і магістры ГІТІСа, на чале са старшым выкладчыкам тэатразнаўчага факультэта Анастасіяй Івановай. Яны будуць удзельнічаць у агульных абмеркаваннях і выказваць свой моладзевы пункт гледжання».

З'явяцца сёлета і спектаклі для юных аматараў тэатра. «Спачатку нам самім было незвычайна ўбачыць сярод заявак спектаклі 6+ і мюзіклы для дзяцей, - працягнула галоўны рэжысёр. -Але, адглядаючы матэрыялы, мы зразумелі, што гэта добрыя, фестывальныя пастаноўкі. І яны дастойна ўпішуцца ў наш тэатральны форум. Пададзеных заявак заўсёды значна больш, чым месцаў у праграме. Асобныя калектывы мы не маглі запрасіць, бо тэхнічна яны не змесцяцца на нашых пляцоўках. Кагосьці пакінулі на прыкмеце на наступны год.

Кожны спектакль - гэта адкрыццё. Кожны «М@rt.кантакт» - гэта нешта непадобнае на папярэдняе. Прыходзьце і глядзіце, адкрывайцеся для тэатра і тэатр будзе адкрывацца для вас».

З ГІСТОРЫІ ФОРУМУ

Форум «М@rt.кантакт» праводзіцца з 2006 года, і за гэты час ён стаў адной з самых значных і чаканых культурных падзей не толькі ў Магілёве, але і ва ўсёй тэатральнай прасторы Беларусі.

Геаграфія форума шырокая. За ўсе гады правядзення на ім было паказана 274 спектаклі з 21 краіны: Аўстрыі, Арменіі, Беларусі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грузіі, Ізраіля, Італіі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Славакіі, Славеніі, ЗША, Украіны, Эстоніі.

Спектаклі наведалі больш за 50 тысяч прыцелаў. На пляцоўках форуму былі прадстаўлены спектаклі найвядомых рэжысёраў сучаснага тэатра: Андрэя Магутнага, Генадзя Трасцянецкага, Рымаса Тумінаса, Саўлюса Варыяса, Мікалая Каляды, Рыгора Казлова, Сяргея Пускепаліса, Льва Эрэнбурга, Яўгена Марчэлі, Эймунтаса Някрошуса, Улада Траецкага і інш.

У рамках спецыяльнай праграмы форуму свае майстар-класы тут правялі знакамітыя рэжысёры, артысты і педагогі: Анатоль Прадзін; Вячаслаў Какорын; Саўлюс Варыяс; Сяргей Фядотаў; Юрый Васільеў; Людміла Мальцава; Мікалай Каляда; Рыгор Казлоў; Вячаслаў Іназемцаў; Андрэй Бібікаў; Леў Эрэнбург; Алена Барзова і інш.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая