RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дзмітрый Мудрагелаў: цеснае ўзаемадзеянне навукі і прамысловасці дазваляе заставацца канкурэнтаздольнымі

Цеснае ўзаемадзеянне навукі і прамысловасці дазваляе заставацца канкурэнтаздольнымі на міжнародных рынках – такім меркаваннем падзяліўся старшыня камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Дзмітрый Мудрагелаў падчас семінара-нарады аб перспектывах навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва прамысловых прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці і навуковых устаноў, які праходзіў сёння ў Беларуска-Расійскім універсітэце.

«Супрацоўніцтва непасрэдна паміж ВНУ і прадпрыемствамі ў нас дастаткова добра наладжана. Яскравым прыкладам тут можа служыць наша хімічная галіна: «Магілёўхімвалакно», «Белшына» цесна супрацоўнічаюць з навуковымі арганізацыямі і ВНУ. У сферы машынабудавання таксама наладжаны добрыя кааперацыйныя сувязі па супрацоўніцтве. І гэта неабходна развіваць. Таму што сёння мы жывём у свеце, які хутка змяняецца. І для таго каб быць канкурэнтаздольнымі, трэба ісці ў нагу з часам і з тымі патрабаваннямі рынку, якія сёння ёсць. І без навукі гэта немагчыма. Толькі ўкараняючы інавацыйныя тэхналогіі, навуковыя распрацоўкі, можна захаваць свае нішы на рынках і сур’ёзна пашырыць іх у далейшым», – адзначыў Дзмітрый Мудрагелаў.

Падчас семінара-нарады адбылося падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве паміж Беларуска-Расійскім універсітэтам і Фізіка-тэхнічным інстытутам НАН Беларусі. «Ужо дастаткова даўно нашы ўстановы з’яўляюцца партнёрамі. Мы разам працуем па дзяржаўных навуковых праграмах, акрамя гэтага паміж навукоўцамі нашых ВНУ з’явілася трывалая сувязь. І мы хочам развіваць гэтае супрацоўніцтва на больш высокім узроўні, – адзначыў рэктар БРУ Міхаіл Лусцянкоў. – Наш універсітэт –гэта сур’ёзны навукова-тэхнічны цэнтр нашага рэгіёна. Мы рыхтуем кадры як для прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці, так і для ўсёй рэспублікі. Актыўна ўзаемадзейнічаем з Акадэміяй навук. Мы ўдзельнічаем у дзяржаўных праграмах навуковых даследаванняў. І калі ў мінулым годзе іх было 17, то цяпер мы выконваем ўжо 21 заданне. І я спадзяюся, што сённяшняе мерапрыемства раскрые новыя ідэі і перспектывы. Зараз актыўна ідзе рэалізацыя канцэпцыі «Універсітэт 4.0», дзе праца ідзе на апярэджанне:распрацоўваюцца новыя падыходы і тэхналогіі. І, верагодна, сёння мы зможам даведацца аб патрэбах нашых прадпрыемстваў і пачаць ствараць моцныя тэхнічныя цэнтры на базе ВНУ, дзе будуць распрацоўвацца тэхналогіі, якія яшчэ не прымяняюцца ў прамысловасці на сённяшні дзень».

Як расказаў рэктар магілёўскайВНУ, цяпер распрацоўваецца канцэпцыя праекта шматфункцыянальнага ўніверсітэцкага робата. «У працу па стварэнні гэтага робата будуць уключаны ўсе факультэты нашай ВНУ. Напрыклад, аўтамеханічны будзе распрацоўваць для яго шасі, нашы студэнты-праграмісты будуць распрацоўваць для яго праграмнае забеспячэнне, машынабудаўнічы факультэт зоймецца распрацоўкай спецыяльных захопаў для гэтага робата. Цяпер распрацоўваецца сама канцэпцыя гэтага праекта, запрашаем нашых студэнтаў паўдзельнічаць у распрацоўцы і яго стварэнні», – прызваў Міхаіл Лусцянкоў.

Адным з удзельнікаў семінара-нарады стаў дырэктар інстытута тэхналогіі металаў Аляксандр Бранавіцкі. «Кіраўніцтвам нашай краіны пастаўлена задача для навуковых і адукацыйных устаноў, якія маюць тэхнічную накіраванасць, што распрацоўкі не павінны складвацца на паліцы, а павінны ўкараняцца ў вытворчасць і прыносіць рэальны эканамічны эфект. На сённяшняй сустрэчы стаіць задача аб’яднаць намаганні як адукацыйных арганізацый, так і прамысловых прадпрыемстваў, каб сумеснай працай прыносіць рэальную карысць. Калі ў вытворчыя працэсы не будуць уключаць новыя тэхналогіі, інавацыйныя распрацоўкі,мы папросту можам адстаць ад усяго свету. Дапусціць такі варыянт нельга», – падкрэсліў Аляксандр Бранавіцкі.

Удзельнікамі сустрэчы сталі кіраўнікі і прадстаўнікі прамысловых прадпрыемстваў рэгіёна, Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, дзяржаўных навуковых устаноў, Фізіка-тэхнічны інстытут, Аб’яднаны інстытут машынабудавання, Інстытут тэхналогіі металаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая