RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Гатоўнасць сельгасарганізацый вобласці да правядзення ўборачнай абмеркавалі на пасяджэнні Магаблвыканкама

Пасяджэнне абласнога выканаўчага камітэта правёў сёння ў Магілёве старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка. У ім прынялі ўдзел міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык, старшыня Камітэта дзяржкантролю Магілёўскай вобласці Алег Садоўскі, пракурор Магілёўскай вобласці Аляксандр Чадзюк, прадстаўнікі аблвыканкама, старшыні гаррайвыканкамаў і іх намеснікі, кіраўнікі сельгасарганізацый вобласці.

На парадку дня стаяла пытанне аб гатоўнасці сельскагаспадарчых арганізацый Магілёўскай вобласці да правядзення ўборкі збожжавых і зернебабовых культур.

У бягучым годзе ў сельскагаспадарчых арганізацыях Магілёўскай вобласці трэба сабраць збожжавыя і зернебабовыя культуры (без кукурузы на зерне) на плошчы 338,8 тыс. га (у т. л. проса – 1,2 тыс. га, грэчка – 5,2 тыс. га) і 36,1 тыс. га азімага рапсу.

Чакаецца валавы збор збожжа ў сельскагаспадарчых арганізацыях і сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках улічваемага сектара (з кукурузай) у аб'ёме 1 млн 312 тыс. тон (975,0 тыс. тон у 2021 г.).

Папярэдні разліковы баланс збожжа ў цэлым па вобласці паказвае, што чаканы валавы збор дасць магчымасць забяспечыць у поўным аб'ёме засыпанне насеннага фонду (108,4 тыс. тон), выканаць даведзеныя аб'ёмы пастаўкі ў лік рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб – 125,8 тыс. тон, у тым ліку харчовага – 113,7 тыс. тон, з іх грэчка – 5,8 тыс. тон, проса – 1,6 тыс. тон і 12,0 тыс. тон піваварнага ячменю. Для патрэб грамадскай жывёлагадоўлі пры патрэбе 696,9 тыс. тон плануецца вылучыць 520,4 тыс. тон фуражнага зерня.

Як паведаміў першы намеснік старшыні Магаблвыканкама Анатоль Уласевіч, сёлета плошчы збожжавых крыху павялічаны і складаюць 104 працэнты да аб'ёму мінулага года:

«Плошчы кукурузы на зерне павялічаны амаль на 16 тыс. га. Амаль на 40 тыс. га выраслі плошчы кукурузы ў цэлым, разам з прызначанай на сілас.

Ураджай збожжавых чакаем добры. Працы будзе шмат. Разліковая нагрузка пры гэтым на адзін збожжаўборачны камбайн складае 325 гектараў. Таму пасяджэнне і праводзіцца напярэдадні ўборачнай кампаніі, каб абазначыць план работы, вызначыць прыярытэтныя напрамкі, своечасова вырашыць актуальныя пытанні. Бо ў першую чаргу – гэта харчовая бяспека нашай дзяржавы, а па-другое – у сённяшніх умовах на знешнім рынку харчаванне таксама будзе ў цане».

Адказваючы на пытанні журналістаў аб неспрыяльным для ўборачнай дажджлівым надвор'і, Анатоль Уласевіч растлумачыў, што хвалявацца пра гэта заўчасна, на сёння яго можна разглядаць як пэўныя інвестыцыі ў вытворчасць зерня – пасля працяглай гарачыні вільгаць раслінам неабходна.

«Вядома, у дажджлівае надвор'е збіраць збожжа ніхто не стане, але кожная пагодлівая хвіліна будзе выкарыстана з карысцю, – адзначыў Анатоль Уласевіч. – А дажджы неабходныя для росту кукурузы, для развіцця агароднінных культур. Бо акрамя збожжа, што не раз падкрэсліваў кіраўнік дзяржавы ў сваіх выступленнях, будуць запатрабаваны і бульба, і іншая агародніна, як на ўнутраным, так і на знешнім рынках.

На сённяшнім пасяджэнні ўвага завастралася на якасці правядзення ўборачнай, яе тэмпах і тэрмінах. У райвыканкамах у бліжэйшы час будуць зацверджаны планы ўборкі збожжавых культур з захаваннем агратэхнічных тэрмінаў. Ураджай павінен быць сабраны да апошняга зярнятка. Большасць экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў ужо атрымалі допуск да работы, забяспечаны спецадзеннем, медыцынскімі аптэчкамі. Для іх будзе арганізавана харчаванне, забеспячэнне пітной вадой, іншыя неабходныя, у тым ліку – санітарна-бытавыя, умовы для камфортнай працы».

На ўборцы ўраджаю ў сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці, паводле інфармацыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, будзе задзейнічана 1045 збожжаўборачных камбайнаў, з якіх 408 – на ўборцы азімага рапсу. Іх тэхнічныя магчымасці дазваляюць сабраць ураджай збожжавых і зернебабовых культур за 18-20 дзён пры спрыяльных умовах надвор'я. Для ўборкі палеглай збажыны на кожным камбайне маюцца спецыяльныя прыстасаванні.

Для сушкі збожжа ў сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці будзе задзейнічаны 261 зернеачышчальна-сушыльны комплекс і 10 мабільных зернесушылак сумарнай сутачнай прадукцыйнасцю 75,4 тыс. тон, у тым ліку 112 – на прыродным газе, 78 – на вадкім паліве, 71 – на мясцовых відах паліва. Таксама на прадпрыемствах хлебапрадуктаў працуе 20 зернесушыльных комплексаў агульнай сутачнай прадукцыйнасцю 6,1 тыс. тон. Зернесушыльная гаспадарка вобласці дае магчымасць выканаць пасляўборачную дапрацоўку і сушку ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур за 15-20 дзён.

З мэтай забеспячэння належных умоў для захаванасці збожжа ў вобласці ёсць 869 складскіх памяшканняў (у т. л. насенных – 397), з якіх на 8 ліпеня бягучага года прадэзынфікавана 519 або 60 працэнтаў ад неабходнай колькасці.

Тэхнічнае абслугоўванне збожжаўборачных камбайнаў плануецца завяршыць да 15 ліпеня, з гэтай мэтай штодзень задзейнічана 7 выязных брыгад. Для аператыўнага рамонту збожжаўборачных камбайнаў на сэрвісных цэнтрах ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Аграмашсэрвіс» створана і працуе 15 выязных рамонтных брыгад.

Падчас пасяджэння абазначаны шэраг мер, якія дазволяць забяспечыць своечасовае і якаснае правядзенне ўсяго комплексу работ па ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, а таксама крыжакветных у 2022 годзе ў запланаваных аб'ёмах.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая