RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ірына Раінчык: мы павінны выпрацаваць комплекснае рашэнне ў дачыненні да арганізацыі харчавання навучэнцаў

Пытанні арганізацыі школьнага харчавання абмеркавалі 13 студзеня ў СШ №45 Магілёва. Па ініцыятыве абласнога Савета дэпутатаў сумесна з галоўным упраўленнем па адукацыі Магаблвыканкама на базе ўстановы адукацыі, дзе на гэты момант праводзіцца эксперымент па арганізацыі харчавання навучэнцаў, адбыўся круглы стол. Удзел у ім прынялі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі, галоўны ўрач Магілёўскага абласнога дыягнастычнага цэнтра Андрэй Ніпатрук, прадстаўнікі адміністрацый горада, гарадскога і раённага выканкамаў, Камбіната школьнага харчавання, кіраўнікі ўстаноў адукацыі.

«Хочацца адзначыць сур'ёзны падыход з боку профільнага міністэрства, абласных выканкамаў, упраўленняў і аддзелаў па адукацыі, усіх тых, на кім ляжыць адказнасць па рэалізацыі дадзенага эксперыменту, - падкрэсліла Ірына Раінчык. - Ён запланаваны ў чатыры этапы і пройдзе ў самыя кароткія тэрміны - са студзеня па красавік. На дадзены момант праект уступіў у актыўную фазу - этап рэалізацыі на практыцы. Па выніках працы першага тыдня мы ўжо можам зрабіць некаторыя высновы. Таму і ўзнікла неабходнасць сустрэцца і абмеркаваць нюансы і варыянты іх вырашэння, якія ўзнікаюць на старце. Каб у будучыні сістэма працавала зладжана і адпавядала ўскладзеным на яе функцыям.
 
Арганізацыя харчавання стаіць на кантролі ў кіраўніка дзяржавы, органаў выканаўчай улады, працуюць профільныя камісіі. На дадзеным этапе сумеснымі намаганнямі мы павінны выпрацаваць комплекснае рашэнне ў адносінах да арганізацыі харчавання навучэнцаў».

Як адзначыў у сваім выступленні Андрэй Заблоцкі, праблема арганізацыі харчавання мае месца не першы год і таму на ўзроўні ўрада прыняты пэўныя рашэнні і нарматыўныя дакументы для паляпшэння сітуацыі. Так, пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2022 года нумар 917 «Аб змяненні пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 кастрычніка 2019 г. нумар 694» вызначаны новыя падыходы ў частцы арганізацыі харчавання.

«У першую чаргу, адносна фінансавання ў выглядзе авансавання праз бюджэт закупкі прадуктаў харчавання з наступнай бацькоўскай аплатай. Акрамя гэтага, шэраг змяненняў датычыцца рэцэптуры і працэсу прыгатавання страў, памераў порцый, падачы і назвы страў, часу і перыядычнасці прыёму ежы, падзелу на ўзроставыя групы, - расказаў ён. - Але, перш за ўсё, мэта эксперыменту накіравана на тое, каб вывучыць перавагі тых, каго мы гэтым харчаваннем забяспечваем - непасрэдна навучэнцаў. І паспрабаваць зблізіць пазіцыі, агучаныя дзецьмі, з улікам патрабаванняў медыкаў па нормах харчавання. У тым ліку, чакаецца, што гэта знізіць аб'ём адходаў пасля ежы. Тыя стравы, якія дзеці катэгарычна адмаўляюцца есці, плануецца выключыць з меню або распрацаваць больш прывабныя рэцэпты іх прыгатавання.

Выбар школ па ўсёй рэспубліцы для ўдзелу ў эксперыменце праходзіў невыпадкова. Так, на Магілёўшчыне ў іх ліку аказаліся: самая вялікая сярэдняя школа вобласці №45 і сярэднестатыстычная - №39, а таксама сельская школа з падвозам навучэнцаў - у Магілёўскім раёне.

Першае, што мы можам адзначыць ужо зараз, рабятам сама ідэя вельмі падабаецца. У кожнай школе створана маніторынгавая група з ліку навучэнцаў, задача якой - праводзіць апытанні і абмеркаванні новага рэжыму харчавання і меню, даведвацца аб перавагах у стравах.

У рамках эксперыменту разбяромся з рэцэптурай, будзем шукаць аптымальнае рашэнне паміж пажаданнямі рабят і патрабаваннямі медыкаў. Будзе абмяркоўвацца і пытанне выдзялення ўзроставых груп, вызначэння часовых рамак, арганізацыі працы ўстановы і супрацоўнікаў харчаблока».

Андрэй Заблоцкі падкрэсліў неабходнасць аператыўна вызначыцца, што з новаўвядзенняў палепшыць працэс арганізацыі школьнага харчавання, што трэба перагледзець, а ад чаго і зусім адмовіцца. Паколькі ў далейшым менавіта вынікі гэтага эксперыменту лягуць у аснову рашэння для ўсіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэспублікі. А значыць, усе праблемы, пытанні, папярэднія высновы важна агучваць і абмяркоўваць адразу.

У сваю чаргу, начальнік упраўлення па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама Ірына Рыбакова адзначыла, што арганізацыя харчавання - адна з умоў стварэння здаровага асяроддзя ва ўстановах адукацыі, як дашкольнай, так і агульнай сярэдняй.

«У цяперашні час мы вельмі шмат увагі надаем арганізацыі харчавання. Дзейнічае сістэма шматузроўневага кантролю за якасцю харчавання. Напрыклад, да 1 сакавіка сілкавальныя арганізацыі абавязаны забяспечыць відэаназіраннем залы прыгатавання ежы.

Што тычыцца пілотнага праекта - гэта важна і патрэбна. Сапраўды, тыя падыходы, якія прымяняліся раней, думаю, перасталі быць рацыянальнымі. Напрыклад, пасля першага ўрока большасць дзяцей адмаўляюцца ад сняданку, паколькі да гэтага часу яшчэ не прагаладаліся - і гэта марна патрачаныя з бюджэту грошы. Акрамя таго, патрабуюць перагляду састарэлыя нормы па прадуктах і стравах. Цяпер у нас ёсць магчымасць унесці змены. І мы павінны прадумана падысці да гэтай задачы.

Другі важны момант у тым, што да працэсу прыцягнуты самі навучэнцы. Праводзяць маніторынг, апытанні. Мы гэта вітаем. Адно аднаму аднагодкі больш ахвотна агучваюць свае пажаданні, крытыку. Прымаюцца і меркаванні бацькоў, так, на першым паверсе СШ №45 устаноўлена спецыяльная скрыня для лістоў.

Што да часу прыёму ежы, то мы бачым неабходнасць (і магчымасць, у тым ліку - нарматыўная, для гэтага ёсць) дадаткова падзяліць патокі. З панядзелка задзейнічаем для арганізацыі харчавання яшчэ адну перамену. Гэта здыме пытанне па рассадцы ў зале. Вядома, дадаткова неабходна прыцягваць вызначанае тэхналагічнае абсталяванне. Напрыклад, павялічыцца аднамомантнае выкарыстанне посуду, той ежы, якую трэба будзе прыгатаваць. Гэта патрабуе ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, арганізацыі працоўнага працэсу. У цэлым жа, думаю, мы годна выканаем задачу, якая перад намі стаіць».

Таксама Ірына Рыбакова звярнула ўвагу, што ў сувязі з уступленнем у сілу новай пастановы, бясплатнае харчаванне ў гарадскіх школах дзяцей з сельскай мясцовасці больш не ажыццяўляецца. Прадастаўленне такой перавагі зараз залежыць ад рашэння органаў мясцовай улады і прадугледжваецца ў тых выпадках, калі ў сельскай мясцовасці немагчыма арганізаваць працэс навучання і ажыццяўляецца падвоз школьнікаў у гарадскую школу.

Абмеркавалі і сістэму кантролю за рэшткамі, тэрмінамі прыдатнасці прадуктаў, тэрміны рэалізацыі ўстаноўкі відэаназірання на харчаблоках, магчымасць павышэння кваліфікацыі, удзелу ў майстар-класах для работнікаў харчаблока, іншыя пытанні і прапановы.

Дырэктар Камбіната школьнага харчавання Людміла Нароўская расказала, што работу па праекту пачалі загадзя яшчэ ў снежні, сумесна з БДУТ адразу ж адбылося абмеркаванне і складанне меню з улікам рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя:

«Пакуль у нас ёсць магчымасць эксперыментаваць, імкнемся паспрабаваць розныя варыянты. Напрыклад, малако ў тэтра пакетах на падвячорак дзеці ўспрынялі на ўра. Калі яно ў шклянках, то значная яго частка адпраўляецца ў адыходы. Па выніках працы першага тыдня мы робім замену страў. Так, з меню будзе выключаны салат з марской капусты. Нягледзячы на карыснасць стравы - дзеці яе есці адмаўляюцца. Існуе неабходнасць змяніць падачу рыбы пад гароднінай, пакуль плануецца рыхтаваць яе ў выглядзе катлет. Над складаннем тэхналагічных карт працуюць дасведчаныя тэхнолагі са стажам і практычным досведам. Пры пераходзе на вясновае меню стравы з пілотнага меню будуць уключаны ў рацыён усіх школ зоны нашага абслугоўвання».

Каментуючы выступленне, Андрэй Заблоцкі яшчэ раз акцэнтаваў увагу на тым, што ў рамках эксперыменту ўсе назіранні і высновы трэба акумуляваць і паказаць у лічбах. Каб выпрацаваць правілы, засноўваючыся на эканамічных разліках.

Кіраўнікі школ, дзе праходзіць эксперымент, адзначылі, што мітусня першых дзён спала і з кожным днём працэс наладжваецца.

«Бо калі мы бачым, што асобныя прадукты, нягледзячы на іх карыснасць, дзеці катэгарычна адмаўляюцца ўжываць і яны адпраўляюцца ў адходы, карысці ад гэтага бачыцца мала. Неабходна пераглядаць нормы тут і цяпер, грунтуючыся на атрыманых фактах, каб у будучым зноў і зноў не сутыкацца з гэтай праблемай», - адзначыў ён.

Паводле слоў дырэктара СШ нумар 45 Уладзіміра Маціеўскага, працэс арганізацыі харчавання ў новым фармаце для такой шматлікай школы, а колькасць навучэнцаў ва ўстанове на сёння - звыш 2,6 тыс., патрабуе адпаведных намаганняў і першы тыдзень прайшоў дастаткова напружана. «Аднак ён ўжо дазволіў наладзіць механізм, адысці ад памылак, паказаў, у якіх кірунках неабходныя змены. Наступны тыдзень дасць зразумець, ці здымецца напружанасць, ўвойдзем мы ў камфортны працоўны рытм ці яшчэ ёсць неабходнасць змяняць падыходы.
 
Цешыць, што сілкавальныя арганізацыі сур'ёзна падыходзяць да аналізу прадуктаў і распрацоўцы новых страў. Па першым тыдні мы ўжо бачым станоўчыя зрухі. Дзеці задаволеныя», - распавёў ён.

Меркаваннем падзяліўся і Андрэй Ніпатрук, адзначыўшы, што любы пілотны праект спачатку выклікае напружанне, патрабуе сіл і энергіі: «Мэта яго з боку Міністэрства аховы здароўя - зрабіць харчаванне навучэнцаў больш здаровым і пажыўным. У любой дзяржавы адна з асноўных функцый - захаванне здароўя насельніцтва, і адзін з пунктаў, накіраваных на гэта, датычыцца харчавання дзяцей.
 
Вытрымаць здаровае харчаванне, пры гэтым улічыць смакавыя перавагі дзяцей – на гэта і будзе накіравана праца ў рэалізуемым эксперыменце».

Падводзячы вынік сустрэчы, Ірына Раінчык яшчэ раз нагадала, што вырашэнне пытання арганізацыі харчавання патрабуе комплекснага падыходу: «Мы падтрымліваем эксперымент і сёння ўдзяляем яму пільную ўвагу, каб убачыць праблемы і не дапусціць іх замоўчвання. Важная праца з вучнямі, з бацькоўскай грамадскасцю. На ўстановах адукацыі, якія ўдзельнічаюць у эксперыменце, сёння ляжыць вялікая адказнасць. Як пройдзе эксперымент, якія вынікі ён пакажа, такія нормы, падыходы і патрабаванні будуць сфарміраваны і ў далейшым укаранёны ва ўсіх школах».
 
Таксама старшыня абласнога Савета дэпутатаў падзякавала ўдзельнікам за канструктыўны дыялог і выказала ўпэўненасць у тым, што ўсе рашэнні на ўзроўні вобласці, гарадскіх і раённых выканкамаў у частцы рэалізацыі эксперыменту па арганізацыі харчавання будуць выкананы ў агавораныя тэрміны.
 
Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая