RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Колькі можна зарабіць за арганізаваныя службамі занятасці паездкі на сельгаспрадпрыемствы

Для тых, хто пакуль не працаўладкаваны, арганізаваныя службамі занятасці паездкі на сельгаспрадпрыемствы – выдатны выхад. Колькі там плацяць?

На капусце нядрэнна зарабляюць

У ААТ «Фірма “Кадзіна”» Магілёўскага раёна штодня прыязджае 20 чалавек ад гарадской службы занятасці. Галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Дзяніс Сілкін расказвае:

– У асноўным гэта людзі сталыя, да сельскай працы звыклыя. Круглы год ім ёсць чым займацца: летам – праполкай, восенню – уборкай ураджаю, а ў халодную пару года працуюць на сартаванні, пераборачных пунктах, затарваюць сеткі гароднінай. Мы такімі памочнікамі вельмі задаволеныя, ды і яны, спадзяюся, на нас не ў крыўдзе: ставімся да іх з павагай, разлічваемся без затрымак штотыдзень па панядзелках.

На вагавой працуюць і прыезджыя, і мясцовыя: перабіраюць, чысцяць капусту. Аляксандр Васільеў якраз ад службы занятасці, ён гаворыць:

– Езджу сюды ўжо гадоў дзесяць, мяне ўсё задавальняе. Працую, як і іншыя гараджане, на розных участках: то ў садзе на яблыках, то на гародніне. Атрымаць у месяц можна па-рознаму: і 300, і 400, і 500 рублёў. Бо ўсе мы здзельшчыкі, усё залежыць ад нашага ўмення і старання. Звычайна ў дзень выходзіць 15–20 рублёў. Вядома, праца не лёгкая, але з часам ўцягваешся. Нават ёсць нейкая разнастайнасць: то прыбіралі моркву, буракі, а цяпер вось капустай займаемся.

Побач з Аляксандрам працуе Таццяна Касцючэнка, мясцовы палявод з 30-гадовым стажам. Яна ўжо на пенсіі:

– Тут нядрэнна плацяць, у некаторых і па 700 рублёў на месяц выходзіць.

Спадабалася – і засталася

У сховішчы для агародніны нас сустракае загадчык склада Святлана Арцёменка:

– Так, праца ў нас нялёгкая, вельмі нямногія гараджане на яе згаджаюцца. Але тыя, хто прыязджае сюды з Магілёва, сталі ўжо пастаяннымі. Яны старанныя, дысцыплінаваныя, зацікаўлены больш зарабіць. Сартуем, у асноўным уручную, цыбулю, бульбу, буракі, капусту. Аплата залежыць ад танажу.

У гаспадарку прыезджых дастаўляе аўтобус ад службы занятасці. Але ёсць і тыя, хто кожную раніцу дабіраецца сюды транспартам сельгаспрадпрыемства. Справа ў тым, што ў «Кадзіна» ёсць і штатныя супрацоўнікі-гараджане, для якіх арганізаваны падвоз. Калі тыя, хто заняты аплатнымі сезоннымі работамі, жывуць у раёнах Магілёва, праз якія праходзіць маршрут кадзінскага аўтобуса, іх таксама забіраюць, а ўвечары дастаўляюць назад.

Магіляўчанка Вольга Лебедзева расказвае:

– Езджу ўжо дзясяты год сюды. Спачатку выключна ад службы занятасці. Цяпер заключыла дагавор падраду. Ідзе стаж, а калі захварэю, аплачваюць бальнічны. Калісьці пачала тут падпрацоўваць – і вельмі спадабалася, таму засталася. Бо фізічнай працы я ніколі не баялася, а калектыў аказаўся вельмі добрым, дружным.

Гэтым летам яна займалася праполкай, затым перайшла на сартаванне. Працоўны дзень у Вольгі звычайны: з 8:00 да 17:00 з абедзенным перапынкам. Аднак яна імкнецца не выкарыстоўваць абедзенны час цалкам: перакусіла, трохі перадыхнула – і зноў за працу. Абед гараджане звычайна прывозяць з сабой – так прывыклі. Але ў такіх дагаворнікаў ад службы занятасці, як Вольга, ёсць магчымасць замовіць абед у сталовай прадпрыемства з дастаўкай на працоўнае месца. Асабліва выгадна атрымліваецца падчас пасяўной і ўборачнай: вялікія сытныя порцыі прывозяць, як і мясцовым механізатарам, усяго за 25 % ад кошту – за рубель-паўтара. Рыхтуюць тут смачна.

Вядома, зарабіць за месяц і ў Вольгі атрымліваецца па-рознаму. Бывае і 500 рублёў, у залежнасці ад расцэнак і нормы выпрацоўкі. Каб атрымлівалася больш, жанчына сабе ўзяла за правіла прыязджаць сюды не менш за 22–24 дні на месяц.

На квартплату і ўнукам на падарункі

Надвор’е рэзка псуецца, пачынаецца дождж, і на ўчастках, дзе людзі працуюць пад адкрытым небам, працоўны дзень даводзіцца заканчваць. Сёння якраз час разліку. Каля касы сельгаспрадпрыемства збіраецца невялікая чарга з гараджан.

Адзін з іх, Анатоль Барысенка, атрымаўшы грошы, адыходзіць ад акенца касіра, пералічвае:

– На гэтым тыдні нядрэнна атрымалася – 95 рублёў з капейкамі. Я сюды езджу з жніўня. Вядома, пакуль цяжка з непрывычкі, але для мяне гэта адзіны выхад: грошы патрэбныя і на квартплату, і на падарункі ўнукам, іх у мяне пяцёра.

Анатолю Віктаравічу 57 гадоў, раней быў слесарам па вентыляцыі на гарадскім прамысловым прадпрыемстве. Але так атрымалася, што страціў працу. І куды падзецца? Адразу пайшоў у службу занятасці, зараз вось ездзіць на заробкі, бо пастаянную добрую працу так хутка не знойдзеш у яго ўзросце. А сядзець і чакаць з мора надвор’я, збіраць даўгі неяк, на яго думку, несур’ёзна. Таму вельмі задаволены, што ёсць хоць такая магчымасць паправіць матэрыяльнае становішча.

Магілёўцы, атрымаўшы грошы, збіраюцца каля аўтобуса ад службы занятасці. Іх выпраўляе начальнік участка Вікторыя Матузенка. Гэта яна штодня дае гараджанам заданні, аб’яўляе нормы, падлічвае, хто колькі выканаў. Па словах Вікторыі, яна вельмі ўдзячная і гэтым работнікам, і службе занятасці за арганізацыю дапамогі. Рабочыя рукі заўсёды патрэбныя ў сельскай гаспадарцы, таму тут імкнуцца не крыўдзіць прыезджых: адпраўляюць на ўчасткі, дзе можна зарабіць, своечасова выплачваюць грошы, ды і ўмовы па магчымасці ствараюць добрыя.

Сняжана Маісеева, начальнік аддзела забеспячэння занятасці насельніцтва упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага гарвыканкама:

– Аплачваемыя грамадскія работы не патрабуюць асаблівай кваліфікацыі. Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне арганізуе часовую занятасць на прадпрыемствах горада ў выглядзе падсобных работ, але найбольш распаўсюджаныя – дапамога сельскагаспадарчым прадпрыемствам: збор камянёў з палёў, падвязка і абрэзка дрэў, унясенне мінеральных угнаенняў, збор ўраджаю, сартаванне, пераборка і затарванне сельскагаспадарчай прадукцыі. У цяперашні час такія віды дзейнасці арганізаваны ў ААТ «Фірма “Кадзіна”», ТАА «Арніка-Агра», ААТ «Новая Друць».

З пачатку года прыняло ўдзел у аплатных грамадскіх работах больш за 1700 чалавек. Гэта не толькі беспрацоўныя, але і пенсіянеры, людзі, якія знаходзяцца ў адпачынку. Заработная плата – здзельная.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая