RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Конкурс снапоў, выстава млыноў, дэгустацыя дранікаў: у Слаўгарадзе рыхтуюцца да абласных «Дажынак»

Установы культуры Магілёўскай вобласці прадставяць 15 кастрычніка ў Слаўгарадзе тэматычныя экспазіцыі, выставачныя пляцоўкі, канцэрты і дэманстрацыі. Святочная праграма стане часткай абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі», расказалі ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай працы.

Метадычны цэнтр сумесна з клубнымі ўстановамі рэгіёна арганізуе на свяце аграрыяў розныя фестывальныя пляцоўкі. Так, з 10.00 да 20.00 будзе працаваць выстава-кірмаш «Млын ураджаю», у якой прымуць удзел усе раёны вобласці, а таксама Магілёў і Бабруйск. Кожны рэгіён прадставіць поспехі і дасягненні сваіх найлепшых гаспадарак і перадавікоў. Адметнай асаблівасцю кірмашу стануць выставы-прэзентацыі, аформленыя ў выглядзе млыноў.

«Млыны як сімвал «Дажынак» Магілёўскай вобласці сёлета стануць цэнтральнымі відовішчнымі элементамі экспазіцый, прадстаўленых гарадамі і раёнамі, – расказалі ў метадычным цэнтры. – Вышыня кожнага будзе не менш за 2,5–3 м. Іх аформяць у адпаведнасці з тэматыкай свята збору ўраджаю. Будуць вітацца канструкцыі, якія ўвасобяць нацыянальны каларыт і тэрытарыяльную сімволіку рэгіёна, перададуць атмасферу і спецыфіку восеньскіх гулянняў.

Дарэчы, самі падворкі таксама атрымаюць тэматычнае афармленне. Кожны раён будзе прэзентаваць сваю пляцоўку ў адпаведнасці з пэўным святам. Напрыклад, падворак Бялыніцкага раёна заяўлены як «Дажыначная карусель», Бабруйскага – «Свята бульбы», Быхаўскага – «Скарбы зямлі Быхаўскай», Глускага – «Свята гародніны і садавіны», Дрыбінскага – «Восеньскі колаварот», Клімавіцкага – «Свята мёду».

Не менш яркай лакацыяй стане пляцоўка «Традыйная кухня», якая накіравана на папулярызацыю прыгатаваных па народнай рэцэптуры страў як элемента нематэрыяльнай спадчыны з Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Так, удзельнікаў і гасцей свята пазнаёмяць з праектам «Стравы з таркаванай бульбы – дранікі, бульбяныя бліны, бабка і іншыя – традыцыі прыгатавання і спажывання Магілёўскай вобласці».

«Кулінарныя вынаходствы на самай смачнай пляцоўцы свята прадставяць сем раёнаў Магілёўскай вобласці: Краснапольскі, Слаўгарадскі, Мсціслаўскі, Быхаўскі, Магілёўскі, Бялыніцкі і Клічаўскі, – расказалі ў метадычным цэнтры. – Арганізатары прэзентуюць самыя папулярныя народныя рэцэпты, правядуць кулінарныя майстар-класы, а таксама раскажуць пра рэгіянальныя асаблівасці прыгатавання страў з цёртай бульбы. У святочным меню – дранікі, бабка, бульбяныя бліны і многае іншае. Для падрыхтоўкі страў будуць выкарыстоўвацца печы-буржуйкі, а таксама «скандынаўскія свечкі» – канструкцыя вогнішча, якая складаецца з аднаго вертыкальна ўсталяванага тоўстага бервяна».

Падчас фестывалю-кірмашу «Дажынкі» падвядуць вынікі рэгіянальнага конкурсу «Дажыначны сноп», арганізатарам якога выступае абласны метадычны цэнтр народнай творчасці. У конкурсе прымуць удзел усе раёны, Магілёў і Бабруйск. Кожны канкурсант прадаставіць адзін сноп, выраблены са збожжавых культур новага ўраджаю. Работы будуць устаноўлены на выставачных кубах перад галоўнай фестывальнай сцэнай у якасці мастацкага афармлення.

У насычаную праграму абласных» «Дажынак» увойдзе канцэрт аматарскіх калектываў рэгіёна «І хлебам вітаем, i песняй». Ён адбудзецца на галоўнай сцэне свята з 15.00 да 17.00 і будзе разбіты на некалькіх тэматычных блокаў: музычныя выступленні, узнагароджанні перадавікоў, прадстаўленне сельскагаспадарчых, вытворчых і культурных дасягненняў рэгіёнаў.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая