RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Леанід Заяц: «Млын поспеху» – сімвал пераўтварэння сумеснай працы інвестараў і ўлады ў новыя прадпрыемствы і вытворчасці

Міжнародны інвестыцыйны форум «Млын поспеху» – гэта сімвал пераўтварэння сумеснай працы інвестараў і выканаўчай улады ў гатовы прадукт – новыя прадпрыемствы і вытворчасці. На гэта звярнуў увагу старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, выступаючы сёння на пленарным пасяджэнні форума, перадае карэспандэнт сайта.

Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што эфектыўнасць кожнага «Млына поспеху» расце. Калі на 10-м форуме было падпісана дакументаў на $70 млн., то на мінулым заключана пагадненняў і дагавораў на суму каля $200 млн.

«Чалавек бізнесу, перш чым прымае рашэнне аб адкрыцці вытворчасці, павінен пераканацца ў надзейнасці і найлепшым варыянце размяшчэння свайго прадпрыемства. І Магілёўская вобласць у гэтым дачыненні – добры выбар, канстатаваў Леанід Заяц. Рэгіён мае старажытную гісторыю, багатую культуру і самабытныя традыцыі. Сёння гэта самы ўсходні і па-сапраўднаму транзітны рэгіён Беларусі. Адкрытая мяжа з Расійскай Федэрацыяй дае дадатковую магчымасць пастаўкі прадукцыі на агульны мытны рынак з колькасцю насельніцтва больш за 180 млн. чалавек. Размяшчэнне дазваляе быць выгадным лагістычным цэнтрам для паставак у Еўрапейскі Саюз. На Магілёўшчыне добра развіта транспартная інфраструктура, шырокая сетка транзітных аўтамабільных дарог міжнароднага ўзроўню, чыгуначных і паветраных шляхоў, уключаючы аэрапорт. Тут надаецца вялікая ўвага развіццю чалавечага капіталу. Для гэтага ў вобласці функцыянуе 6 вышэйшых і 36 сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў, якія рыхтуюць спецыялістаў па самых розных напрамках: ад металаапрацоўкі і хімічнай прамысловасці да аграпрамысловага комплексу. Прыдняпроўскі край – індустрыяльна развіты рэгіён, дзе пераважаюць машынабудаванне, хімічная, перапрацоўчая і лёгкая прамысловасць, а таксама дрэваапрацоўка. Вобласць лідзіруе ў краіне па выпуску аўтамабільных шын і ліфтаў, будаўнічых матэрыялаў, вырабляе значны аб’ём харчовых прадуктаў, хімічных валокнаў і нітак, ільновалакна, лікёра-гарэлачных і кандытарскіх вырабаў. Найбуйнейшыя вытворцы – «Белшына», «Магілёўхімвалакно», «Магілёўіліфтмаш», «Бабруйскаграмаш», «Бабушкина крынка» і «Чырвоны харчавік» – шырока вядомыя за межамі Рэспублікі Беларусь. Прыватны сектар прадстаўлены такімі паспяховымі кампаніямі, як «Кроноспан», «Данон», «ВМГ Індустры», «Омсктэхвуглярод», «Мебелаін» і інш.».

Геаграфія знешнеэканамічнай дзейнасці Магілёўскай вобласці ахоплівае больш за 120 дзяржаў. Сярод іх – Расія, Кітай, краіны Еўропы, Лацінскай Амерыкі і Афрыкі. На працягу апошніх 10 гадоў пастаянна паляпшаецца станоўчае сальда знешняга гандлю. Гадавы аб’ём экспарту тавараў і паслуг перавышае $2 млрд. «Шырокая геаграфія экспартнай дзейнасці стала магчымай дзякуючы выбудоўванню міжрэгіянальных сувязяў, заключэнню дагавораў аб пабрацімстве і супрацоўніцтве з больш чым 50 дзяржавамі, – падкрэсліў Леанід Заяц. – Дзякуючы супрацоўніцтву, мы разам выходзім на рынкі трэціх краін. Міжрэгіянальная дружба прыводзіць да наведвання нашага рэгіёна замежнымі кампаніямі, якія, пабываўшы тут, не шукаюць іншыя рэгіёны для свайго бізнесу. У вобласці працуе больш за 320 кампаній з замежным капіталам у сферы вытворчасці і гандлю».

Асаблівыя адносіны ў Магілёўскай вобласці да зямлі і працаўнікоў сяла. Усе тэрыторыі эфектыўна апрацоўваюцца. Якасная сельгаспрадукцыя запатрабавана ў многіх краінах свету. «У бягучым годзе мы накіравалі на экспарт трэць вырабленых мясных тавараў і палову малочнай прадукцыі, – паведаміў Леанід Заяц. – Гэта моцны і стабільны сектар. Мы гатовы рэалізоўваць новыя сумесныя праекты ў гэтай сферы».

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама падкрэсліў: усе гэтыя дасягненні немагчымыя без інвестыцый у рэгіён. У цэлым за 2016‑2020 гады ў эканоміку вобласці накіравана Br8,5 млрд інвестыцый у асноўны капітал, у тым ліку за мінулы год – больш за Br2 млрд. За пяць гадоў у эканоміку рэгіёна паступіла $1,2 млрд. замежных інвестыцый. З іх у мінулым годзе прыцягнута $185 млн.

«Сёння мы знаходзімся на парозе новага інвестыцыйнага цыклу, – адзначыў Леанід Заяц. – У мэтах яго запуску Магілёўскім аблвыканкамам сфарміраваны пералік з 77 найбольш значных інвестыцыйных праектаў, якія плануюцца да рэалізацыі да 2025 года з агульным аб’ёмам інвестыцый амаль Br2 млрд., у тым ліку 50 інвестпраектаў у вытворчай сферы і 27 інфраструктурных. Акрамя таго, з мэтай прываблівання інвестараў вобласцю сфарміравана больш за 80 інвестыцыйных прапаноў для патэнцыйных інвестараў».

Кожны рэгіён Беларусі, кажучы пра свае перавагі, падкрэслівае, у першую чаргу, выгаднае месцазнаходжанне, прэферэнцыйныя рэжымы, наяўнасць гатовых участкаў і аб’ектаў нерухомасці, кваліфікаваных кадраў. Дык чым жа адрозніваецца Магілёўская вобласць ад іншых? У першую чаргу, гэта людзі, лічыць Леанід Заяц. «Мы не проста гасцінныя, кваліфікаваныя і працавітыя. Мы інвестараарыентаваныя, – канстатаваў кіраўнік рэгіёна. – Гэта не проста прыгожыя словы. Мы гатовы не толькі разгледзець любыя прапановы па развіцці бізнесу ў розных сферах. Мы заўсёды абмяркоўваем найбольш зручнаеі выгаднае для ўсіх бакоў ўваходжанне бізнесу ў наш рэгіён. І зыходзім з наступных прынцыпаў: максімальна ўлічваць інтарэсы бізнесу і дзяржавы, знайсці для ўсіх аптымальнае рашэнне. Таму аблвыканкам пастаянна выступае перагаворнай пляцоўкай на стадыі стварэння аб’екта і ў перыяд яго актыўнай рэалізацыі».

На думку Леаніда Зайца, у Беларусі сфарміравана вельмі лаяльнае да інвестара заканадаўства, выразна выбудаваны інструменты яго падтрымкі. Гэта наяўнасць свабодных эканамічных зон, падатковыя льготы ў малых гарадах. Сёння СЭЗ «Магілёў» з’яўляецца практычна найлепшай у краіне. Адначасова з гэтым наша вобласць адрозніваецца ад іншых рэгіёнаў наяўнасцю яшчэ адной асаблівай эканамічнай зоны для інвеставання – паўднёва-ўсходні рэгіён, які ўключае 7 раёнаў: Клімавіцкі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чэрыкаўскі. Спецыяльнымі ўказамі Прэзідэнта краіны для гэтай тэрыторыі ўстаноўлены беспрэцэдэнтныя ўмовы вядзення бізнесу. Гэта зніжэнне падатковай нагрузкі з заработнай платы работнікаў прадпрыемстваў, зніжаная стаўка падаходнага падатку з 13% да 10%, а таксама памер адлічэнняў на пенсійнае страхаванне з 28% да 24%. Пры стварэнні новых прадпрыемстваў і вытворчасцей дзяржава за кошт бюджэту гатова забяспечыць інвестара ўсёй неабходнай інжынерна-транспартнай інфраструктурай. Гэта эканомія да 30% ад кошту будаўнічых работ. Унікальная прапанова па кампенсацыі з бюджэту да 35% капітальных выдаткаў на рэалізацыю праекта. Такога ў краіне больш няма нідзе.

«Мы чакаем прапаноў ад бізнесу па любых праектах не толькі на тэрыторыі паўднёва-ўсходняга рэгіёну, але і ўсёй нашай вобласці, – канстатаваў Леанід Заяц. – Мы адкрыты да дыялогу з інвестарамі і гатовы сустрэцца асабіста з кожным для вырашэння любых пытанняў. Развіццё эканомікі – гэта заўсёды развіццё міжасобасных адносін. Разам мы зможам рэалізаваць бізнес-праекты, якія будуць выгадныя ўсім бакам».

XII Міжнародны інвестыцыйны форум «Млын поспеху» адбыўся сёння ў Магілёве. Мерапрыемства сабрала каля 60 замежных удзельнікаў з 7 краін (Расіі, Таджыкістана, Казахстана, Турцыі, Пакістана, Індыі і Бразіліі). Усяго ж удзельнікамі форума стала больш за 500 чалавек. Гэта прадстаўнікі дыпламатычных арганізацый, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, замежных афіцыйных і дзелавых колаў, банкаў, БелГПП, свабодных эканамічных зон, кіраўнікі прадпрыемстваў арганізацый і інш.

Вольга Емельянава, фота Галіны Гаўрыловіч 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая