RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўская вобласць у 2021 годзе павялічыла экспарт прадукцыі ў Прыморскі край на 84%

Магілёўская вобласць у 2021 годзе павялічыла экспарт прадукцыі ў Прыморскі край на 84%. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар, падводзячы вынікі дзён Рэспублікі Беларусь у Прыморскім краі, якія праходзілі з 5 па 11 кастрычніка ва Уладзівастоку.

Урадам краіны Прыдняпроўскі край вызначаны адказным за супрацоўніцтва з Прыморскім краем ад імя Беларусі. У сувязі з гэтым Магілёўскі аблвыканкам ужо некалькі гадоў праводзіць актыўную працу па наладжванні і выбудоўванні партнёрскіх узаемаадносін з названым рэгіёнам. На мінулым тыдні адбыўся візіт дэлегацыі Сінявокай ў Прыморскі край, падчас якога абмяркоўваліся розныя напрамкі супрацоўніцтва, былі падведзеныя пэўныя вынікі.

«У бягучым годзе Беларусь павялічыла экспарт паставак прадукцыі ў Прыморскі край на 43%. Што тычыцца ўкладу Магілёўскай вобласці, то тут лічба яшчэ вышэйшая – 84%, – адзначыў Руслан Страхар. У той жа час імпарт прыморскіх тавараў вырас на 35%. Сальда гандлю з Прымор’ем станоўчае. І яно працягвае павялічвацца. Усё гэта гаворыць аб выбудоўванні двухбаковага партнёрства. Мы накіраваны на тое, каб яно прыносіла выгаду абедзвюм нашым краінам».

Намеснік старшыні падкрэсліў: Дні Рэспублікі Беларусь у Прыморскім краі праводзіліся ўпершыню. І найважнейшым іх складнікам стаў кірмаш-продаж беларускіх тавараў і выстава сельскагаспадарчай тэхнікі, што вырабляецца ў Сінявокай. 18 беларускіх арганізацый і прадпрыемстваў прэзентавалі тут сваю прадукцыю.

«Што тычыцца прадуктаў харчавання, мы ўжо прайшлі пэўны шлях, і ў нашых асноўных перапрацоўшчыкаў – «Бабушкиной крынки», Магілёўскага і Бабруйскага мясакамбінатаў, «Чырвонага харчавіка» – заключаны прамыя дагаворы на пастаўку прадукцыі ў гандлёвыя сеткі Прыморскага краю, – растлумачыў Руслан Страхар. – Цяперашняя выстава дазволіла паказаць усю гаму выпускаемых тавараў. Мы бачылі непадробны жывы інтарэс, а галоўнае – станоўчыя водгукі аб якасці нашай прадукцыі. Зараз маюць намер істотна пашыраць лінейку паставак, працаваць над лагістыкай, каб адлегласць паміж Беларуссю і Прымор’ем не перашкаджала наўпрост рэалізоўваць нашы тавары».

Гаворачы аб перспектывах, намеснік старшыні аблвыканкама расказаў пра сутнасць пратакола, падпісанага па выніках пасяджэння рабочай групы па супрацоўніцтве паміж дзвюма краінамі. «Тут знайшлі адлюстраванне пытанні, над якімі нам яшчэ трэба будзе працаваць, – канстатаваў Руслан Страхар. – Яны закранаюць самыя розныя напрамкі. Важным элементам з’яўляецца стварэнне ў найбліжэйшы час на тэрыторыі Прымор’я паўнавартаснага выставачнага і сэрвіснага цэнтра па рэалізацыі і суправаджэнні беларускай тэхнікі. Гэта з’яўляецца сур’ёзным крокам, каб не проста прадаваць тэхніку, а абслугоўваць яе, на месцы прадстаўляць шырокаму колу спажыўцоў».

Прапрацоўваецца і далейшае прасоўванне прадукцыі ААТ «Магілёўліфтмаш»: ліфтаў і ліфтавага абсталявання, парковак ротарнага і карусельнага тыпу. «Цікавасць да гэтага кірунку ёсць. Цяпер трэба будзе працаваць па ўзгадненні тэхнічных характарыстык, вызначэнні пляцовак для іх будаўніцтва на тэрыторыі Уладзівастока і Прыморскага краю», – расказаў Руслан Страхар.

Цэлы шэраг напрамкаў супрацоўніцтва намечаны ў сельскай гаспадарцы. Гэта апрабацыя і ўкараненне нашых гатункаў бульбы на тэрыторыі Прымор’я, экспертная падтрымка і навуковае суправаджэнне ў вырошчванні фруктовых садоў, дапамога ў перааснашчэнні тэхнікі на гусенічны ход.

Таксама падчас пасяджэння рабочай групы была вызначана мінімальная патрэба Прыморскага краю ў тэхніцы, якая выпускаецца прадпрыемствамі Беларусі на 2022 год – 336 адзінак. «Ёсць канкрэтныя пакупнікі, і гэты спіс не закрыты. На працягу года мы маем намер яго пашыраць», – падсумаваў намеснік старшыні аблвыканкама.

Значным элементам дзён Рэспублікі Беларусь у Прыморскім краі стаў бізнес-форум, дзе было прадстаўлена больш за 60 прадпрыемстваў і арганізацый. Некаторыя з іх ужо працуюць на рынку Прымор’я і хацелі б пашырыць прысутнасць, іншыя – знайсці партнёраў. Сумесна з Гандлёва-прамысловай палатай Прыморскага краю для іх былі падабраны контрагенты. Зараз ідзе карпатлівая праца па напаўненні гэтых пагадненняў канкрэтнымі лічбамі і пастаўкамі.

Пад эгідай Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва прапрацоўваецца пытанне рэалізацыі канкрэтных будаўнічых прадуктаў і паслуг. «Самым галоўным стрымальным фактарам з’яўляецца адлегласць. Мы разумеем, што перавозіць туды працоўную сілу ў поўным аб’ёме – эканамічна немэтазгодна», – падкрэсліў Руслан Страхар. 

Зараз вядуцца перагаворы па аказанні інжынірынгавых паслуг, суправаджэнні праектаў. Для Прыморскага краю цікавыя пастаўкі домакамплектаў як з традыцыйных будаўнічых матэрыялаў (блок, цэгла), так і драўляныя хаты Шклоўскага завода. «Ідзе карэкціроўка нашых будаўнічых праектаў з улікам кліматычных умоў Прыморскага краю: прапрацоўваецца дадатковае ўцяпленне, тэхнічныя параметры. Неабходна зрабіць так, каб дастаўка і ўзвядзенне дазваляла гатоваму дому канкурыраваць з наяўнымі на той тэрыторыі аб’ектамі. Мы ўпэўнены, што і ў дадзеным выпадку зможам знайсці прымальныя рашэнні».

Вольга Емельянава, фота Галины Гаўрыловіч      

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая