RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёве падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Хабараўскім краем Расіі

Сумеснае пасяджэнне рабочай групы па супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь з Хабараўскім краем Расійскай Федэрацыі адбылося сёння ў Магілёўскім аблвыканкаме. Сустрэча прайшла пры ўдзеле старшыні аблвыканкама Анатоля Ісачанкі і губернатара Хабараўскага краю Міхаіла Дзегцярова.

«Мы рады сустрэчы з нашымі партнёрамі і сябрамі на магілёўскай зямлі. І гатовыя паказаць ім нашы гістарычназначныя, турыстычныя, прамысловыя аб’екты, якія працуюць па розных напрамках, з мэтай далейшага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Сёння дэлегацыя наведала толькі невялікую частку з іх, – адзначыў Анатоль Ісачанка. – З Хабараўскім краем Рэспубліка Беларусь супрацоўнічае амаль 20 гадоў. Пагадненне аб супрацоўніцтве было падпісана ў сакавіку 2003 года.

У 2021 годзе тавараабарот Магілёўскай вобласці з Хабараўскім краем склаў $486,5 тыс. і сфарміраваны ў асноўным за кошт экспарту. У студзені-сакавіку 2022 года тавараабарот паміж двума рэгіёнамі ўжо дасягнуў $126,6 тыс. Аснову экспарту склалі пастаўкі шын, помпаў вадкасных, мясных прадуктаў, хлеба і мучных кандытарскіх вырабаў.

Зыходзячы з вынікаў нашага супрацоўніцтва за апошнія пяць гадоў, можна зрабіць выснову аб тым, што маецца значны патэнцыял у нарошчванні аб’ёмаў штогадовага ўзаемнага тавараабароту».

Адказваючы на пытанні журналістаў аб перспектывах супрацоўніцтва, старшыня Магілёўскага аблвыканкама адзначыў, што сённяшняя рабочая сустрэча дасць штуршок да далейшага выгаднага ўзаемадзеяння.

«Планы ў нас вялікія. Сёння прайшло пасяджэнне рабочай групы, падчас якога былі агавораны многія пытанні. Самы галоўны вынік – падпісанне пагаднення аб далейшым супрацоўніцтве. Падпісаны таксама план мерапрыемстваў па яго рэалізацыі ў пэўных галінах. Гэта сельская гаспадарка, супрацоўніцтва па лініі прамысловасці: МАЗ, БелАЗ, трактарная будова і многія іншыя напрамкі.

Мы дамовіліся з губернатарам Хабараўскага краю, што будзем перыядычна праводзіць відэаканферэнцыі на прадмет выканання нашых дамоўленасцяў.

Вядома ж, мы запрасілі расійскую дэлегацыю паўдзельнічаць у нашай выставе «БелАГРА», каб яшчэ бліжэй пазнаёміць калег з нашымі дасягненнямі. А таксама наша дэлегацыя накіруецца ў Хабараўскі край, каб паглядзець, што ёсць у гэтым унікальным краі. Нас цікавіць рыбная галіна, вытворчасць волава з наступнай яго перапрацоўкай. У нас шмат напрамкаў, па якіх трэба працаваць.

Той санкцыйны ціск, які аказваецца на нашы краіны, надае імпульс узаемавыгаднаму руху. І трэба нашым прадпрымальным людзям, прамысловасці і бізнесу, заключаць дагаворы. Як правільна ўчора адзначыў Прэзідэнт нашай краіны, неабходна ствараць сумесныя прадпрыемствы, павінна быць кааперацыя і інтэграцыя».

У сваю чаргу Міхаіл Дзегцяроў адзначыў, што па выніках сумеснага пасяджэння рабочай групы, у расійскай вобласці ёсць шэраг праектаў, у якіх будзе задзейнічаны беларускі бок.

«Вялікі попыт на пастаўку тэхнікі і прадукцыі машынабудаўнічых заводаў. Мы эксплуатуем ужо шмат прадукцыі беларускіх заводаў у сферы грамадскага транспарту і бізнесу. Яшчэ адзін знакавы праект – будаўніцтва малочнай фермы. Да гэтай працы плануем прывабіць беларускіх будаўнікоў, тэхнолагаў ў галіне сельскай гаспадаркі. У нас ёсць інвестары, месца, план. Мы цяпер праводзім імпартазамяшчэнне нават не ў тэхналагічных ланцужках прадукцыі, а ў галовах нашых прадпрымальнікаў. Многія праекты вярсталіся пад заходнія, еўрапейскія, амерыканскія і канадскія тэхналогіі. Гэта няправільна, і сама гісторыя гаворыць нам сёння, што нашым краінам трэба аб’ядноўвацца ў гэтым кірунку. І мы сваіх прадпрымальнікаў арыентуем на беларускі вопыт. Са свайго боку мы дапаможам і з фінансаваннем, і з зямлёй. У нас вялікі запыт па малаку і мясе, таму ў найбліжэйшы час будзем рэалізоўваць гэты праект. Канкрэтна па Магілёўскай вобласці нас цікавіць мясамалочная прадукцыя. Мы сёння наведалі мясакамбінат у Магілёве, паглядзелі прадукцыю малочных прадпрыемстваў. Усё гэта ўжо зараз можна ўбачыць на паліцах нашых хабараўскіх магазінаў. Але часта не было прамых дагавораў аб пастаўках. Таму мы прывезлі прадпрымальнікаў, якія кантралююць 80% рознічнага рынку нашай вобласці. Па ўсіх пазіцыях мы будзем закупляць прадукцыю.

Акрамя таго, учора на сустрэчы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сказаў, што прыйшоў час для сумесных прадпрыемстваў. Такая ж задача была пастаўлена і нашым Прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Гэта будуць новыя прадпрыемствы і вытворчасці. У першую чаргу – транспартна-лагістычны комплекс. Другая чарга – зборка і сэрвіс прадукцыі машынабудаўнічых заводаў Беларусі. Мы гатовы бясплатна прадастаўляць пляцоўкі на тэрыторыі апераджальнага развіцця, дзе ўсе на 5 гадоў вызваленыя ад падаткаў. Для зборкі грузавых машын, пасажырскіх тралейбусаў і аўтобусаў, сельскагаспадарчай і дрэваапрацоўчай тэхнікі. Працоўныя рэсурсы ёсць, газ і электрычнасць ёсць, зямля ёсць. Беларусі трэба быць бліжэй да ўсходніх рынкаў. Учарашняе ўказанне Прэзідэнта Беларусі непасрэдна тычыцца Хабараўскага краю».

Гаворачы аб выніках гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Хабараўскім краем Расійскай Федэрацыі ў апошнія некалькі гадоў, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар адзначыў, што дынаміка ўзаемнага гандлю адзначаецца станоўчая.

«У 2021 годзе, нягледзячы на складаную эпідэміялагічную сітуацыю, нам удалося забяспечыць прырост узаемнага тавараабароту ў 2,1 раза ў параўнанні з 2020 годам і дасягнуць лічбы $18 млн, паводле даных Нацыянальнага статкамітэта Рэспублікі Беларусь. У студзені-сакавіку 2022 года тавараабарот Рэспублікі Беларусь і Хабараўскага краю склаў $6,2 млн і павялічыўся яшчэ ў 2,5 разы. Асноўнымі пазіцыямі беларускага экспарту ў Хабараўскі край з’яўляюцца транспартныя сродкі, машыны і абсталяванне, прадукты харчавання.

У канцы сакавіка праведзена першае сумеснае пасяджэнне рабочай групы па супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь і Хабараўскага краю ў фармаце відэаканферэнцы,і і зараз, праз месяц з невялікім, мы сустрэліся на беларускай зямлі ў вочным фармаце. Лічу, што неабходна і далей захоўваць тэмп узаемадзеяння, які зададзены, і працягваць працу па розных напрамках.

Што датычыцца развіцця гандлёва-эканамічных адносін, канкрэтных суб’ектаў гаспадарання, то важнай стартавай падзеяй у гэтым напрамку стала правядзенне ўчора ў Мінску на базе Беларускай гандлёва-прамысловай палаты бізнес-сустрэчы прадпрыемстваў нашай краіны і Хабараўскага краю. У межах гэтай сустрэчы былі прадстаўлены патэнцыялы Магілёўскай вобласці, Хабараўскага краю, а таксама адбыліся перагаворы, у якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі 11 камерцыйных арганізацый Хабараўскага краю і 24 камерцыйных арганізацый Рэспублікі Беларусь. Сустрэча паказала ўзаемную зацікаўленасць нашых кампаній у выбудоўванні ўзаемавыгадных камерцыйных адносін. Акрамя таго, ужо праводзіцца актыўная праца па супрацоўніцтве непасрэдна нашых гандлёва-прамысловых палат. Так, паміж Магілёўскім аддзяленнем Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і Далёкаўсходняй гандлёва-прамысловай палатай наладжаны абмен інфармацыяй аб выставачна-кірмашовых мерапрыемствах, канферэнцыях, семінарах і іншых мерапрыемствах. БелГПП накіравала расійскаму боку каляндар выставачных мерапрыемстваў і кангрэсаў, якія пойдуць у Рэспубліцы Беларусь у 2022 годзе, з запрашэннем прыняць у іх удзел. Праводзяцца перагаворы і рабочыя сустрэчы ў рэжыме анлайн».

Значным вынікам сённяшняй сустрэчы ў Магілёве стала падпісанне Анатолем Ісачанкам і Міхаілам Дзегцяровым актуалізаванага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Хабараўскага краю ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, сацыяльнай, культурнай і іншых сферах і адпаведнага плана мерапрыемстваў па яго рэалізацыі на 2022–2024 гады. Падпісанне гэтых дакументаў павінна стаць асновай нарошчвання ўзаемнага знешнегандлёвага абароту, рэалізацыі эфектыўнай палітыкі імпартазамяшчэння і ўмацавання сувязяў у сацыяльнай сферы.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая