RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Меры па ахове жыцця людзей, а таксама папярэджанне няшчасных выпадкаў на вадаёмах абмеркавалі ў Магілёўскім аблвыканкаме

У Магілёўскім аблвыканкаме адбылася відэаканферэнцыя па пытанні стабілізацыі становішча з гібеллю людзей на водных аб’ектах.

Падчас пасяджэння абмяркоўваліся меры па ахове жыцця людзей, а таксама папярэджанне няшчасных выпадкаў на вадаёмах вобласці.

Як адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, нягледзячы на тое, што ў Прыдняпроўскім краі пытанню бяспекі людзей на вадаёмах надаецца шмат увагі, у летні перыяд задзейнічаны ўсе кампетэнтныя органы ўлады, пытанне застаецца не да канца вырашаным і на вадаёмах працягваюць адбывацца няшчасныя выпадкі.

Аналізуючы прычыны гібелі, можна сказаць, што асноўная частка – гэта парушэнне мер бяспекі на вадзе. Людзі купаюцца ў незнаёмых і забароненых месцах з небяспечнай глыбінёй.

Яшчэ ў пачатку летняга перыяду па даручэнні ўрада было прынята рашэнне абследаваць і прывесці ў належны парадак традыцыйныя масавыя месцы для купання.

Аднак, па словах Валерыя Малашкі, задача па добраўпарадкаванні стыхійных месцаў для адпачынку на вадаёмах у рэгіёне да гэтага часу застаецца нявырашанай. Хоць гэта вельмі добрая альтэрнатыва ўсім афіцыйным пляжам, на купанне на якіх ініцыявана забарона. (На сённяшні дзень з-за нездавальняльных пробаў вады Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя выступае за закрыццё 9 з 48 афіцыйных пляжаў Магілёўскай вобласці, – заўв.).

«Мы павінны спыніць сумную статыстыку гібелі людзей на вадзе, – падкрэсліў Валерый Малашка. – Лета не скончылася, як і купальны сезон у цэлым».

Несуцяшальныя лічбы агучыў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на водах» (АСВОД) Канстанцін Іваноў: «З пачатку гэтага года на вадаёмах вобласці пры розных абставінах загінула 58 чалавек, з якіх 8 – непаўналетнія. У стане алкагольнага ап’янення знаходзілася 15 чалавек. Цяпер у рэгіёне вядзецца мэтанакіраваная работа на папярэджанне гібелі людзей на вадзе. У першую чаргу – гэта прафілактычныя мерапрыемствы». 

Акрамя інфармацыйнага складніка, перыядычна праводзяцца праверачныя рэйды як супрацоўнікамі міліцыі, так і грамадскімі мабільнымі групамі ў месцах масавага адпачынку ля вады. Тым не менш сітуацыя застаецца напружанай.

Па выніках нарады было вырашана распрацаваць і зацвердзіць план сумесных мерапрыемстваў, а таксама дадаткова арганізаваць інфармаванне насельніцтва аб правілах паводзін на водных аб’ектах. Старшыням гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў прапанавана тэрмінова прыняць меры па абсталяванні альбо ліквідацыі стыхійных месцаў масавага адпачынку насельніцтва на вадаёмах, праверыць наяўнасць інфармацыйных і забараняльных знакаў, узмацніць працу па забеспячэнні правапарадку ў месцах, забароненых для купання, сумесна з ратавальнікамі праводзіць рэйдавыя мерапрыемствы ў выхадныя дні і г. д. 

«Становішча на водных аб’ектах у рэгіёне патрабуе прыняцця дзейсных мер, і гэту задачу неабходна вырашаць сумеснымі намаганнямі», – падсумаваў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама.

Галіна Гаўрыловіч, фото аўтара

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая