RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Новыя кірункі супрацоўніцтва Магілёўскай і Новасібірскай абласцей абмеркавалі бакі падчас сустрэчы ў Магаблвыканкаме

Прадстаўнікі Новасібірскай вобласці наведалі 3 сакавіка Магілёў. Падчас сустрэчы старшыні Магаблвыканкама Анатоля Ісачанкі з расійскай дэлегацыяй на чале з першым намеснікам губернатара Новасібірскай вобласці Юрыем Петуховым бакі абмеркавалі неабходнасць аб’яднаць намаганні ў пошуку новых напрамкаў супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі.

«Нашы рэгіёны аб’ядноўвае даўняе моцнае сяброўства. З кожным днём яно напаўняецца значнымі мерапрыемствамі і падзеямі, спрыяе рэалізацыі ўзаемавыгадных праектаў і культурных абменаў, – адзначыў Анатоль Ісачанка. – Свой пачатак міжрэгіянальнае супрацоўніцтва паміж Магілёўскай і Новасібірскай абласцямі бярэ з моманту падпісання пратаколу намераў аб развіцці супрацоўніцтва паміж Магілёўскім абласным выканаўчым камітэтам і ўрадам Новасібірскай вобласці ў межах праведзенага III Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Мінску ў чэрвені 2016 года.

У 2018 годзе на пятым Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які праходзіў на Магілёўшчыне, мы падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай галінах. У снежні 2020 года быў падпісаны план мерапрыемстваў па рэалізацыі пагаднення паміж Магілёўскім абласным выканаўчым камітэтам і ўрадам Новасібірскай вобласці аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай галінах на 2020–2022 гады.

Апошнія гады ў знешнім гандлі адзначаецца зніжэнне дзелавой актыўнасці суб’ектаў гаспадарання нашых рэгіёнаў. Па выніках 2021 года тавараабарот паміж Магілёўскай і Новасібірскай абласцямі склаў $9,4 млн, што на $1,3 млн менш, чым у 2020 годзе.

У структуры экспарту пераважаюць пастаўкі мэблі, ліфтаў, шын, жэлаціну, запасных частак, тары пластмасавай. У Магілёўскую вобласць з Новасібірскай вобласці пастаўляюцца рухавікі электрычныя, розныя камплектуючыя, інвентар для заняткаў фізкультурай, пракат плоскі, пліты з пластмас. Разам з тым, узровень і маштаб гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, на наш погляд, не адпавядае наяўнаму патэнцыялу нашых рэгіёнаў. Мы бачым значныя магчымасці ў пашырэнні ўзаемных паставак прадукцыі.

Жыццё змяняецца, і знешні свет таксама: падзеі, якія адбываюцца вакол нашай краіны і Расіі, на ўсіх аказваюць негатыўнае ўздзеянне. Але для нас гэта чарговая магчымасць, каб паглыбляць супрацоўніцтва і знаходзіць новыя пункты судакранання. Сёння ў гэтым трэба шукаць перавагі і аб’ядноўваць нашы намаганні. Ёсць напрамкі, у рэалізацыі якіх мы хацелі б атрымаць садзеянне.

Спадзяёмся, вынікам сустрэчы стане садзеянне перапрацоўчым прадпрыемствам Магілёўскай вобласці: малочнай кампаніі «Бабушкина крынка», «Магілёўскаму мясакамбінату», «Бабруйскаму мясакамбінату», «Булачна-кандытарскай кампаніі “Дамачай”» і іншым – у наладжванні сувязяў з буйнымі гандлёвымі сеткамі Новасібірскай вобласці. Хацелася б адзначыць зацікаўленасць нашых прадпрыемстваў «Магілёўліфтмаш» і «Белшына» ў павелічэнні аб’ёму паставак ліфтаў і новай прадукцыі – ротарных парковак, шын. Таксама мы зацікаўленыя ў далейшым паглыбленні супрацоўніцтва паміж Горацкім раёнам і навукаградам Кальцова.

Неабходна таксама працягваць развіццё ўзаемадзеяння нашых ВНУ. У сувязі з гэтым будзем рады бачыць прадстаўнікоў студэнцтва прыняць удзел у 14-й Міжнароднай навукова-тэхнічнай канферэнцыі «Тэхніка і тэхналогія харчовых вытворчасцяў», якая праводзіцца Беларускім дзяржаўным універсітэтам харчовых і хімічных тэхналогій у красавіку 2022 года. Сёння Беларуска-расійскі ўніверсітэт падтрымлівае цесныя сувязі з Новасібірскай дзяржаўным тэхнічным універсітэтам і таму нам неабходна на іх базе развіваць студэнцкае супрацоўніцтва, ажыццяўляць абмен культурнай спадчынай і традыцыямі. Да прыкладу, добры напрамак – студатрадаўскі рух, сумесныя будоўлі. Гэта вельмі зараджае нашу моладзь, такое сяброўства захоўваецца на працягу многіх гадоў.

Устаноўленае супрацоўніцтва паміж Магілёўскім агенцтвам рэгіянальнага развіцця і цэнтрамі развіцця прадпрымальніцтва і рэгіянальнага развіцця Новасібірскай вобласці таксама павінна спрыяць усталяванню кантактаў арганізацый малога бізнесу».

Запрасіў Анатоль Ісачанка прадстаўнікоў Новасібірскай вобласці ў якасці ганаровых гасцей на мерапрыемствы, якія будуць праводзіцца на Магілёўшчыне сёлета ў сферы эканомікі і культуры. Гэта штогадовы Міжнародны інвестыцыйны форум «Млын поспеху», Рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»), фестывалі «Залатая пчолка», «Анімаёўка» і «Вялікая бард-рыбалка».

У сваю чаргу Юрый Петухоў адзначыў, што дзеянне плана мерапрыемстваў, вызначаных пагадненнем паміж абласцямі, заканчваецца восенню 2022 года, аднак бакі зацікаўлены працягнуць супрацоўніцтва.

«Мы ўжо дамовіліся, што да канца года падвядзём вынікі існуючых праектаў і намецім планы на будучыню. Пасля таго як дакумент будзе падпісаны і запушчаны ў працу, важна надаць асаблівую ўвагу рэалізацыі сумесных мерапрыемстваў, – сказаў ён. – Хочацца пераходзіць у працы на канкрэтныя рэчы».

Падчас візіту прадстаўнікі дэлегацыі азнаёміліся з прадпрыемствамі і знакавымі аб’ектамі абласнога цэнтра. У праграму наведвання ўвайшлі ААТ «Магілёўліфтмаш», абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па вяслярных відах спорту, абласная клінічная бальніца.

Юрый Петухоў падкрэсліў, што прадукцыя «Магілёўліфтмаша» карыстаецца попытам у іх рэгіёне. Падчас наведвання прадпрыемства, ацаніўшы прадстаўленыя новыя распрацоўкі, бакі дамовіліся аб тым, што ў Новасібірскай вобласці адбудзецца іх паўнавартасная прэзентацыя.

«Для гэтага будзе абрана і падрыхтавана неабходная пляцоўка. Мы разумеем, што прадстаўленыя навінкі будуць актуальныя для нас, паколькі ў рэгіёне рэалізуецца праграма капітальнага рамонту жыллёва-камунальнай сферы, вядзецца актыўнае будаўніцтва, – падкрэсліў першы намеснік губернатара Новасібірскай вобласці. – І хоць на сёння адзначана невялікае зніжэнне тавараабароту паміж нашымі рэгіёнамі, я перакананы, што ў найбліжэйшы час мы выйдзем на «дапандэмійны» ўзровень. Гэта відавочна. Калі гаварыць у цэлым аб супрацоўніцтве з Рэспублікай Беларусь, наш тавараабарот у 2021 годзе павялічыўся больш чым на 60%. І гэта не мяжа. А падзеі, якія адбываюцца вакол, толькі падштурхоўваюць пашыраць і ўмацоўваць наша ўзаемадзеянне.

Хочацца адзначыць, што мы супрацоўнічаем не толькі ў сферы эканомікі, але і ў гуманітарнай. Наладжаны сувязі ў сферах адукацыі і культуры, спадзяёмся, што яны будуць працягнутыя».

Як расказаў намеснік старшыні Магаблвыканкама Руслан Страхар, Магілёўская вобласць традыцыйна надае асаблівую ўвагу ўзаемадзеянню з расійскімі рэгіёнамі.

«Навасібірская вобласць, у прыватнасці, з’яўляецца важным стратэгічным партнёрам. Мы ўжо выбудавалі цесныя стасункі па многіх напрамках як у прамысловай кааперацыі, так і культурнага абмену творчымі калектывамі, супрацоўніцтва паміж ВНУ. Аднак цяпер мы бачым унікальную магчымасць паглыбіць іх, прывабіць у гэты працэс малы і сярэдні бізнес.

Сёння, наведваючы прамысловыя прадпрыемствы вобласці, мы яшчэ раз пераканаліся, што сумеснымі намаганнямі, выкарыстоўваючы навуковы патэнцыял нашых рэгіёнаў і прамысловы патэнцыял прадпрыемстваў, мы можам замяшчаць вельмі многія тавары, якія на дадзены момант апынуліся па тых ці іншых прычынах пад санкцыйнай забаронай. Таму знешнепалітычны крызіс мы разглядаем, як магчымасць вызначыць новыя пункты росту па многіх напрамках».

Юлія Таранава, фота Андрэя Сазонава, СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая