RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі ветэранскія арганізацыі Магілёўскай вобласці і Прыморскага краю

Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі ветэранскія арганізацыі Магілёўскай вобласці і Прыморскага краю. Зацверджванне дакумента адбылося падчас двухбаковай сустрэчы, якая прайшла сёння ў фармаце відэаканферэнцыі і стала часткай мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў межах Дзён Рэспублікі Беларусь у Прыморскім краі.

Пагадненне стане адпраўным пунктам у актывізацыі ўзаемнай работы па сацыяльнай абароне і падтрымцы ветэранаў, патрыятычным выхаванні моладзі, упэўнены старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Анатоль Глаз. І апошні напрамак у цяперашніх умовах асабліва актуальны. Штогод працы з падрастаючым пакаленнем ветэранскія арганізацыі надаюць вялікую ўвагу. Праводзяцца разнастайныя акцыі, конкурсы, працуюць дыялогавыя пляцоўкі па актуальных пытаннях. Школьнікі Магілёва нясуць Вахту Памяці на плошчы Славы. Піянеры захавалі традыцыю гульняў «Зарніца», «Арляня». На базе кадэцкага вучылішча ствараецца абласны патрыятычны цэнтр. Але гэтыя формы працы не прынясуць станоўчага выніку, калі ў сферы адукацыі не павялічыць аб’ёмы вывучэння гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, не выйсці за межы кабінетных урокаў.

«У гэтай працы як ніколі трэба адзінства, узгодненасць дзеянняў усіх сіл: улады, дэпутацкага корпуса, грамадзянскай супольнасці, ветэранскай і моладзевай супольнасці, – звярнуў увагу старшыня Прыморскага краявога Савета ветэранаў вайны, працы, Узброеных Сіл і праваахоўных органаў Дзмітрый Грыгаровіч. – Навучэнцы агульнаадукацыйных школ дрэнна ведаюць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Гэтай тэме надаецца зусім мала часу. І магчыма, дзеля мільёнаў загінулых, варта ўвесці спецыяльны прадмет. Маладое пакаленне павінна ведаць усе жахі вайны і выразна адстойваць сваю пазіцыю, заснаваную на веданні горкай цаны, якую нашы народы заплацілі за перамогу, разумець, што такое нацызм, нягледзячы на ўсе інфармацыйныя ўкіды».

Дзмітрый Грыгаровіч адзначыў са станоўчага боку рашэнне зноў ўвесці ў беларускіх школах пасаду кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. «Шчыра, мы вам зайздросцім, – сказаў ён. – Сёння важна больш прадметна, канкрэтна і якасна займацца пытаннямі патрыятычнай накіраванасці. Мы вас у гэтым падтрымліваем і вывучым вопыт, каб не толькі абмеркаваць сярод ветэранскага грамадства Прыморскага краю, але і выйсці на ўсю Расію. У нашых агульнаадукацыйных установах робіцца нямала. Дзейнічаюць патрыятычныя клубы, праводзяцца тэматычныя мерапрыемствы, але быў бы ў школе чалавек з пагонамі, ад гэтага мы б толькі выйгралі».

Аб неабходнасці «жывой» працы з дзецьмі гаварыў і старшыня грамадскага аб’яднання «Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру» Мікалай Барысенка. «Немагчыма выхаваць патрыёта толькі ў аўдыторыі, толькі падчас класных гадзін, – падкрэсліў ён. – Пры складанні планаў вучэбна-выхаваўчай работы абавязкова трэба прадугледжваць экскурсіі, непасрэдны ўдзел хлопцаў у пошукавых экспедыцыях па месцах баёў, прыводзіць, паказваць у раскопках, наколькі жорсткая вайна. Каб дзеці разумелі: калі яна здарыцца, нікому не ўдасца адседзецца ці схавацца. Тэзіс «навучыць памятаць» тут асабліва актуальны.

 

Аб сваім вопыце выкладання расказала падчас дыялогу старшыня Каардынацыйнага Савета грамадскіх арганізацый і палітычных партый г. Магілёва, намеснік дырэктара сярэдняй школы № 34 Галіна Бяляева. Настаўніца гісторыі распрацавала інтэрактыўную карту «Абарона Магілёва: 23 гераічныя дні». Візуальныя магчымасці праграмы дазваляюць карыстальніку наглядна па днях убачыць прасоўванне нямецка-фашысцкіх войскаў па тэрыторыі Беларусі ў чэрвені-ліпені 1941 года. У сувязі з тым, што праграма прысвечана абароне Магілёва, акцэнт робіцца на падзеі, якія разгортваюцца на Дняпроўскім рубяжы.

«Патрыятызму нельга навучыць, але можна паказаць прыклад гераізму і самаадданасці папярэдніх пакаленняў, уласнай грамадзянскай пазіцыі, канкрэтнай працы на карысць свайго народа, нашай краіны, – падкрэсліла Галіна Бяляева. – Як настаўнік, я разумею, што выхаваць патрыёта без ведання сваёй гісторыі, каштоўнасна-сэнсавага, эмацыйнага складніка немагчыма».

А гаварыць пра гісторыю нашай краіны нельга без увязкі з брацкім народам Расіі. «Моцныя повязі паміж нашымі народамі, эканамічныя, культурна-гістарычныя і сацыяльна-палітычныя адносіны, безумоўна, звязаныя з нашай агульнай гераічнай гісторыяй, подзвігамі нашых землякоў, воінаў-вызваліцеляў, – адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. – Першыя дні вайны Магілёў і горад-герой Смаленск сталі аднымі з першых гарадоў, якія далі адчайны адпор захопнікам. 23 гераічныя дні працягвалася абарона Магілёва. Яшчэ даўжэй – амаль 2 месяцы – знакамітая Смаленская бітва. І абодва гэтыя эпізоды сталі папярэднікамі вырашальнай бітвы за Маскву».

Сёння ў Магілёўскай вобласці праводзіцца маштабная работа па далейшай музеефікацыі Буйніцкага поля. Плануецца, выкарыстоўваючы вопыт расійскіх калег, пабудаваць сучасны музей, які стане цэнтрам прыцягнення ўсіх намаганняў і сродкаў па захаванні гістарычнай памяці ваенных гадоў. Актывізаваны пошукавы рух, расказаў Валерый Малашка. «У часу свае законы. Але ёсць падзеі, над якімі час не ўладны. Мы разам павінны захаваць і данесці да будучых пакаленняў праўду аб Вялікай Айчыннай вайне. І гэта стане надзейным падмуркам упэўненасці ў нашай праваце, прымусіць задумацца ў будучыні агрэсара: ці варта вырашаць спрэчкі з дапамогай сілы?» – канстатаваў ён.

Вольга Емельянава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая