RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пасяджэнне абласнога выканаўчага камітэта адбылося ў Магілёве

Пасяджэнне абласнога выканаўчага камітэта адбылося сёння ў Магілёве. На парадак дня былі вынесены пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця і выканання бюджэту вобласці за I квартал 2022 года, а таксама рэалізацыі дзяржаўнай кадравай палітыкі структурнымі падраздзяленнямі аблвыканкама па забеспячэнні кваліфікаванымі кадрамі арганізацый адпаведных галін.

Гаворачы аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна, старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка адзначыў неабходнасць пошуку новых інструментаў для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.

«Ва ўмовах санкцыйнага ціску Магілёўская вобласць спрацавала нядрэнна, мы выканалі асноўныя паказчыкі, быў сфарміраваны запланаваны бюджэт. А гэта значыць выдаткі на сацыяльную сферу будуць ажыццёўлены ў поўным аб’ёме, – падкрэсліў ён. – Пры гэтым мы выразна разумеем, што трэба развівацца далей. Прагматычны і добры шлях для гэтага – інвестыцыі. Да нядаўняга часу мы шчыльна працавалі з Еўропай па розных напрамках і праектах. На сёння гэтыя напрамкі замарожаныя, аднак для нас адкрываецца акно новых магчымасцяў, дзе мы можам актыўна працаваць. Напрыклад, у Расіі і шэрагу іншых краін, якія сёння маюць патрэбу ў імпартазамяшчэнні. Нядаўна мы наведвалі Ленінградскую вобласць Расійскай Федэрацыі, дзе знайшлі шмат цікавых праектаў, сустракаліся з прадстаўнікамі Хабараўскага краю Расійскай Федэрацыі, дзе таксама намеціўся шэраг напрамкаў для супрацоўніцтва. Ужо складзена дарожная карта, па якой мы плануем сваю працу.

Інвестыцыі патрэбныя для таго, каб вырабляць той прадукт, які сёння запатрабаваны. Будаўніцтва магазіна ці іншага аб’екта – гэта таксама свайго роду інвестыцыі, аднак яны не даюць развіцця рэгіёну. Трэба больш сыходзіць у вытворчасць таго ці іншага віду прадукцыі – гэта, сапраўды, прыклад добрых укладанняў. Мы, са свайго боку, гатовыя аказаць падтрымку тым інвестарам, якія будуць прыходзіць. Але для гэтага, у першую чаргу, патрэбна ініцыятыва з месцаў. Каб рэгіёны, іх кіраўнікі і службы, былі зацікаўленыя ў гэтым.

З гэтага плаўна выцякае другое пытанне, якое абмяркоўваецца сёння на пасяджэнні і якое тычыцца кадравай палітыкі. Для таго каб вырашаць задачы, якія стаяць перад намі, патрэбны моцныя кадры. У нас па дадзеным кірунку, вядома, ёсць станоўчыя моманты, але маюцца і недахопы. Сёння мы іх абмеркавалі і дамовіліся, што па выніках дзевяці месяцаў яшчэ раз вернемся да гэтага пытання і дадаткова разгледзім яго».

Як падкрэсліў Анатоль Ісачанка падчас пасяджэння, кадры – аснова ўсяго. Таму асаблівая ўвага павінна быць нададзена фарміраванню кадравага рэзерву і яго эфектыўнаму выкарыстанню. Акрамя таго, была пазначана неабходнасць надаць увагу працы з маладымі спецыялістамі, у тым ліку, накіраванай на замацаванне іх на першых працоўных месцах.

У сваю чаргу намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар расказаў, што па выніках працы за першы квартал з чатырох даведзеных урадам мэтавых прагнозных паказчыкаў выкананы тры:

«У іх ліку – тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал, узровень сярэднямесячнай заработнай платы і паступленне ўласных даходаў у бюджэт. Самае важнае, нягледзячы на складанасці, выкліканыя санкцыйным ціскам, мы канстатуем, што эканоміка рэгіёна ў цэлым працуе стабільна і яна кіруецца. Большасць прамысловых прадпрыемстваў працуе ў штатным рэжыме. Безумоўна, мы адчулі пэўныя цяжкасці, звязаныя з рэалізацыяй нашай прадукцыі ў бок Еўрапейскага Саюза. Разам з тым, сёння кожным прадпрыемствам у рэгіёне прымаюцца меры па дыверсіфікацыі экспарту. Дарэчы, па выніках першага квартала аб’ём экспарту склаў $636 млн з ростам амаль на 20%.

Санкцыйны ціск адносна экспарту на тэрыторыю Еўрапейскага Саюза мы стараемся замяшчаць за кошт паставак у Расію і краіны Паўднёва-Усходняй Азіі, у тым ліку Кітай. Трэба адзначыць, што сыход шэрагу еўрапейскіх кампаній з расійскага рынку для нас – добрая магчымасць зайсці туды. А па многіх напрамках, дзе мы ўжо прадстаўлены, павялічыць сваю прысутнасць. Зараз намі сумесна з Расійскай Федэрацыяй на ўзроўні міністэрстваў прамысловасці і гандлю праводзіцца вялікая праца па фарміраванні тэхналагічных карт кампетэнцый, што дазволіць нам вызначыць, якія канкрэтна пазіцыі, што раней імпартаваліся, мы можам вырабляць самі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь альбо Расійскай Федэрацыі.

Сумеснае імпартазамяшчэнне – гэта новы важны кірунак, над якім мы зараз працуем. Да яго мы будзем старацца прыцягваць нашы малыя і сярэднія прадпрыемствы з іх мабільнасцю і тэхналагічнымі магчымасцямі. Каб у працягу кароткага прамежку часу па магчымасці замяніць адсутныя таварныя пазіцыі. І якраз у гэтым кірунку мы бачым магчымасці росту эканомікі як Магілёўскай вобласці, так і Рэспублікі Беларусь у цэлым».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая