RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пасяджэнне Камісіі Парламенцкага сходу па інфармацыйнай палітыцы Беларусі і Расіі прайшло сёння ў Магілёве

Пасяджэнне Камісіі Парламенцкага сходу па інфармацыйнай палітыцы Беларусі і Расіі адбылося сёння ў Магілёве. У межах дзелавога візіту ў абласным выканаўчым камітэце таксама адбылася сустрэча дэлегатаў са старшынёй аблвыканкама Анатолем Ісачанкам.

«Сёння інфармацыйнае, медыйнае поле набывае галоўны напрамак у святле працэсаў ідэалагічнага супрацьборства, якія адбываюцца. Як супрацьдзейнічаць фэйкам? Для гэтага неабходна больш актыўна выходзіць у інтэрнэт-прасторы, – падзяліўся меркаваннем падчас размовы з журналістамі Анатоль Ісачанка. – Галоўнае – гаварыць праўду: не саромецца заяўляць як аб дасягненнях і планах, так і аб пытаннях і праблемах, шляхах іх вырашэння. Таму што ўсе фейкі, якія ўкідваюцца, не адпавядаюць рэчаіснасці, аднак нам нейкім чынам даводзіцца пасля апраўдвацца. Нашто нам гэта рабіць? Мы мусім працаваць для нашай краіны, для нашых людзей. І калі ў нас гэта атрымліваецца, трэба ганарыцца і расказваць пра гэта. Але калі з нейкіх прычын нешта не атрымалася, то і пра гэта таксама трэба казаць. Каб было зразумела, чаму так адбылося, чаго не хапіла ці дзе мы спатыкнуліся. Нічога, вернемся назад і выправім. Самае галоўнае, каб праца была накіравана на дзяржаву і на людзей. І калі, на мой погляд, мы будзем дзейнічаць так, людзі будуць усё разумець. Галоўнае, быць паслядоўнымі і сумленнымі».

Аб захаванні інфармацыйнай бяспекі, прыярытэтах і ролі рэгіянальных медыяў у асвятленні інтэграцыйных працэсаў расказаў старшыня Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па інфармацыйнай палітыцы Генадзь Давыдзька:

«Ідзе барацьба за грамадскую думку. Вельмі важна сёння кожнаму чалавеку разумець гэта. Звяртаюся да нашага рэферэндуму, напрыклад, напярэдадні якога была праведзена вялізная праца з людзьмі, грамадскімі дзеячамі і арганізацыямі. Кожны тады зразумеў, навошта гэта трэба. Сапраўды гэтак жа зараз неабходна ўсімі шляхамі тлумачыць людзям ісціну. У Год гістарычнай памяці неабходна даносіць гістарычную праўду. Сэнсавыя акцэнты часам важнейшыя за самі падзеі, якія адбываюцца. Няпраўдзівая інфармацыя штурхае чалавека на няправільныя ўчынкі. Чысціня інфармацыі, піццё з чыстай інфармацыйнай крыніцы, дакладнай і праўдзівай, вельмі важныя для жыццядзейнасці і самога жыцця чалавека. Таму такая вялікая ўвага сёння надаецца інфармацыйнай прасторы. Дарэчы, дэпутаты Парламенцкага сходу працуюць над заканадаўствам, якое засцеражэ людзей ад фэйкаў і гістарычна няправільных звестак.

Ціск на нас звонку, які зараз аказваецца на Беларусь і Расію, робіць нас мацнейшымі і адкрывае новыя магчымасці. Мы бачым паслядоўнасць у прыняцці рашэнняў нашага Прэзідэнта. Тое ж самае зараз адбываецца і ў Расійскай Федэрацыі. Мы сталі сведкамі таго адзінства і аднадумства, якое праяўляюць зараз лідары Саюзнай дзяржавы.

У сваю чаргу намеснік старшыні камісіі Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы па інфармацыйнай палітыцы Сяргей Пахомаў адзначыў, што інфармацыйная прастора жыве па асаблівых правілах. І часта гэтыя правілы не маюць нічога агульнага з паняццем маралі:

«Нам неабходна працаваць з гэтым інфармацыйным парадкам дня тымі метадамі, якія на сённяшні дзень могуць прайграваць, – сумленнымі, адкрытымі і прыстойнымі. Мы бачым, як у інфармацыйнай прасторы дзейнічаюць нашыя былыя партнёры. Але мы будзем весці сваю працу так, як умеем і ведаем, у межах прававых юрысдыкцый. У гэты няпросты час асабліва важна думаць аб будучыні. І тыя магчымасці, якія адчыніліся, будзем выкарыстоўваць для развіцця, пераацэнкі асобных каштоўнасцей і ўмацавання нашых інтарэсаў. Праўда заўсёды пераможа».

Пасля сустрэчы парламентарыі прынялі ўдзел у цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак да мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле» і памятнага каменя Канстанціну Сіманаву. А пасля на пасяджэнні Камісіі Парламенцкага сходу па інфармацыйнай палітыцы яны абмеркавалі пытанні дзейнасці саюзных СМІ і ролю рэгіянальных медыяў у асвятленні інтэграцыйных працэсаў.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч, Марыям Табагары і Рамана Руцкага.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая