RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пошукавікаў гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру» ўзнагародзілі медалямі і знакамі Міністэрства абароны Расіі

Пошукавікаў Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру» ўзнагародзілі медалямі Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі «За заслугі ва ўвекавечанні памяці загінулых абаронцаў Айчыны» і знакамі «За адзнаку ў пошукавым руху» III ступені. Мерапрыемства адбылося сёння ў Музеі гісторыі Магілёва.

Ганаровую місію выканаў аташэ Пасольсва Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Максім Таміхін, які выказаў магілёўцам падзяку за важную і адказную працу па захаванні гісторыі. Медалёў былі ўдастоены нязменны кіраўнік клуба, ваенны гісторык, пісьменнік Мікалай Барысенка і пошукавік Сяргей Поразаў, знакаў – Яўген Бацанаў, Сяргей Бяспанскі, Ілья Трыханаў, Анатоль Даронін, Андрэй Пруднікаў.

Даўно вядома: мільёны савецкіх салдат і камандзіраў падчас вайны без вестак зніклі на фронце, у тыле, партызанскіх атрадах. Іх няма сярод тых, хто выжыў, але няма і сярод мёртвых, іх афіцыйна ніхто не хаваў. З нябыту гэтых байцоў вяртае пошукавы клуб «Віккру», створаны ў Магілёве ў 1994 годзе. Гэта грамадская арганізацыя аб’ядноўвае ўсіх, хто неабыякавы да ваеннага мінулага роднага краю. У складзе – студэнты, краязнаўцы, навукоўцы, гісторыкі, інжынеры, пісьменнікі, музейныя работнікі, журналісты, вайскоўцы і афіцэры запасу. Выпадковых людзей тут няма. Штогод удзельнікі клуба праводзяць краязнаўчыя пошукавыя экспедыцыі на месцах лютых бітваў у Магілёўскай вобласці і на памежжы Віцебскай, Мінскай і Гомельскай абласцей. Разам з 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам Міністэрства абароны за гады дзейнасці былі выяўлены дзясяткі невядомых раней пахаванняў, падняты і перапахаваны астанкі амаль 1,5 тыс. байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, устаноўлены імёны 91 з іх. Месцы для пошукаў вызначаюць па архіўных дакументах, фатаграфіях таго часу, успамінах відавочцаў. Дзякуючы працы ў Цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, а таксама паводле інфармацыі расійскіх сайтаў «Мемарыял», «Подзвіг народа», «Памяць народа» ўстаноўлены імёны амаль 26,5 тыс. абаронцаў Магілёўшчыны, якія раней лічыліся прапаўшымі без вестак.

Высокія ўзнагароды Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі вельмі ганаровыя, адзначыў падчас узнагароджання Мікалай Барысенка. Гісторык падкрэсліў: магілёўскія пошукавікі ўдастоены медалёў і знакаў не выпадкова. Дняпроўскі рубеж абараняла нямала ураджэнцаў з Кастрамской, Разанскай, Тульскай, Маскоўскай абласцей. «Яны прыбылі сюды якраз у той час, калі ў Заходняй вайсковай акрузе было вельмі цяжкае становішча: першы стратэгічны эшалон яе быў практычна разбіты, – расказаў Мікалай Барысенка. – Салдаты і камандзіры, якія сталі тут на абарону разам з мірнымі жыхарамі, рабілі ўсё магчымае, што было ў іх сілах. Крэпасцю духу яны скавалі танкавыя армады, якія рваліся да Масквы. Калі мы перададзім гэту крэпасць моладзі, ні адзін агрэсар не прыйдзе на нашу зямлю, ці, па меншай меры, задумаецца, ці варта ісці, ведаючы канец, які быў у вайне з нямецка-фашысцкімі акупантамі. Працуючы, мы бачым: нароўні з беларусамі зямлю абаранялі прадстаўнікі многіх нацый. І дзякуючы магутнаму яднанню мы перамаглі».

Вольга Емельянава, фота Галіны Гаўрыловіч 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая