RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прадстаўнікі НАК павіншавалі дзяцей з Чавускай абласной сярэдняй школы

Акцыя «Нашы дзеці» з кожным днём набірае абароты, усё больш адрасоў на карце краіны, куды прыходзяць цёплыя эмоцыі і падарункі. Сёння свята адбылося ў Чавускай абласной сярэдняй школе. Кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта павіншавала ўстанову адукацыі, дзе вучацца 100 хлопчыкаў і дзяўчынак. На свята прыехалі прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Лукашэнка, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, а таксама вядомыя спартсмены – чэмпіёны і прызёры Алімпійскіх гульняў Аляксандр Багдановіч, Сяргей Новікаў, Вадзім Стральцоў і Ірына Курачкіна. Вучні Чавускай абласной сярэдняй школы атрымалі ў падарунак ад гасцей абсталяванне для мадэрнізацыі камп'ютарнага класа – мультыборд, а таксама спартыўны інвентар, салодкія падарункі і фрукты. Дзеці і госці паўдзельнічалі ў навагоднім прадстаўленні.

– Мне ўдвая прыемна быць у вас, таму што Магілёўская вобласць – мая малая радзіма. Я сам нарадзіўся ў Магілёве і паўжыцця пражыў у Магілёўскай вобласці. Ведаеце, у якім бы ўзросце мы ні былі, заўсёды верым у цуды, жадаем, каб выконваліся нашы мары і жаданні. І гэты чароўны навагодні час найболей блізкі да таго, каб усё гэта спраўдзілася. Яркі таму прыклад – нашы знакамітыя спартсмены, якія сядзяць тут побач. Яны з простых сем'яў і некалі пачыналі свой спартыўны шлях. Але ў іх было вялікае жаданне, яны імкнуліся да сваёй мары і яе дасягнулі, – адзначыў падчас святочнага прадстаўлення прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Лукашэнка.

Ён пажадаў дзецям здароўя, шчасця і радасці. А яшчэ здзяйснення жаданняў і імкнення стаць вялікімі спартсменамі:

– Дзякуй, што запрасілі на сваё свята і паказалі такое цудоўнае прадстаўленне. Мы думалі, што прыехалі да спартсменаў, а тут і тэатр, і IT-тэхналогіі.

Спартсмен Аляксандр Багдановіч быў прыемна здзіўлены здольнасцямі і талентам дзяцей:

– Прыехалі з падарункамі, а атрымалі добры святочны настрой. Вашы эмоцыі даюць вялікі зарад пазітыву – тое, чаго не хапае дарослым: дзіцячага шчасця, усмешак. Нам вельмі прыемна, што дорыце сваё цяпло. У вас я ўбачыў сябе. Памятаю, як сам сядзеў на лавачцы і глядзеў, калі прыязджалі спартсмены. Я памятаю алімпійскіх чэмпіёнак Яніну Карольчык, Кацярыну Карстэн. Паверце, усё ў вашых руках. Нічога немагчымага не бывае, і я гэта ведаю. Тут сядзяць чэмпіёны, якія верылі ў тое, што яны могуць!

Сяргей Новікаў таксама застаўся ў захапленні ад пастаноўкі:

– Школа са спартыўным ухілам, але таленты ў вас і ў творчасці. Цешыць, што вы развіваецеся не толькі як спартсмены, але як асобы і людзі. Я таксама пачынаў сваю спартыўную кар'еру ў Чавусах. Мне здавалася, што гэта нязбытнае жаданне – стаць тытулаваным спартсменам. Але ўсё дасягаецца дзякуючы працы. У вас ёсць на каго раўняцца. Адсюль родам Дынара Алімбекава – алімпійская чэмпіёнка, якая выступае на міжнароднай арэне. Спадзяюся, будзеце за ёй сачыць падчас зімовай Алімпіяды ў Токіа. Хацеў бы павіншаваць усіх з надыходзячымі святамі. Няхай усе жаданні, якія вы загадалі, спраўдзяцца!

Дзеці, а ў спектаклі «Казка пра нястрачаны час» удзельнічалі тры дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак, яшчэ раз нагадалі, як важна шанаваць кожную хвіліну свайго жыцця і не губляць час у гаджатах. Дзевяцікласнік Дзяніс Леплін сыграў адну з галоўных роляў – Цара. Менавіта ён шукаў сабе нявесту і спыніў свой выбар на… Ірыне Курачкінай.

 

– Вырашылі дадаць інтэрактыў у прадстаўленне. Хваляваўся, але своечасова справіўся з перажываннямі. Захапляюся біятлонам, а спорт гартуе, вучыць не пасаваць. Ужо ўдзельнічаў у навагодніх пастаноўках, летась быў Кашчэем. У гэтым годзе адбыўся кар'ерны рост, – смяецца Дзяніс.

Педагог-арганізатар школы Вераніка Сяменчыкава расказала, што рыхтавацца да свята было складана – дзеці сумяшчаюць і вучобу, і трэніроўкі:

– Але мы вельмі ўдзячныя дзецям: пасля трэніровак яны не сядзелі ў тэлефонах, а з радасцю беглі на рэпетыцыю. На ўсю падрыхтоўку спатрэбілася прыкладна два тыдні. Першапачаткова канчатковай версіі сцэнарыя не было. Сюжэт пастаноўкі і нейкія цікавыя задумкі з'яўляліся падчас рэпетыцый, нешта прапанавала я, нешта знаходзілі дзеці. Удзельнічаць у гэтым прадстаўленні хацелі ўсе – нашы вучні вельмі таленавітыя і чулыя.

Пасля спектакля госці падарылі школе каштоўныя падарункі, а Ірына Курачкіна разыграла прэзенты ад сябе. Выйграў падарунак вучань 10-га класа Максім Ганчароў: дакладна адказаў на пытанне, калі яна заваявала свой медаль. Аказалася, што хлопчык – зямляк спартсменкі: родам з Круглянскага раёна. Хлопец паабяцаў: вучні апраўдаюць чаканні дарослых:

– Мы будзем ісці наперад упэўненымі крокамі!

Вучань падарыў ад школы кіраўніку НАК Віктару Лукашэнку насценны гадзіннік як напамін пра навагоднюю казку і пра тое, што дзякуючы падтрымцы дарослых дзеці не марнуюць час дарма, а бавяць яго з карысцю. Пасля вучні не ўпусцілі магчымасць зрабіць сэлфі са спартсменамі, а яшчэ ўзяць у іх аўтографы. Пасля прадстаўлення госці азнаёміліся з трэніровачнай базай установы адукацыі.

У Чавускай абласной школе з 18 раёнаў Магілёўскай вобласці праходзяць навучанне 100 дзяцей са шматдзетных, малазабяспечаных і праблемных сем'яў, дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў. Школа была створана 1 верасня 2014 года на базе Чавускай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Ва ўстанове функцыянуюць сем спецыялізаваных спартыўных класаў па біятлоне і цяжкай атлетыцы. Вучэбна-трэніровачны працэс праводзяць трэнеры-выкладчыкі Магілёўскай СДЮШАР БФСТ «Дынама» (аддзяленне цяжкай атлетыкі) і СДЮШАР Чавускага раёна (аддзяленне біятлона).

Для арганізацыі вучэбна-трэніровачнага працэсу ў школе ёсць сучасная зала цяжкай атлетыкі, рэканструяваная за кошт сродкаў Дзяржаўнага мытнага камітэта, хакейная і футбольная пляцоўкі, пляцоўка для стрытбола. У 2020 годзе ў Чавусах адкрыты біятлонны комплекс з лыжаролернай трасай на 1,5 км і сістэмай штучнага аснежвання. У комплекс уваходзіць біятлоннае стрэльбішча на 18 стралковых калідораў і адміністрацыйны будынак з трыбунай на 500 месцаў.

СБ, фота chausynews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая