RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Руслан Страхар абраны старшынёй Савета па міжрэгіянальным і прыгранічным супрацоўніцтве дзяржаў-удзельніц СНД на 2022 год

X пасяджэнне Савета па міжрэгіянальным і прыгранічным супрацоўніцтве дзяржаў-удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў адбылося сёння ў фармаце відэаканферэнцыі. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана. Мадэратарам сустрэчы выступіў Узбекістан.

Сярод уключаных у парадак дня былі пытанні аб выкананні рашэнняў папярэдніх пасяджэнняў савета, аб стане міжрэгіянальнага і прыгранічнага супрацоўніцтва, развіцці інфармацыйна-бібліятэчнай прасторы на базе прыгранічных бібліятэк, дзейнасці гандлёва-прамысловых палат і іншыя.

Таксама прагучалі прапановы па далейшым вядзенні рэестра падпісаных міжнародных дакументаў аб міжрэгіянальным і прыгранічным супрацоўніцтве дзяржаў-удзельніц СНД. У тым ліку абмеркавалі канцэпцыю і праект першага форума рэгіёнаў СНД, які праз неспрыяльную эпідэміялагічную абстаноўку вырашана перанесці на 2022 год і правесці ў вочным фармаце.

Завяршылася анлайн-сустрэча традыцыйным абраннем старшыні Савета па міжрэгіянальным і прыгранічным супрацоўніцтве дзяржаў-удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў на наступны год. Ім стаў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар. Такім чынам XI пасяджэнне Савета пройдзе ў другой палове 2022 года ў Рэспубліцы Беларусь.

«Пляцоўка СНД па-ранейшаму з’яўляецца эфектыўнай для выбудоўвання ўзаемаадносін, – адзначыў Руслан Страхар. – І ўмацаванню міжрэгіянальнага супрацоўніцтва сярод краін-удзельніц надаецца асаблівая ўвага. І гэта аб’ектыўна. Бо менавіта міжрэгіянальнае супрацоўніцтва з’яўляецца базісам далейшага развіцця ўзаемнага гандлю, цягне за сабой узаемную кааперацыю на рынку вытворчых, інвестыцыйных і працоўных рэсурсаў. У гэтай працы Савет з’яўляецца месцам, дзе абмяркоўваюцца значныя праекты, дзе можна больш прадметна пазначыць далейшыя перспектыўныя напрамкі.

За 10 месяцаў бягучага года тавараабарот Рэспублікі Беларусь і краін СНД склаў $39 млрд і павялічыўся на 36% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Безумоўна, Рэспубліка Беларусь надае ўвагу супрацоўніцтву з усімі рэгіёнамі СНД, з нашымі партнёрамі мы маем цёплыя сяброўскія адносіны і маецца намер далей развіваць супрацоўніцтва па ўсіх кірунках. На бягучы перыяд у рэгіёнах Рэспублікі Беларусь дзейнічае больш за 800 дакументаў аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і гуманітарнай сферах з дзяржавамі-ўдзельніцамі СНД. Гістарычна склалася, што ў Беларусі і Расіі агульная мяжа, духоўная і культурная ўзаемасувязь. Менавіта таму каля 80% міжрэгіянальных дакументаў Рэспублікі Беларусь прыпадае на рэгіёны Расійскай Федэрацыі. У апошні час намецілася актывізацыя працы з рэспублікамі Казахстан, Таджыкістан, Узбекістан і іншымі.

Савет, які адбыўся сёння, – гэта пляцоўка, на базе якой мы абмяркоўваем канкрэтныя праекты і, у ліку іншага, правядзенне сумесных форумаў. Так, адной з найбольш удалых форм прамых зносін, абмену вопытам і найлепшымі практыкамі сталі двухбаковыя форумы рэгіёнаў дзяржаў-удзельніц СНД. Сёлета адбыўся ўжо восьмы па ліку Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Па яго выніках падпісана больш за 20 пагадненняў паміж рэгіёнамі дзвюх краін і столькі ж паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, навуковымі арганізацыямі, установамі культуры.

Акрамя таго, гэта не проста міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, гэта ў некаторай ступені і законатворчая пляцоўка для ініцыятыў, якія потым павінны быць ратыфікаваныя і прынятыя заканадаўчымі органамі кожнай краіны. На саветах мы вызначаем вузкія месцы, дзе ў нас ёсць бачанне далейшага выбудоўвання ўзаемаадносін.

Сумесныя мерапрыемствы і паглыбленне міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з’яўляюцца неад’емнай часткай і асноўным «плацдармам», якія спрыяюць развіццю ўзаемавыгаднага гандлёва-эканамічнага і культурнага ўзаемадзеяння».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая