RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Руслан Страхар: міжрэгіянальнае супрацоўніцтва – дзейсны інструмент у наладжванні сувязяў

Міжрэгіянальнае і прыгранічнае супрацоўніцтва з’яўляецца дзейсным інструментам у наладжванні сувязяў паміж краінамі СНД. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама і старшыня Савета па міжрэгіянальным і прыгранічным супрацоўніцтве дзяржаў-удзельніц СНД Руслан Страхар.

Сёння ў Магілёве праходзіць 11-е пасяджэнне Савета па міжрэгіянальным і прыгранічным супрацоўніцтве дзяржаў-удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. «Для Рэспублікі Беларусь, Магілёва гэта вельмі важная падзея. У гэтым годзе наша краіна вяршэнствуе ў Савеце па міжрэгіянальным і прыгранічным супрацоўніцтве, – расказаў ён. – Сёння мы чарговы раз абмеркавалі, што ўдалося зрабіць у гэты няпросты постпандэмійны перыяд. Усе канстатуюць, што міжрэгіянальнае супрацоўніцтва з’яўляецца важным і дзейсным інструментам па ўстанаўленні ўзаемаадносін паміж нашымі дзяржавамі, па наладжванні супрацоўніцтва ў розных сферах. Важна паглядзець тыя напрамкі, у якіх мы можам быць адзін аднаму карысныя».

На сустрэчы ў Магілёве прысутнічаюць прадстаўнікі Выканаўчага камітэта СНД, дэлегацыя Узбекістана. Шэраг дзяржаў падключыўся да паседжання ў рэжыме відэаканферэнцыі.

Па словах намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама, у гэты няпросты перыяд міжрэгіянальныя адносіны з’яўляюцца тым элементам, які можа злучыць інтарэсы дзвюх розных дзяржаў на ўзроўні рэгіёнаў. «Хутчэй атрымліваецца вызначаць канкрэтныя напрамкі супрацоўніцтва. Гэтых напрамкаў мноства, напрыклад, павелічэнне ўзаемнага тавараабароту, што таксама вельмі важна. У межах СНД сёлета паказваем добрыя тэмпы павелічэння ўзаемнага тавараабароту. Яшчэ адзін важны момант – кааперацыя, імпартазамяшчальныя праекты, якія рэалізуюцца ў кожнай з краін. Абменьваючыся вопытам, можам хутчэй наладжваць узаемадзеянне ў гэтым кірунку».

Усяго на парадак дня было вынесена 9 пытанняў, якія тычыліся выканання рашэнняў папярэдніх пасяджэнняў, стану міжрэгіянальнага і прыгранічнага супрацоўніцтва ў дзяржавах-удзельніцах СНД, дзейнасці гандлёва-прамысловых палат у развіцці супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі і прыгранічнымі абласцямі, развіцці інфармацыйна-бібліятэчнай прасторы на базе прыгранічных бібліятэк. Акрамя гэтага, падчас сустрэчы абмеркавалі канцэпцыю арганізацыі і правядзення форума рэгіёнаў СНД.

Адным з удзельнікаў пасяджэння ў Магілёве стаў начальнік аддзела навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і інавацый Дэпартамента эканамічнага супрацоўніцтва Выканаўчага камітэта СНД Цімур Мансураў. Ён адзначыў, што на сённяшняй сустрэчы на парадак дня быў вынесены шэраг пытанняў, якія носяць практычны характар. «Будуць абмеркаваны пытанні канцэпцыі правядзення рэгіянальнага форума СНД. Яна была распрацавана па ініцыятыве Узбекістана. Мяркуецца, што названая канцэпцыя будзе ўносіць практычны ўклад у далейшае правядзенне такіх форумаў, – падкрэсліў ён. – У асноўным усе падобныя форумы праводзіліся на двухбаковай аснове. Узбекістан прапануе праводзіць такія форумы ў фармаце СНД у цэлым. Гэта зблізіць узаемадзеянне як на рэгіянальным, так і на міжрэгіянальным узроўнях. Правядзенне такіх форумаў у рэгіёнах дазваляе на свае вочы ўбачыць тое, як развіваюцца рэгіёны ў краінах Садружнасці і закласці падмурак нарошчвання тавараабароту і ўзаемадзеяння па гуманітарных пытаннях».

Па выніках пасяджэння Савета па міжрэгіянальным і прыгранічным супрацоўніцтве дзяржаў-удзельніц СНД вызначылі, што ў наступным годзе ўзначаліць Савет Казахстан, дзе ў другой палове 2023 года пройдзе 12‑е пасяджэнне.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая

Чытайце таксама ў катэгорыі "навiна дня":