RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Сістэму маніторынгу па ачыстцы вуліц ад снегу запусцілі ў Магілёве

Праграму маніторынгу чысткі вуліц Магілёва ад снегу прадэманстравалі 17 снежня старшыні аблвыканкама Анатолю Ісачанку. Удзел у сустрэчы прыняў таксама старшыня гарвыканкама Аляксандр Студнеў. Сістэма сачэння за ходам працы тэхнікі ў тэставым рэжыме запушчана ў МДКУП «Упраўленне камунальных прадпрыемстваў».

Яна дазваляе спецыялістам службы кругласутачна збіраць аператыўную інфармацыю. Праграмнае забеспячэнне на даны момант задзейнічае звыш 100 камер «Белтэлекама», што дае магчымасць у любы момант вывесці на экран малюнак у рэжыме рэальнага часу і адсачыць ход уборкі. У доўгатэрміновай перспектыве гэта дазволіць значна палепшыць якасць утрымання дарожнай сеткі абласнога цэнтра.

Намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні «МДКУП УКП» Дзяніс Койда расказаў аб працы новага дыспетчарскага аддзела:

«Калі разглядаць магчымасці праграмы на прыкладзе аператыўнай карты зімовага ўтрымання, то па навігацыі мы бачым рух калоны тэхнікі. Акрамя таго, па кожнай карце маршруту, дзе ёсць камеры, мы здольныя маніторыць, ці ёсць у тэхнікі халасты прабег, ці апушчаны працоўны інструмент, ці працуе шчотка, ці ідзе падсыпка пяску, ці выконваецца хуткасны рэжым. А таксама – ці ёсць адхіленні, прастоі. Можна як адсачыць увесь маршрут у рэжыме рэальнага часу, так і прасачыць, да прыкладу, што тэхніка рабіла ўчора: колькі затрачана паліва, які маршрут прайшла, прабег.

У нас у працы маецца 12 МАЗаў, якія размяркоўваюць пясчана-солевую сумесь, 12 – плужных. Навігацыяй у найбліжэйшы час будзе абсталявана ўся тэхніка, задзейнічаная ва ўборцы горада. На сёння – гэта больш за 100 адзінак. У выпадку анамальных снегападаў прыцягваецца тэхніка горадаўтваральных прадпрыемстваў. Да прыкладу, на ліквідацыю наступстваў апошняга буйнога снегападу выкарыстоўвалі 140 машын.

Зараз на экране адначасова можна праглядаць адразу чатыры маршруты. Паступова колькасць камер павялічыцца, будзе пашырацца і абсталяванне дыспетчарскай. Распрацаваны і дзейнічаюць карты зімовых маршрутаў, у наступным аналагічныя будуць створаны па іншых сезонах. Акрамя таго, сістэма настроена так, што дыспетчары могуць адразу звязацца са службамі аператыўнага рэагавання па прамых тэлефонах.

Другім этапам плануецца арганізаваць маніторынг уборкі кантэйнерных пляцовак ва ўсім горадзе, уборкі паркаў і сквераў. Глабальная праца трэцяга этапу – падключэнне да сістэмы камер відэаназірання за дваровымі тэрыторыямі. Гэта дазволіць паўнавартасна адсочваць працэс навядзення парадку па доглядзе дваровых тэрыторый».

Ацэньваючы праведзеную працу, Анатоль Ісачанка адзначыў: «Гэты пілотны праект – першая ластаўка. Ён дазваляе арганізаваць працу, забяспечвае парадак.

Пачатак ёсць, ён правільны. Асобныя элементы выкарыстоўваліся ў працы даўно, а цэласная карцінка склалася не адразу. Нам трэба імкнуцца, каб не толькі ў Магілёве, але і ў іншых гарадах мы маглі бачыць аналагічнае абсталяванне, парадак. Гэта будзе стымуляваць людзей».

Таксама спецыялісты расказалі, што на даны момант ідзе распрацоўка інтэрактыўнай карты горада Магілёва. Гэта значыць, што ўсе тэрыторыі (зялёныя зоны, праезды, жылыя і нежылыя забудовы і г.д.) будуць замацаваны за канкрэтнымі адказнымі, што дазволіць выключыць «белыя плямы». Гэта дасць магчымасць таму ж дыспетчару аператыўна перадаць інфармацыю аб неабходнасці навядзення парадку ў выпадку зваротаў грамадзян. Да вясны плануецца завяршыць гэтую працу.

«Усё дакладна, не можа быць безгаспадарнай зямлі, яна павінна быць за кімсьці замацаваная. Адказнасць павінна быць за кожны сантыметр», – падкрэсліў губернатар.

Таксама ён адзначыў неабходнасць у наступным годзе звярнуць увагу на ўладкаванне дваровых тэрыторый, зрабіўшы ўпор на вырабе і ўстаноўцы дзіцячых і спартыўных пляцовак.

«Калі гаварыць аб азеляненні і ўстаноўцы розных дэкаратыўных збудаванняў і канструкцый, то зрабіць гэта трэба ўжо сёння. Каб у «Зелянгаса» быў час вырасціць неабходны аб’ём кветак і своечасова ўпрыгожваць імі горад».
Старшыні аблвыканкама паведамілі, што, па сутнасці, ужо пачалі гэту працу: днямі ў Магілёве стартаваў конкурс прапаноў па ўладкаванні мікразон горада.

Анатоль Ісачанка ўхваліў ідэю: «Калі людзі выступаюць з прапановамі і гатовыя паўдзельнічаць – гэта выдатна. Давайце сумесна рабіць. Гэта ж наш горад, нам у ім жыць. Ніхто тут не будзе наводзіць парадак і нешта паляпшаць, акрамя нас саміх».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая