RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Сёлета аграрыі Магілёўскай вобласці ўнеслі годны ўклад у агульнарэспубліканскі каравай – інтэрв’ю Леаніда Зайца газеце «Зямля і людзі»

– Леанід Канстанцінавіч, 15 лістапада аграрыі Магілёўшчыны адзначаць сваё чарговае прафесійнае свята –Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Ні для каго не сакрэт, што аграрны сектар – адзін з найважнейшых складнікаў эканомікі рэгіёна. Ад вынікаў працы хлебаробаў, жывёлаводаў, механізатараў, аграномаў, работнікаў фермерскіх гаспадарак, арганізацый перапрацоўчай прамысловасці залежыць харчовая бяспека Прыдняпроўскага краю, дабрабыт яго жыхароў. Таму першае пытанне адназначнае: з якімі вынікамі вобласць падышла да галоўнага аграрнага свята, што асабліва парадавала?

– На мой погляд, у гэтым годзе аграрыі Магілёўскай вобласці ўнеслі дастойны ўклад у агульнарэспубліканскі каравай. Мы вырасцілі добры хлеб. Валавы намалот збожжавых з улікам кукурузы на дадзены момант складае 1 мільён 283 тысячы тон. Гэта на 38% больш, чым летась. Істотна вырасла і сярэдняя ўраджайнасць. Яна склала 36 цэнтнераў з аднаго гектара. Па двух гэтых паказчыках Магілёўшчына заняла чацвёртыя месцы ў рэспубліцы, а па шэрагу паказчыкаў мы выйшлі на перадавыя пазіцыі ў краіне.

Рост аб’ёмаў вытворчасці валавой прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях Магілёўскай вобласці за студзень–кастрычнік 2020 года склаў 107,7%. Такі вынік забяспечаны за кошт росту прадукцыі як раслінаводства, так і жывёлагадоўлі.

Тры раёны вобласці –Горацкі, Магілёўскі і Шклоўскі –перасягнулі 100-тысячную мяжу. Амаль падвоілі намалоты да ўзроўню 2019 года сельскагаспадарчыя арганізацыі Быхаўскага, Дрыбінскага, Клічаўскага і Слаўгарадскага раёнаў.

Найвышэйшых вынікаў дасягнулі такія арганізацыі, як ЗАТ «Агракамбінат “Зара”» Магілёўскага раёна – валавы збор збожжа склаў 26,8 тыс. тон, што на 34% больш за ўзровень 2019 г., сярэдняя ўраджайнасць склала 66,2 цэнтнера з кожнага гектара, СВК «Гігант» Бабруйскага – валавы збор 7,9 тыс. тон і ўраджайнасць – 56,2 цэнтнера, СВК «Калгас “Радзіма”» Бялыніцкага – 18,7 тыс. тон і ўраджайнасць – 54,2 ц/га, ААТ «Александрыйскае» – 24,6 тыс. тон і ўраджайнасць – 53 ц/га.

Парадаваў у гэтым годзе і ўраджай рапсу. Намалот масланасення перавысіў леташні паказчык у 1,4 раза і склаў 84,3 тыс. тон пры сярэдняй ураджайнасці 21 цэнтнер з гектара.

На 6% да ўзроўню 2019 года павялічылі вытворчасць (406 тыс. тон) цукровых буракоў. Лідарам па ўраджайнасці стаў Горацкі раён (532 цэнтнеры з гектара).

Сёлета ў вобласці стаўку зрабілі на збожжа кукурузы, пасевы якой павялічылі ўдвая, забяспечылі пасеў гібрыдамі збожжавага кірунку. Чакаем сабраць не менш за 320 тыс. тон збожжа.

Мы перавыканалі заданне па пастаўцы хлеба ў кошт дзяржзаказу, нарыхтавалі неабходны аб’ём насення на будучы год, забяспечылі неабходны запас фуражу для грамадскай жывёлагадоўлі. Мы стварылі моцны падмурак для далейшага развіцця сельскагаспадарчай галіны і павелічэння дабрабыту нашых людзей.

Хачу сказаць дзякуй усім механізатарам, якія часам на мяжы сваіх сіл з гонарам пераадольваюць няпростыя выпрабаванні. Дзякуй жывёлаводам за прадукцыю, якую яны вырабляюць кожны дзень і кожную гадзіну. Дзякуй спецыялістам, кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў, упраўленням па сельскай гаспадарцы, старшыням раённых выканаўчых камітэтаў за граматнае кіраўніцтва сферай АПК. Вялізная вам падзяка ад жыхароў Магілёўскай вобласці і ўсёй краіны!

У гэты няпросты год аграрыі Магілёўшчыны перасягнулі мільённы намалот збожжа. Дзякуючы чаму?

– Вырашчаны і сабраны ўраджай –гэта вынік прафесіяналізму, высокай адказнасці кожнага работніка аграпрамысловага комплексу і выразнай арганізацыі працы.

Каб дамагчыся такога выніку, было многае зроблена: перагледжана структура пасяўных плошчаў, праведзена вялікая праца па забеспячэнні мінеральнымі ўгнаеннямі, сродкамі абароны.

Ад імя аграрыяў Магілёўшчыны хачу сказаць дзякуй нашаму Прэзідэнту Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку. Работнікі аграпрамысловага комплексу пастаянна адчуваюць падтрымку кіраўніка дзяржавы. Падчас уборачнай кампаніі мы не адчувалі праблем з дызельным палівам, не мелі недахопу ў мінеральных угнаеннях, дадаткова атрымалі ў дапамогу 130 збожжаўборачных камбайнаў. Гэта падтрымка вельмі дарагога варта.

У нашай вобласці з году ў год расце колькасць экіпажаў-тысячнікаў, гаспадарак, якія пераадолелі планку ўраджайнасці звыш 50 цэнтнераў з гектара. Хто сёлета асабліва вызначыўся на хлебнай ніве і хто ў гэтым сезоне ў лідарах?

– Так, усе мы разумеем, што за паказчыкамі раёнаў і гаспадарак, за іх дасягненнямі стаіць самаадданая праца людзей. І тое, што колькасць экіпажаў-тысячнікаў нязменна расце, вельмі прыемна. Па выніках сёлетняга жніва 358 экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў забяспечылі намалот тысячу і больш тон. 51 з іх –моладзевы. Гэта сведчыць аб тым, што ў нас ёсць надзейная змена, гатовая працаваць на карысць краіны і народа.

Больш за 5000 тон (разам з рапсам) намалаціў экіпаж ЗАТ «Агракамбінат “Зара”»– Буры Віталь Мікалаевіч і Пятроў Віктар Цімафеевіч. Сёлета яны пераможцы абласнога спаборніцтва.

Акрамя таго, па-ранейшаму ў лідарах экіпаж камбайнераў з калгаса “Радзіма” Бялыніцкага раёна. Дарэчкін Мікалай Іванавіч і Саладуха Канстанцін Міхайлавіч намалацілі больш за 4300 тон збожжа, а разам з рапсам – амаль 5000 тон.

Моладзевы экіпаж братоў Андрэя і Сяргея Драздоў з гаспадаркі «Рассвет імя К. П. Арлоўскага» Кіраўскага раёна першым у вобласці намалаціў больш за 3000 тон збожжа.

У нас – 281 кіроўца адвёз больш за 1000 тон збожжа ад камбайнаў. Прыемна адзначыць, што ў ліку 14 вадзіцеляў краіны, якія перавезлі ад камбайнаў звыш 4-х тысяч тон, адразу тры нашы землякі.

Бясспрэчны лідар –Грамыка Сяргей Мікалаевіч з «Горацкай райаграпрамтэхнікі». Яму належыць рэкорд вобласці –4324 тоны.

Асабліва прыемна, што адразу два нашы маладыя вадзіцелі пераадолелі 4-тысячную мяжу па адвозцы збожжа. Гэта Сарокін Раман Сяргеевіч З «Агракамбіната “Зара”»Магілёўскага раёна і Ціханаў Павел Васільевіч з гаспадаркі «Амкадор-Шклоў» Шклоўскага раёна. Больш чым у нас на Магілёўшчыне, маладых кіроўцаў 4-тысячнікаў няма ні ў адной іншай вобласці Рэспублікі Беларусь!

Неабходна адзначыць стараннасць нашага асноўнага пераможцы ў 2020 годзе на адвозцы збожжа. Васілевіч Віктар Рыгоравіч, кіроўца РУП «Вучгас БДСГА» Горацкага раёна, які на 30-гадовым САЗ-3507 (грузападымальнасць 3,5 тоны) перавёз 1750 тон.

Таксама найвышэйшы ў краіне вынік у дапрацоўцы збожжа на сушыльных агрэгатах паказалі нашы звёны аператараў зернесушыльных комплексаў, якія працавалі ў кругласутачным рэжыме на сушцы, ачыстцы і дапрацоўцы збожжа і рапсу. Сярод іх –брыгада ў складзе Кухарэнкі Віктара Мікалаевіча, Бацарогі Віктара Уладзіміравіча, Шылы Дзмітрыя Уладзіміравіча, Кізунова Сяргея Мікалаевіча з «Агракамбіната “Зара”» Магілёўскага раёна, яны перапрацавалі больш за 30-і тысяч тон збожжа і рапсу.

Гэта нашы перадавікі, якія высока паднялі планку эфектыўнасці. Яны сёння–арыенцір для ўсіх астатніх.

Леанід Канстанцінавіч, з вашым прыходам на пасаду губернатара сярод першачарговых была пастаўлена задача забяспечыць у дастатку грамадскае пагалоўе паўнавартаснымі кармамі. Што ўдалося зрабіць у гэтым кірунку?

– У любой справе, на мой погляд, на першым месцы павінна стаяць эфектыўнасць. Эфектыўнасць АПК не можа быць высокай без паглыбленай перапрацоўкі сельгаспрадукцыі. Сёння раслінаводства стаіць на службе жывёлагадоўчай галіны. Таму галоўная задача агранамічных службаў –стварэнне паўнавартаснай кармавой базы для жывёлы.

У гэтым годзе мы працягнулі працу па паляпшэнні структуры шматгадовых траў, у першую чаргу, бабовых. Закупілі насенне і вырабілі пасеў люцэрны на плошчы 20 тысяч гектараў. Усяго гэта культура размешчана на плошчы больш за 43 тысячы гектараў, або 30% у структуры шматгадовых траў.

З кармамі папрацавалі нядрэнна. На зімова-стойлавы перыяд 2020–2021 года плануем нарыхтаваць не менш за 1200 тыс. тон кармавых адзінак травяных кармоў, або 111% да ўзроўню мінулага года, што на адну ўмоўную галаву жывёлы складзе не менш за 31 цэнтнера кармавых адзінак. У палімерную ўпакоўку па сучасных тэхналогіях закладзена 115 тысяч тон высакаякаснага травянога корму.

За гэтымі лічбамі мы бачым надзейны падмурак паспяховага развіцця жывёлагадоўчай галіны.

– І, мабыць, аб галоўным. Ні для кога не сакрэт, што адна з самых вострых і хворых праблем для вобласціпрадуктыўнасць жывёлагадоўлі, перш за ўсё, малочная. Яшчэ ў пачатку года рэгіён займаў амаль па ўсіх паказчыках апошнія радкі ў агульнарэспубліканскіх зводках. Ці атрымалася на працягу года пераламаць гэтую сітуацыю?

– На шчасце, зрухі ў гэтым кірунку ёсць. За мінулы перыяд года Магілёўская вобласць захоўвае ўстойлівы рост па атрыманні прадукцыі жывёлагадоўлі. Прырост аб’ёмаў вытворчасці малака перавысіў узровень аналагічнага перыяду мінулага года на 5,5% (563,7 тыс. тон), сярэдні надой малака ад каровы павялічыўся на 197 кілаграмаў і склаў 3360 кілаграмаў. Прадукцыя вырошчвання жывёлы і птушкі павялічылася на 4,5%. Гэта добрыя паказчыкі, але мы разумеем, што яшчэ далёка на ўсе рэзервы вычарпаныя. А яны заключаюцца ў строгім захаванні тэхналагічных рэгламентаў на ўсіх этапах вытворчасці. На будучы год пастаўлена задача атрымаць сярэдні надой малака ад каровы 5100 кг і дасягнуць у сярэднім па вобласці сярэднесутачныя прыбаўленні буйной рагатай жывёлы 600 грамаў. Упэўнены: гэта абсалютна рэальныя лічбы.

У жывёлагадоўлі намецілася тэндэнцыя да надояў і прыбаўленняў, але сёння важна не толькі вырабіць прадукцыю палёў і ферм, але і паспяхова яе рэалізаваць і, у першую чаргу, на знешнім рынку. Ці ёсць у наш даволі няпросты час зрухі ў гэтым кірунку?

– Нягледзячы на няпросты час ва ўсім свеце з-за эпідэміялагічнай сітуацыі і закрыцця межаў, за 8 месяцаў бягучага года экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі склаў 294,5 млн долараў. Гэта амаль чвэрць усяго аб’ёму экспарту вобласці. Пры гэтым вы ўлічвайце, што ў нашай вобласці працуюць такія буйныя экспарцёры, як «Белшына», «Магілёўхімвалакно», «Магілёўліфтмаш». Так што ўклад АПК тут вельмі важкі.

Асноўныя экспартнаарыентаваныя тавары –прадукты жывёльнага паходжання: мяса-і малакапрадукты, на долю якіх прыпадае каля 75 % у агульным аб’ёме харчовага экспарту.

Наша прадукцыя даўно заваявала сабе добрае імя за мяжой. Мы экспартуем не толькі ў краіны Еўразійскага эканамічнага супольнасці і Еўрапейскага саюза. Наша прадукцыя добра вядомая і на рынках азіяцкіх краін: Кітай, В’етнам, Філіпіны, Інданезія, Манголія. Таксама ў краінах Афрыкі: Габон, Камерун, Бенін, Кот-Д’івуар. Мы асвойваем краіны Блізкага Усходу (Сірыя, Ізраіль). Вялізны патэнцыял супрацоўніцтва ў нас з Кітаем. Гэта наш другі асноўны партнёр аграэкспарту Магілёўскай вобласці.

Любая дзяржава ў свеце імкнецца да харчовай незалежнасці. Але не ўсім гэта дадзена. Да нашага з вамі гонару, мы паспяхова вырашылі шырокае кола пытанняў, накіраваных на дынамічнае развіццё аграпрамысловага комплексу, без усялякага перабольшання, дамагліся ўражлівых вынікаў.

Мы стварылі харчовую бяспеку краіны. На прасторах былога Савецкага Саюза Беларусь сёння займае лідзіруючыя пазіцыі па вытворчасці мяса, малака, гародніны. На сталах беларусаў –якасныя і даступныя прадукты харчавання. Наша прадукцыя карыстаецца заслужаным прызнаннем і запатрабаваная спажыўцом на знешніх рынках. Мы вельмі высока паднялі свой брэнд і ганарымся гэтым.

У наступную нядзелю сваё прафесійнае свята адзначаць не толькі тыя, хто сёння працуе на зямлі, робячы яе багацейшай і прыгажэйшай, але і работнікі перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Як ідуць справы сёння ў гэтай галіне?

– Працы перапрацоўчай прамысловасці можна было прысвяціць асобнае інтэрв’ю. Нашы прадпрыемствы і іх працоўныя калектывы заслугоўваюць асобнай увагі і асобных слоў падзякі. Самае галоўнае, на мой погляд, у тым, што на прадпрыемствах мясамалочнай прамысловасці пастаянна праводзіцца работа па пашырэнні асартыменту выпускаемай прадукцыі. Яны ўмела рэагуюць на запыты рынку.

Некалькі прыкладаў. Холдынг «Бабушкина крынка» пашырыў лінейку сыроў, сыркоў тварожных глазураваных, ёгуртаў з фруктовымі напаўняльнікамі. На прадпрыемстве асвоілі вытворчасць новых біяпрадуктаў. Асартымент новай прадукцыі распрацавалі і на прадпрыемствах «Малочныя горкі», «Магілёўская фабрыка марожанага», «Бабруйскі мясакамбінат», «Магілёўскі мясакамбінат».

Перапрацоўчыя арганізацыі вобласці пастаянна прымаюць удзел у выставах і кірмашах, якія праводзяцца ўнутры нашай краіны і за яе межамі. Мала таго, яны пастаянна ў ліку прызёраў і пераможцаў прэстыжных форумаў, такіх, як «Прадэкспа» і «Белагра». Гэта яшчэ адно пацверджанне высокай ацэнкі працы нашага аграпрамысловага комплексу.

Не хацелася б у нашай гутарцы абысці таксама ўвагай нашых фермераў, які сёння іх уклад у эканоміку аграрнага сектара рэгіёна?

– Дзякуй за пытанне, тым больш, што мы надаём фермерству сур’ёзнае значэнне. У Магілёўскай вобласці шмат сапраўдных працаўнікоў вёскі. Сёння ў нас зарэгістравана больш за 500 фермераў, ва ўласнасці якіх знаходзіцца каля 48 тысяч гектараў зямлі. Калі браць сярэдняе значэнне, то гэта самы высокі паказчык у краіне.

Мы задаволеныя эфектыўнасцю фермерскіх гаспадарак. На працягу апошніх гадоў па тэмпах росту вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі яны значна апярэджвалі сельскагаспадарчыя арганізацыі. Фермерскія гаспадаркі вырабляюць больш чым 10% ад агульнаабласнога аб’ёму бульбы, каля 8% гародніны, парадку 6% збожжа і 5% цукровых буракоў.

У вобласці ёсць гаспадаркі, якія працуюць на вельмі высокім узроўні з выкарыстаннем навуковых падыходаў і лічбавых тэхналогій. Адна з такіх – сялянская гаспадарка «Дзіяна», якая ўтварылася ў Шклоўскім раёне ў 1991 годзе. Яе заснавальнік Уладзімір Маліноўскі пачынаў з апрацоўкі 50 гектараў у чыстым полі. Цяпер памеры яго ўгоддзяў пашырыліся да 3,1 тысячы гектараў. На іх ён вырошчвае бульбу і збожжавыя. Пры гэтым ураджайнасць бульбы дасягае больш за 400 ц/га. Яго карняплоды з задавальненнем бяруць у Расіі, Казахстане і іншых краінах.

Сваю лепту ў фермерскі рух на Магілёўшчыне ўносіць сялянская гаспадарка «Новы быт». Ёй кіруе Аляксандр Канавалаў, які пасля арміі працягнуў справу бацькі. Зараз у яе карыстанні –амаль паўтары тысячы гектараў сельгасугоддзяў, на якіх расце бульба, збожжа, рапс, грэчка, лён. Тры гады таму фермер гаспадарчым спосабам пабудаваў малочнатаварную ферму на 100 галоў і закупіў увесь неабходны набор тэхнікі. А яшчэ пабудаваў сталовую для рабочых і непадалёк ад адміністрацыйнага будынка гаспадаркі зрабіў дзіцячую пляцоўку.

Гэта далёка не адзінкавыя прыклады паспяховасці фермерскіх гаспадарак у Магілёўскай вобласці. Радуе і тое, з якой адказнасцю падыходзяць фермеры не толькі да вытворчых пытанняў, але і да вырашэння людскіх праблем на вёсцы. Многія дапамагаюць адзінокім пажылым людзям з пасевам і ўборкай ураджаю, аказваюць дапамогу ў рамонце жылля, у расчыстцы дарог ад снегу. Вельмі важна, каб фермер адчуваў сацыяльную адказнасць. А дзяржава заўсёды будзе дапамагаць тым, хто хоча і ўмее працаваць на зямлі.

Усё, што мы робім у АПК, накіравана на галоўную мэту павышэнне дабрабыту аграрыяў, уладкаванне вялікіх і малых вёсак, стварэнне там новых працоўных месцаў, замацаванне кадраў, узмацненне прэстыжу сельскіх прафесій. Многага ўдалося тут дасягнуць?

– Не сакрэт, што эфектыўнасць работы аграпрамысловага комплексу па стварэнні харчовай бяспекі краіны шмат у чым залежыць ад кадравага патэнцыялу сельскагаспадарчай галіны. Сёння ў сельскагаспадарчых арганізацыях Магілёўскай вобласці працуе 6,31 тысячы кіруючых работнікаў і спецыялістаў –гэта 96% да патрэбы.

Мы разумеем, што вельмі важна не дапусціць адтоку кадраў з сяла. Як гэта зрабіць? Адказ відавочны –стварыць умовы для камфортнага жыцця, забяспечыць чалавека працай і годным заробкам.

Рэалізацыя комплексных мерапрыемстваў па замацаванні кадраў у сельскагаспадарчых арганізацыях Магілёўскай вобласці дазволіла дасягнуць пэўных вынікаў у забеспячэнні сельскагаспадарчай галіны кваліфікаванымі спецыялістамі. Пасля двух гадоў працы па размеркаванні ў арганізацыях АПК працягваюць працаваць 56 працэнтаў спецыялістаў з вышэйшай і 47 працэнтаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. 10 гадоў таму гэтыя лічбы былі істотна ніжэйшымі.

Мы працягваем працаваць над адаптацыяй моладзі на вытворчасці, аказваецца неабходная дапамога маладым спецыялістам у вырашэнні вытворчых і сацыяльна-бытавых праблем, ствараюцца ўмовы, якія спрыяюць прафесійнаму і кар’ернаму росту моладзі.

За апошнія чвэрць стагоддзя змянілася і само сяло. У гэтым ключавую ролю адыграла дзяржаўная палітыка комплекснага развіцця беларускай вёскі. У нас з’явіліся аграгарадкі, а разам з імі –новае камфортнае жыллё і сацыяльная інфраструктура: дзіцячыя сады, школы, медыцынскія амбулаторыі, дамы культуры, спартыўныя пляцоўкі. Вырашана мноства пытанняў па стварэнні зручнага асяроддзя для жыцця чалавека, для сем’яў з дзецьмі. Сёння на беларускай вёсцы хочацца жыць і працаваць. Мы памятаем, у якім стане была беларуская вёска пасля развалу СССР. Калі параўноўваць з цяперашнім станам –гэта неба і зямля. Многае зроблена, але многае яшчэ трэба будзе.

Усім вядома, што найважнейшым, а калі дакладней, ключавым звяном у рэалізацыі намечаных планаў зяўляюцца кадры. Не скрываю, не часта, але ўсё ж такі даводзіцца чуць, што ў магілёўскіх аграрыяў ёсць так званы ўсходні менталітэт. У адрозненне, скажам, ад брэсцкіх або гродзенскіх, яны ў вытворчых адносінах менш патрабавальныя да такіх паняццяў, як матывацыя працы, тэхналогіі, выканальніцкая дысцыпліна і г. д. Вы ж з прыходам на пасаду губернатара, адразу заявілі, што на Магілёўшчыне ў большасці сваёй таленавітыя, працавітыя аграрыі, з імі можна дамагацца высокіх вынікаў. Ацэньваючы сёння вынікі працы на працягу гэтага года, ці не памянялі вы свой пункт гледжання?

– Не, не памяняў. Мала таго, лішні раз пераканаўся ў правільнасці свайго меркавання. У Магілёўскай вобласці, сапраўды, жывуць таленавітыя і працавітыя людзі. А калі і існуе такое меркаванне аб адрозненні менталітэтаў жыхароў заходніх і ўсходніх рэгіёнаў краіны, то яно як мінімум спрэчнае. Асаблівых прынцыповых адрозненняў паміж жыхарамі, дапусцім, Слонімскага і Крычаўскага раёнаў, я не бачу. І там, і тут жывуць людзі, якія любяць сваю зямлю і сваю краіну. Людзі, якія шануюць подзвіг сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Людзі, якія з гонарам нясуць адказнасць за будучыню сваёй краіны. Мы ўсе разам будуем беларускую дзяржаву. Гэта мірная, спакойная краіна, краіна, дзе справядлівасць і дабрабыт кожнага чалавека–прыярытэт дзяржавы.

Напрыканцы нашай гутаркі я яшчэ раз ад усяго сэрца хачу павіншаваць усіх працаўнікоў, кіраўнікоў і спецыялістаў сельскагаспадарчых і перапрацоўчых прадпрыемстваў і арганізацый Магілёўскай вобласці з прафесійным святам. Прыміце, дарагія сябры, самыя шчырыя словы ўдзячнасці за вашу адданасць роднай зямлі, за сялянскую мудрасць і цярпенне, за высокую адказнасць перад нашым грамадствам і дзяржавай, за хлеб на нашых сталах! Жадаю ўсім моцнага здароўя, росквіту, дабрабыту і дастатку ў кожным доме!

zilmogilev.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая