RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Бабруйскім раёне рэалізуецца амбіцыйны праект у сферы энергетыкі – закальцоўка газаправода

Сола на трубе

Да існуючых сетак Бабруйскага раёна дадасца каля 30 кіламетраў новых труб. Пакуль горад сілкуецца ад адной газаразмеркавальнай станцыі. Новы газаправод высокага ціску звяжа паміж сабой ГРС «Бабруйск» і «Ясень», што павысіць надзейнасць газазабеспячэння спажыўцоў Бабруйска і ўсяго раёна. А гэта прыкладна 200 прамысловых прадпрыемстваў і больш за 97 тысяч домаўладанняў. Праект рэалізуецца ў дзве чаргі. Будаўніцтва першай практычна завершана – зманціравана 13,5 кіламетра сетак.

Дакладнае размеркаванне

Бабруйск з’яўляецца другім па плошчы і колькасці жыхароў горадам Магілёўскай вобласці і сёмым – у Беларусі. Падача прыроднага газу сёння ідзе ад адной крыніцы – газаразмеркавальнай станцыі «Бабруйск», у той час як у Магілёве – ад трох. Як працуе сістэма ў абласным цэнтры? У горадзе газаправоды закальцаваныя. Калі, да прыкладу, выходзіць з ладу адна з ГРС, дзве астатнія спраўляюцца са сваёй задачай. У выпадку ўзнікнення няштатнай сітуацыі заўсёды можна перанакіраваць патокі: адключыць адну крыніцу і падключыць іншыя. У Бабруйску ж такая газаразмеркавальная станцыя адна.

– Горад вялікі, у ім шмат прамысловых прадпрыемстваў, спажыванне газу высокае. Таму для павышэння надзейнасці газазабеспячэння і разгорнута такая маштабная будоўля, – тлумачыць сутнасць праекта першы намеснік генеральнага дырэктара галоўны інжынер РУП «Магілёўаблгаз» Ягор Ізергін. – Прааналізаваўшы, якая ГРС можа справіцца з тым аб’ёмам газу, які спажывае горад, спыніліся на ўжо існуючай «Ясень». У праекце не толькі пракладка сетак, але і будаўніцтва прамежкавага газарэгулятарнага пункта. Цяпер газ падаецца з поўначы горада, па заканчэнні праекта пойдзе і з паўднёвай кропкі. У выпадку форс-мажора зможам забяспечыць пакрыццё ўсяго горада.

Галоўныя інвестыцыі праекта – у надзейнасць і бяспеку. ГРС «Бабруйск» – адзіная крыніца газазабеспячэння, на якой «сядзяць» увесь горад і частка раёна. Калі патрэбныя рамонтныя або рэгламентныя работы, даводзіцца спыняць станцыю. А гэта цягне за сабой новы рэжым для прадпрыемстваў, пераход на альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, што не зусім зручна. Плюс маральны знос абсталявання. Ёсць работы, якія не праводзіліся, але час ужо прыйшоў. Таму новы газаправод дазволіць іх выканаць без прыпынку падачы паліва.

– Задача нашай арганізацыі – не толькі дастаўляць і прадаваць паліва спажыўцу. Важна арганізоўваць бесперабойнае і безаварыйнае забеспячэнне, – лічыць Ягор Яўгенавіч. – Новы газаправод дасць магчымасць мінімізаваць рызыкі абмежавання такога забеспячэння спажыўцоў у выпадку аварыйных сітуацый. Павысіцца надзейнасць працы прамысловых гігантаў – ААТ «Белшына», ААТ «Бабруйскаграмаш», Бабруйскай ЦЭЦ-1 і ЦЭЦ-2.

Фінальная прадуўка

Першая чарга газаправода гатова на 95 працэнтаў. Засталося праверыць трубы на трываласць і герметычнасць на некаторых участках і закрыць новыя камунікацыі. На адной з пляцовак – каля вёскі Бібкаўшчына Бабруйскага раёна – брыгада ААТ «Магілёўгазбуд» заканчвае прадуўку труб. Электразваршчык Дзмітрый Ракчэеў прыварвае патрубак для далучэння кампрэсара:

– Усе зварачныя працы за мной. Адказваю за якасць на кожным элеменце трубы. Калі прайшлі падрыхтоўку стыкаў, зачыстку, прагрэў, уключаюся ў працэс.

Стандартныя маніпуляцыі, якія выконваюць будаўнікі, уражваюць. Каб ачысціць сеткі ад лішняга смецця, да ўчастку падключаецца кампрэсар. Паветра, якое знаходзіцца пад ціскам, захапляе за сабой бруд – раздаецца гучны хлапок. Труба гатова да ўстаноўкі заглушкі.

Дарэчы, работы па пракладцы камунікацый пачаліся ў снежні мінулага года. Будаўніцтвам газаправода займалася адразу некалькі арганізацый холдынгу ААТ «Белгазбуд»: філіялы Віцебска, Асіповічаў, Бабруйска і Магілёва.

За кожнай арганізацыяй, адзначае прараб ААТ «Магілёўгазбуд» Генадзь Хмаранкоў, быў замацаваны пэўны ўчастак сеткі:

– Мы працавалі на адрэзку 2,8 кіламетра. Сустракаліся месцы, на якіх трэба было працаваць менавіта зімой: у балоцістую мясцовасць па вясне проста не ўвайшлі б. Цяпер у нас фінальны этап – прадуўка труб на розных участках. Пасля праверкі ізаляцыйных характарыстык трубы засыпаюцца грунтам.

Другую чаргу газаправода збіраюцца здаць у 2023-м – гэта яшчэ каля 14 кіламетраў сетак. Праект прадугледжаны праграмай комплекснай мадэрнізацыі вытворчасцяў газавай сферы на 2021–2025 гады. Па такім жа прынцыпе, як у Бабруйску, будуць пабудаваны закальцоўкі газаразмеркавальных сетак буйных гарадоў і прамысловых вузлоў, у тым ліку ў Полацку, Наваполацку і Брэсце.

ЛІЧБЫ

Агульная працягласць сетак прыроднага газу ў Беларусі складае прыкладна 65,5 тысячы кіламетраў. Праз размеркавальную сістэму спажыўцам штогод пастаўляецца звыш 19 мільярдаў кубічных метраў прыроднага газу. Газіфікаваны ўсе 115 гарадоў, 118 адміністрацыйных раёнаў, 85 гарадскіх, рабочых, курортных пасёлкаў, а таксама больш за 3,5 тысячы сельскіх населеных пунктаў і аграгарадкоў. Спажыўцы прыроднага газу – каля 3 тысяч прамысловых і больш за 6 тысяч камунальна-бытавых прадпрыемстваў.

ДАВЕДКА

Працягласць усёй сістэмы газазабеспячэння Магілёўскай вобласці складае 7451 кіламетр. У ліку спажыўцоў каля 553 прамысловых аб’ектаў, 1274 камунальна-бытавых аб’ектаў і 437 тысяч домаўладанняў.

У ТЭМУ

У Магілёўскай вобласці сёлета будуць газіфікаваныя аграгарадкі Свяцілавічы Бялыніцкага і Копцеўка Горацкага раёнаў, вёска Казелле Краснапольскага раёна.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая