RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці палову даўгабудаў мэтазгодна дабудоўваць

У краіне сёння крыху больш за 4 тысячы аб’ектаў звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва (АЗНБ). Малочна-таварныя фермы, кацельні, артэзіянскія свідравіны, стадыёны, масты і нават добраўпарадкаванне цэлых вуліц лічацца даўгабудамі. У іх укладзена 9,7 мільёна рублёў, палова з якіх – дзяржаўная падтрымка і банкаўскія крэдыты. Замарожаныя сродкі і непрацоўныя аб’екты. Так быць не павінна. Кіраўнік дзяржавы даручыў Камітэту дзяржкантролю ўзяць на ўлік такія аб’екты і разабрацца з імі. Асноўная задача – навесці парадак у пытанні звышнарматыўнага будаўніцтва.

У Магілёўскай вобласці ў пачатку года налічвалася больш за 400 аб’ектаў звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва рознага прызначэння, ва ўзвядзенне якіх ўкладзена больш за 270 мільёнаў рублёў дзяржаўных сродкаў. Як вырашаюць гэту праблему, даведвалася карэспандэнт «Р».

Магілёў. Паглядзець на аб’екты звышнарматыўнага будаўніцтва адпраўляюся разам з начальнікам упраўлення кантролю за працай галін гаспадаркі Камітэта дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці Сяргеем Шылковым.

Першы адрас – паліклініка № 10. Нас цікавіць трохпавярховая прыбудова да будынка медустановы. Яе пачалі ўзводзіць у 1992 годзе пад аддзяленне рэабілітацыі і водалячэбніцу. З часам патрэба ў водалячэбніцы адпала і будаўніцтва прыпынілася. Пазней у праектна-каштарысную дакументацыю ўнеслі змены, а памяшканні перапрафілявалі пад дзіцячую паліклініку. Праўда, да гэтага часу будынак прастойвае. Сёння юныя магіляўчане (да паліклінікі прымацавана 12 тысяч дзяцей) атрымліваюць меддапамогу ў аддзяленні, якое туліцца на адным паверсе дарослай паліклінікі.

Намеснік галоўнага ўрача па педыятрыі Антаніна Клапоцкая пацвярджае: дзіцячае аддзяленне неабходнымі спецыялістамі і медыцынскім абсталяваннем ўкамплектавана, не хапае толькі плошчаў. І новая паліклініка тут патрэбна як паветра. Каб ўвесці ў эксплуатацыю гэту прыбудову, паводле папярэдніх падлікаў, патрабуецца 7 мільёнаў рублёў.

Праязджаем міма Магілёўскага гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу. Трохпавярховы будынак з чырвонай цэглы таксама ў спісах даўгабудаў. Праўда, дзеці ў ім вучацца, на першым паверсе працуе кафэ. На частцы вуліцы Крупскай, па якой едзем, таксама не завершана будаўніцтва. Даведваюся, што большасць аб’ектаў звышнарматыўнага будаўніцтва на працягу доўгага часу эксплуатуюцца. А больш за трэць эксплуатуемых аб’ектаў – аб’екты інжынерна-транспартнай інфраструктуры і добраўпарадкавання. Пры гэтым будаўніцтва многіх з іх пачалося яшчэ ў 1990-я гады, але па розных прычынах, у асноўным з-за недахопу фінансавання, не завершана. Напрыклад, будаўніцтва пад’ездаў і транспартных развязак, адводу сцёкавых вод, рэканструкцыя інжынерных сетак, водазабору.

– Наспела неабходнасць дазволу на заканадаўчым узроўні ўводу ў эксплуатацыю ў спрошчаным парадку эксплуатуемых аб’ектаў звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва, якія маюць высокую ступень будаўнічай гатоўнасці, пры ўмове, што незавершаныя на іх будаўнічыя працы не ўплываюць на бяспеку эксплуатацыі такіх аб’ектаў, – удакладняе Сяргей Шылкоў. – Аналагічна неабходны спрошчаны парадак ліквідацыі аб’ектаў ЗНБ з нязначнай ступенню будаўнічай гатоўнасці.

А мы трымаем курс у мікрараён Задняпроўе. Сучасны будынак, вакол якога кіпіць праца, прыцягвае ўвагу здалёк. Гэта фізкультурна-аздараўленчы комплекс, які адкрые свае дзверы для наведвальнікаў сёлета. Трэнажорная зала, залы барацьбы, бокса, фітнесу, цір для стральбы з лука, басейн – спартыўны аб’ект напэўна будзе запатрабаваны не толькі ў жыхароў мікрараёна, але і ва ўсіх гараджан. У поле зроку Камітэта дзяржкантролю ён трапіў з-за доўгага будаўніцтва – з 2009 года. Дабудаваць яго змаглі дзякуючы сродкам з рэспубліканскага бюджэту.

Зрэшты, не ва ўсіх даўгабудаў такі лёс. Многія будынкі і збудаванні, якія знаходзяцца доўгі час у якасці аб’ектаў звышнарматыўнага будаўніцтва, паступова становяцца неліквіднымі, непрыдатнымі і руйнуюцца. І з гэтым трэба нешта рабіць.

– Паводле папярэдніх звестак, з пакінутых 284 аб’ектаў дзяржаўнай формы ўласнасці (астатнія аб’екты – прыватныя) з улікам 17 ўжо скарочаных у студзені-маі 2021 года 161 аб’ект мэтазгодна дабудаваць, выканаўшы ўвесь комплекс будаўніча-мантажных работ, – удакладняе Сяргей Шылкоў. – Астатнія – увесці ў эксплуатацыю, прадаць або перадаць бязвыплатна, перапрафіляваць, знесці. Пры гэтым толькі па 121 аб’екце выдаткі на завяршэнне будаўнічых работ складуць, паводле ацэнкі забудоўшчыкаў, прыкладна 400 мільёнаў рублёў. Гэтыя сродкі прыйдзецца дадаткова адшукваць.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая