RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве прэзентавалі выставу пра гісторыю горада напярэдадні ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР

Праект пераносу сталіцы з Мінска ў Магілёў у 1930-я гады даў магутны імпульс развіццю рэгіёна. Такое меркаванне падчас рэспубліканскага тэлемоста, прымеркаванага да Дня народнага адзінства, выказаў дырэктар Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е. Р. Раманава Віктар Анненкаў.

«Праект пераносу сталіцы з Мінска ў Магілёў пастановай ЦК КП(б)Б ад 19 кастрычніка 1937 года даў магутны імпульс у эканамічным, сацыяльным, культурным і горадабудаўнічым развіцці нашага краю, – адзначыў Віктар Анненкаў. – З гэтага часу Магілёў становіцца адным з найбуйнейшых прамысловых цэнтраў рэспублікі. На яго тэрыторыі дзейнічала каля 200 прадпрыемстваў: тут з’явілася першая хімічная вытворчасць краіны – завод штучнага валакна, пабудаваны трубаліцейны і аўтарамонтны заводы, пачалі працу швейная і гарбарная фабрыкі».

Акрамя таго, па плане генеральнай рэканструкцыі абласнога цэнтра пачынаецца інтэнсіўнае будаўніцтва адміністрацыйных і жылых будынкаў, якія павінны былі вызначаць аблічча будучай сталіцы. У прыватнасці, узводзіцца Дом Саветаў, архітэктарам якога стаў Іосіф Лангбард. Магілёўскі будынак падобны з Домам урада ў Мінску. Таксама будуюцца жылыя будынкі, якія атрымліваюць гутарковыя назвы – дом Варашылава, Сталіна, Будзённага.

«Усе гэтыя гістарычныя факты знайшлі адлюстраванне ў экспазіцыі, прадстаўленай у магілёўскім Палацы культуры вобласці, – адзначыў Віктар Анненкаў. – Мы сёння прэзентуем выставу, якая характарызуе Прыдняпроўскі край у 30-я гады ХХ стагоддзя і расказвае пра тое, чым жылі і як працавалі яго жыхары. У гэты час адчуваецца патрыятычны і працоўны ўздым насельніцтва. Так, жыхары Магілёва з радасцю сустракалі выратаванне легендарных чалюскінцаў – навуковай арктычнай экспедыцыі, кіраўніком якой быў наш выдатны зямляк і навуковец Ота Юльевіч Шміт. Рэканструкцыю яго кабінета мы таксама прэзентавалі на нашай выставе».

 БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая