RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«У нас агульная будучыня і агульная сучаснасць». Магілёўская і Бранская вобласці ўмацоўваюць культурнае супрацоўніцтва

Магілёўская і Бранская вобласці ўмацоўваюць супрацоўніцтва ў сферы культуры. Адразу сем мемарандумаў паміж установамі і адзін намер паміж профільнымі ведамствамі рэгіёнаў падпісаны 11 лістапада ў Магілёве.

Абменьвацца вопытам і рэалізоўваць сумесныя праекты будуць музеі, тэатры, каледжы мастацтваў, музейна-выставачныя цэнтры і мемарыяльныя комплексы. Культурны абмен цікавы як беларускаму, так і расійскаму боку.

«Супрацоўніцтва ў сферы культуры з'яўляецца найважнейшым напрамкам развіцця двухбаковых адносін Беларусі і Расіі, і гэта сведчыць аб адзінстве нашых народаў, - падкрэсліў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Жыгун. - Для ўзаемадзеяння створаны спрыяльныя ўмовы і добрая база: дагавор аб Саюзнай дзяржаве, пагадненні паміж урадамі дзяржаў аб супрацоўніцтве ў сферы культуры, навукі і адукацыі, шэраг дакументаў паміж міністэрствамі, мясцовымі органамі ўлады. Усё гэта дае магчымасць не толькі захоўваць і развіваць нашы традыцыі, але і выйсці на новы ўзровень адносін. Немалаважны момант - прыцягненне расійскіх турыстаў, якім будуць цікавыя гісторыка-культурныя каштоўнасці і аб'екты Магілёўскай вобласці».

Па словах Аляксандра Жыгуна, супрацоўніцтва з Бранскай вобласцю доўжыцца ўжо даўно. Расіяне ўдзельнічаюць у такіх значных і маштабных праектах, як рэспубліканскае свята «Александрыя збірае сяброў», абласны фестываль творчасці інвалідаў «Разам мы зможам больш», у праграме мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы, міжнародным маладзёжным ваенна-патрыятычным праекце «Дарогамі Памяці і Славы». «Такія мерапрыемствы ў тым ліку даюць магчымасць рабіць упор на патрыятычным выхаванні моладзі і захоўваць нашу спадчыну для далейшага эфектыўнага развіцця дзвюх краін», - адзначыў ён.

У найбліжэйшых планах бакоў - гастрольна-канцэртная дзейнасць устаноў культуры, абмен выставачнымі праектамі, прэзентацыя турыстычнага патэнцыялу, а таксама прэс-тур для журналістаў па памятных і знакавых мясцінах двух рэгіёнаў.

Па словах часова выконваючага абавязкі па кіраўніцтве дэпартаментам культуры Бранскай вобласці Юрыя Сацюкова, Беларусь, і Магілёўская вобласць у прыватнасці, традыцыйна сустракаюць расейцаў вельмі гасцінна. «Наша дэлегацыя пазнаёмілася з культурнымі і турыстычнымі каштоўнасцямі рэгіёну, якія робяць уражанне і складаюць у сабе вялікі патэнцыял для наведвання расійскімі турыстамі, - падкрэсліў ён. - Браншчына таксама заўсёды адкрыта для беларускіх турыстаў. Нашы рэгіёны з'яўляюцца даўнімі стратэгічнымі партнёрамі ў розных сферах, у тым ліку, у культуры і турызме. І мы, вядома ж, жадаем паглыбляць далей гэтыя адносіны».

Паводле слоў Юрыя Сацюкова, беларуска-расійская інтэграцыя асабліва актуальная ва ўмовах знешняга націску. «Тавараабарот паміж нашымі рэгіёнамі ўвесь час расце, як і ўмацоўваецца супрацоўніцтва ў розных сферах жыцця, у тым ліку тэатральнай, фестывальнай, музейнай, турыстычнай, - падкрэсліў ён. - Менавіта таму сёння пытанні ўзаемадзеяння і далейшай інтэграцыі актуальныя як ніколі, узаемаўзбагачэнне ідзе пастаянна. Далейшае знаёмства адзін з адным будзе садзейнічаць яшчэ большаму збліжэнню і развіццю. Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі доўжыцца стагоддзямі, мы - брацкія народы, якія неаддзельныя адзін ад аднаго. У нас агульнае мінулае, агульная будучыня і сучаснасць».

Сярод тых, хто сёння падпісваў мемарандум аб супрацоўніцтве, - Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава і Бранскі абласны мастацкі музейна-выставачны цэнтр. Па словах дырэктаркі беларускай установы Алены Бабровай, супрацоўніцтва з расейскімі калегамі доўжыцца ўжо даўно. Напрыклад, нядаўна мастакі з суседняй краіны прынялі ўдзел у міжнародным пленэры па жывапісе «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве» - брэндавым мерапрыемстве, якое штогод праходзіць у Магілёўскай вобласці. «Спадзяемся, што нашае супрацоўніцтва з калегамі з Бранска будзе плённым, будзем сябраваць моцна і доўга, - падкрэсліла яна. - Ёсць ужо дамоўленасць аб правядзенні абменных выставак, рэалізацыі шэрагу праектаў. Упэўнена, што менавіта дзякуючы культуры выбудоўваюцца далейшыя адносіны ва ўсіх іншых сферах - эканоміцы, будаўніцтве, палітыцы. Без культуры нікуды».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая