RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2021 год падвялі ў Магілёўскай вобласці

Абласны сход, прысвечаны падвядзенню вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёўшчыны за 2021 год, прайшоў 24 лютага ў Палацы культуры вобласці.

Адкрываючы ўрачыстасць, намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Сівак адзначыў асаблівую атмасферу, якая панавала ў вялікай зале.

«Сёння найлепшыя спецыялісты, кіраўнікі, працоўныя калектывы і рэгіёны з поўным правам працягнуць гістарычны летапіс Магілёўскай вобласці, – сказаў ён. – Мінулы год стаў сапраўдным выпрабаваннем, але не перашкодай. Вобласць працягвала жыць і развівацца, вырашана шмат задач, пастаўлены новыя рэкорды, узяты высокія планкі і рубяжы. Асабліва прыемна чуць імёны пераможцаў і перадавікоў, на якіх усім трэба будзе раўняцца ў 2022 годзе, чые вышыні будуць арыенцірам у дасягненнях. Сёння не проста падводзяцца вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця, гэтым мы аддаём даніну павагі тым, хто сваімі адносінамі да працы і таварышаў па калектыве заслужыў пашану і годную ўзнагароду».

За шматгадовую добрасумленную працу ў сельскагаспадарчай галіне, актыўную грамадзянскую пазіцыю, значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Магілёўскай вобласці падзяка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб’яўлена дырэктару адкрытага акцыянернага таварыства «Рассвет імя К. П. Арлоўскага» Аляксандру Багелю. За вялікі ўклад у рэалізацыю эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адзначаны намеснік старшыні Бялыніцкага сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Калгас “Радзіма”» Міхаіл Скусаў. За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Магілёўскай вобласці Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь узнагароджаны намеснік старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Валерый Малашка.

У сваім выступленні старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачанка расказаў аб развіцці вобласці ў 2021 годзе і ўручыў узнагароды найлепшым спецыялістам, кіраўнікам, працоўным калектывам, а таксама асобным рэгіёнам.

«У гэтай зале сабраліся найлепшыя прадстаўнікі працоўных калектываў, неабыякавыя людзі, якія любяць свой край, сваю краіну і робяць усё, каб іх вобласць, краіна станавіліся лепшай, – адзначыў Анатоль Ісачанка. – Нягледзячы на тое, што мінулы год выдаўся няпростым, а часам непрадказальным, мы выстаялі, працягнулі сваё развіццё і ўпэўнена глядзім наперад. У гэтым ёсць вялікая доля заслугі кожнага з прысутных, а таксама прадстаўнікоў працоўных калектываў.

Ва ўмовах сусветнай пандэміі і закрыцці межаў мы забяспечылі станоўчую дынаміку развіцця прамысловасці, гандлю, транспарту, інфармацыі і сувязі. Дзякуючы гэтаму тэмп росту валавога рэгіянальнага прадукту па выніках 2021 года склаў 100,7%, і гэта пры тым, што і ў 2020‑м не было дапушчана яго падзенне (100,8%).

Па-ранейшаму лакаматывам выступіў прамысловы комплекс, які сфарміраваў больш за трэць ВРП рэгіёна, і ва ўмовах сусветнай пандэміі і закрыцця межаў забяспечыў тэмп росту 103,3%, захаваўшы пры гэтым працоўныя калектывы.

Ажыўленне сусветнай эканомікі аказала ўплыў на істотнае запатрабаванне тавараў нашых вытворцаў. Прадпрыемствы скарысталіся такой знешняй кан’юнктурай і практычна цалкам разгрузілі склады. Запасы гатовай прадукцыі знізіліся да мінімальнага значэння – усяго 52% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці. Гэта адбілася на паляпшэнні фінансавага стану прадпрыемстваў і вобласці ў цэлым. У выніку 2021 год мы завяршылі з ростам прыбытку ад рэалізацыі ў 1,3 раза.

У знешнеэканамічнай дзейнасці нам удалося не толькі захаваць збалансаванасць знешняга гандлю таварамі, але і забяспечыць тэмп росту 132%. Аб’ём экспарту ў $ 2,6 млрд з’яўляецца найбольшым для вобласці за ўсю гісторыю незалежнасці нашай краіны. Пры гэтым станоўчае сальда знешняга гандлю вобласці склала $1 млрд.

Пашыраецца прысутнасць вытворцаў Магілёўскай вобласці на рынках «далёкай дугі» і іншых краін – Азіі, Афрыкі, Амерыкі. На іх долю ўжо прыпадае 20,6% экспарту. Асаблівае месца займае Кітай. Калі ў 2015 годзе мы экспартавалі ў Кітай тавараў на суму 2 млн. долараў, то ў 2021 годзе гэты аб’ём дасягнуў $59 млн. Усяго ж наша прадукцыя экспартавалася ў 105 краін свету. Толькі па сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктах харчавання мы пастаўляем 100 таварных пазіцый ў 43 краіны. У цэлым, сельскагаспадарчая галіна па-ранейшаму ўносіць істотны ўклад у агульнаабласныя паказчыкі.

Важкую ролю ў развіцці нашай вобласці адыгрывае прадпрымальніцкі сектар. У 2021 годзе суб’ектамі малога і сярэдняга бізнесу выплачана падаткаў і збораў у памеры Br614 млн, што на Br54 млн больш у параўнанні з 2020 годам. Удзельная вага паступленняў у бюджэт ад малога і сярэдняга бізнесу склала 38,5%.

Нараўне з умацаваннем пазіцый прадпрымальніцкай сферы не спыняюцца ў развіцці нашы прамысловыя флагманы. У 2021 годзе працягвалася мадэрнізацыя наступных прадпрыемстваў: «Магілёўхімвалакно», «Белшына», «Магатэкс», «Заводзе газетнай паперы», «Магілёўліфтмаш», «Ольса», «Технолит», «ВМГ», «ТехноНИКОЛЬ» і інш.

У цэлым, у 2021 годзе на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы вобласці за кошт усіх крыніц фінансавання накіравана Br2,2 млрд інвестыцый у асноўны капітал.

У мінулым годзе ўведзены ў эксплуатацыю значныя інфраструктурныя і сацыяльныя аб’екты: пуцеправод-дублёр вуліцы Якубоўскай і загараднай шашы ў Магілёве, дзіцячыя сады ў Бабруйску і ў Магілёве, фізкультурна-аздараўленчы комплекс у мікрараёне Фаціна ў абласным цэнтры, кардыяхірургічны і кардыятэрапеўтычны карпусы «Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы» і шэраг іншых аб’ектаў. У 2021 годзе ўведзена ў эксплуатацыю крыху больш за 314 тыс. кв. метраў жылых дамоў, у тым ліку звыш 113 тыс. кв. метраў з дзяржаўнай падтрымкай пры плане 90 тыс. кв. метраў. Палепшылі свае жыллёвыя ўмовы 1117 шматдзетных сем’яў, што на 147 сем’яў больш, чым запланавана на 2021 год.

Разам з тым, нягледзячы на станоўчыя моманты ў асноўных галінах эканомікі, мы таксама выразна разумеем, што не ўсе вынікі супалі з нашымі прагнозамі: неспрыяльныя знешнія фактары не маглі не закрануць нашу адкрытую эканоміку, не ліквідаваны ўсе бар’еры, якія стрымліваюць прадпрымальніцкую ініцыятыву, плюс высокая пазыковая нагрузка і недахоп абаротных сродкаў у прадпрыемстваў ускладняе далейшае развіццё дзяржсектара эканомікі. На рашэнне пазначаных праблем і будзе нацэлена наша праца ў бягучым годзе».

Вызначаны пераможцы спаборніцтва па сацыяльна-эканамічным развіцці сярод гарадоў і раёнаў Магілёўскай вобласці за 2021 год. Ім уручаны пераходны сцяг, дыпломы і грашовыя прэміі. У першай групе спаборніцтва (сярод гарадоў Магілёў і Бабруйск) найлепшым прызнаны г. Бабруйск. Сярод раёнаў з колькасцю насельніцтва звыш 20 тысяч чалавек узнагарода дасталася Крычаўскага раёну, сярод раёнаў з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек – Мсціслаўскаму і Бялыніцкаму раёнам. За дасягненне найлепшых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця па выніках працы за 2021 год Ганаровай граматай Магілёўскага аблвыканкама адзначаны Касцюковіцкі, Кіраўскі і Магілёўскі раёны.

Цырымонія ўзнагароджання працягнулася традыцыйным віншаваннем пераможцаў штогадовага абласнога конкурсу па прысваенні ганаровага звання «Чалавек года Магілёўшчыны».

У сферы «Вытворчая дзейнасць» адзначаны лідары.

Лявон Аракелян, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Магілёўскі домабудаўнічы камбінат». За 2021 год аб’ём выкананых будаўніча-мантажных работ склаў больш за 69 мільёнаў рублёў, тэмп росту – 114,4%, уведзена ў эксплуатацыю 13 жылых дамоў, інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 106% да ўзроўню мінулага года. У 2021 годзе Лявон Гарэгінавіч узнагароджаны нагрудным знакам «Ганаровы будаўнік» і спецыяльнай прэміяй Магілёўскага гарвыканкама «Дасягненне ў сферы будаўніцтва».

Аляксандр Багель, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Рассвет імя К. П. Арлоўскага». Дзякуючы асабістаму ўкладу і ініцыятыве Аляксандра Іванавіча, за 2021 год значна выраслі паказчыкі па вытворчасці малака, буйной рагатай жывёлы, ураджайнасці збожжавых культур і кукурузы, азімага рапсу, пладоў і ягад, перааснашчэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы, павышэнні якасці і ўзроўню жыцця работнікаў. У цяперашні час у стадыі завяршэння рамонт на жывёлагадоўчай ферме «Цейкавічы». За асабістыя заслугі мае шматлікія ўзнагароды і падзякі.

Мікалай Дарэчкін, трактарыст-машыніст Бялыніцкага сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Калгас “Радзіма”». У 2021 годзе ім выканана 179,7 норма-змен, 6672,9 умоўных эталонных гектараў, што на 367 больш да ўзроўню 2020 года. На працягу некалькіх гадоў Мікалай Іванавіч з’яўляўся пераможцам рэспубліканскага і абласных фэстаў працаўнікоў сяла «Дажынкі». Займае актыўную грамадзянскую пазіцыю. У 2021 годзе абраны дэлегатам VI Усебеларускага народнага сходу.

Віктар Івулёў, дырэктар Бялыніцкага ўнітарнага камунальнага прадпрыемства «Жылкамгас». На працягу многіх гадоў стабільна і рэнтабельна ажыццяўляе сваю дзейнасць узначаленая Віктарам Міхайлавічам арганізацыя, якая мае шматгаліновую структуру. За 2021 год выкананы асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Уласнымі сіламі прадпрыемства праводзяцца работы па будаўніцтве, мадэрнізацыі і рэканструкцыі розных аб’ектаў, капітальнага рамонту жыллёвага фонду, вытворчасці работ па добраўпарадкаванні горада.

Уладзімір Карчэўскі, генеральны дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Крычаўцэментнашыфер». Ажыццяўляе кіраўніцтва па распрацоўцы мерапрыемстваў па рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытворчасці, выкананні планаў укаранення новай тэхнікі і тэхналогій, прадухіленні шкоднага ўздзеяння вытворчасці на навакольнае асяроддзе, стварэнні бяспечных умоў працы і павышэнні культуры вытворчасці. За 2020–2021 гады прадпрыемства ўдастоена мноствам дыпломаў і ўзнагарод рэспубліканскага ўзроўню. Уладзімір Іванавіч у конкурсе «На самае лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне Рэспублікі Беларусь за 2020 год» прызнаны пераможцам у намінацыі «Кіраўнік года».

Міхаіл Шкрабаў, вядучы інжынер-канструктар адкрытага акцыянернага таварыства «Бабруйсксельмаш». За час працы на прадпрыемстве прымаў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы больш за 30 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі, з’яўляецца распрацоўшчыкам лінейкі зубовых барон з шырынёй захопу ад 5,5 да 26 м, пад яго кіраўніцтвам была распрацавана, выпрабавана і асвоена большасць тэхнікі, якая выпускаецца на прадпрыемстве. Распрацаваная ў 2021 годзе тэхніка з’яўляецца інавацыйнай прадукцыяй, якая выпускаецца прадпрыемствам, што дазволіла прадпрыемству ў 2021 годзе пашырыць рынкі збыту і заключыць на 58 кантрактаў больш, чым у 2020 годзе.

У намінацыі «Невытворчая сфера» таксама вызначаны пераможцы.

Віктар Бурака, дырэктар Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа. Віктар Віктаравіч у кароткія тэрміны ўкараняе перадавы вопыт у практычную дзейнасць установы. У 2021 годзе навучэнцы каледжа сталі пераможцамі X Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства па спецыяльнасці «Паштовая сувязь». Штогод навучэнцы з’яўляюцца прызёрамі абласных і рэспубліканскіх аглядаў-конкурсаў мастацкіх калектываў, фестываляў творчай моладзі. Пры непасрэдным удзеле Віктара Віктаравіча сумеснымі намаганнямі работнікаў адукацыі і культуры створана і адкрыта ў межах старту мерапрыемстваў Года гістарычнай памяці экспазіцыя «Таямнічы водбліск стагоддзяў» у Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава.

Уладзімір Дудко, урач-анэстэзіёлаг-рэаніматолаг (загадчык) аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы. За 2020 і 2021 гады ў аддзяленні пралечана 1260 пацыентаў, 418 пацыентаў пасля праведзеных аперацый на сэрцы, 330 пацыентаў з інфарктам міякарда, 50 пацыентаў з інфекцыяй кавід-19. Ім упершыню ў вобласці асвоены і ўкаранёны ў клінічную практыку сучасныя методыкі анестэзіялагічнай дапамогі пры аперацыях на сэрца і буйных сасудах ва ўмовах штучнага кровазвароту, метады электраэнцэфалаграфічнага кантролю глыбіні анестэзіі пры працяглых аператыўных умяшальніцтвах, сучасныя методыкі інвазіўнага маніторынгу гемадынамікі пры аперацыях на сэрца і буйных сасудах, метады дапаможнага кровазвароту, такія, як унутрыаартальная балонная контрпульсацыя.

Артур Зайцаў, трэнер-выкладчык па вольнай барацьбе дзяржаўнай спецыялізаванай вучэбна-спартыўнай установы «Магілёўскі абласны комплексны цэнтр алімпійскага рэзерву». За перыяд трэнерскай працы падрыхтаваў 18 майстроў спорту Рэспублікі Беларусь і 3 майстры спорту міжнароднага класа, плеяду тытулаваных спартсменак: Вольга Хілько, Вольга Зямцова, Заліна Сідакова, Ванэса Каладзінская, Ірына Курачкіна.

Аляксандр Сцепчанка, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Забялышынскай сярэдняй школы Хоцімскага раёна. За два апошнія гады яго навучэнцы ўдастоены дыпломаў II і III ступені ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе». Неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі Рэспубліканскай спартакіяды «Абаронца Айчыны», шматбор’я «Здароўе», спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў «Снежны снайпер». Сёлета яго выхаванцы ўвайшлі ў склад абласной каманды і чарговым разам заваявалі прызавыя месцы ў «Снежным снайперы». У 2021 годзе ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Наталля Храмянкова, дырэктар Клічаўскага краязнаўчага музея. У 2021 годзе колькасць наведванняў музея склала больш за 7 тысяч чалавек, што склала 103% ад даведзенага паказчыка, аформлена 16 часовых экспазіцый, аб’ём сродкаў, атрыманых ад дзейнасці, якая прыносіць даходы, выкананы на 102%. Па ўстанове аблічбавана больш за 4 тысячы адзінак музейных прадметаў. Набыта 179 адзінак музейных прадметаў асноўнага фонду, або 175% да ўзроўню 2020 года.

Віктар Ротчанкаў, начальнік упраўлення дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі міліцыі грамадскай бяспекі ўпраўлення ўнутраных спраў Магаблвыканкама. Пад кіраўніцтвам Віктара Іванавіча дасягнута станоўчая дынаміка ў стане аварыйнасці на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, знізілася колькасць загінулых, параненых у ДТЗ. Мэтанакіравана працуе над удасканаленнем службовай дзейнасці, праводзіць мерапрыемствы па ўмацаванні транспартнай дысцыпліны. Узнагароджаны медалём «За бездакорную службу» III ступені, «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку».

У сферы «Грамадска-палітычная дзейнасць» названыя імёны пераможцаў.

Аляксандр Казека, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі». Паэт, перакладчык, грамадскі дзеяч. Унёс значны асабісты ўклад у стварэнне Боркаўскага клуба-музея Кіраўскага раёна. З’яўляецца аўтарам вялікай колькасці кніг, у тым ліку прысвечаных гісторыі Магілёўшчыны. На вершы Аляксандра Мікалаевіча напісана каля 30 песень. Студэнты вышэйшых устаноў адукацыі па яго творах пішуць навуковыя і даследчыя работы. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, знакам Саюза пісьменнікаў Расіі «Вялікі Шукшын», медалём Васіля Шукшына, медалямі «За бездакорную службу» III і II ступені, нагрудным знакам «За вялікі ўклад у літаратуру», знакам «Ганаровы настаўнік творчай моладзі». З’яўляецца лаўрэатам спецыяльнай прэміі Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта «Дасягненне» ў намінацыі «Літаратурная дзейнасць». Унесены ў Кнігу славы Магілёўшчыны па выніках 2020 года.

Раіса Шугалеева, першы намеснік старшыні праўлення Магілёўскай абласной арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства “Знание”». Дзякуючы актыўнаму ўдзелу Раісы Аляксандраўны арганізацыйная структура заваявала высокі аўтарытэт у Рэспубліцы. Таварыствам арганізаваны навучальныя семінары, праводзіцца тэматычная падрыхтоўка лектараў для канструктыўнага і якаснага правядзення дыялогавых пляцовак, семінараў, лекцый і інш. на тэму ўнутранай і знешняй палітыкі, палітычных працэсаў у Рэспубліцы Беларусь, ідэалагічнай працы з насельніцтвам у сучасных умовах. Дзякуючы яе дзейнасці Магілёўскае таварыства «Знание» адно з найлепшых па эканамічных паказчыках дзейнасці на 2021 год сярод аналагічных арганізацый рэспублікі.

Вольга Петрашова, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах. Вольга Уладзіміраўна асаблівую ўвагу надае аператыўнаму вырашэнню пытанняў у выбарчай акрузе. Актыўна праводзіць сустрэчы ў працоўных калектывах, ініцыіруе грамадска-палітычныя і дабрачынныя акцыі. Мае актыўную грамадзянскую пазіцыю, вядзе вялікую грамадскую працу. Прымае актыўны ўдзел у пасяджэннях, круглых сталах, тэматычных канферэнцыях, семінарах па праблематыцы міжнародных адносін, знешнеэканамічнай дзейнасці, адукацыйнай і сацыяльнай палітыкі.

«Стаць уладальнікам ганаровага звання «Чалавек года Магілёўшчыны» – гэта вельмі адказна і ганарова. Для кожнага з нас гэта велізарны гонар і высокая ўзнагарода, якую мы па праве падзяляем з усімі, хто разам з намі ішоў на шляху да гэтага звання. Гэта і нашы паважаныя калегі, працоўныя калектывы, працаўнікі нашых рэгіёнаў, – выступіла са словам у адказ Вольга Петрашова. – Высокая ўзнагарода, якую мы сёння атрымалі, – гэта не толькі асаблівы гонар, гэта матывацыя да дзеяння. Пераканана, што і надалей мы максімальна зробім усё магчымае, каб вынікова вырашаць пастаўленыя задачы.

Сёння ў нашай Магілёўскай вобласці робіцца вельмі шмат для развіцця нашых рэгіёнаў. Вельмі спагадліва тут ставяцца да вырашэння важных і значных пытанняў, у вырашэнні якіх неабходная дапамога ўсіх вертыкаляў улады. І нашы землякі гэта цэняць.

Зусім хутка адбудзецца важная для нашай краіны палітычная падзея – рэферэндум. Мы ўсе разумеем, што Канстытуцыя – асноватворны дакумент не на адзін год, а на многія дзесяцігоддзі. І хачу сказаць, што жнівеньскія падзеі 2020 года навучылі нас па-асабліваму шанаваць і берагчы тое, што мы сёння маем. Хачу запэўніць, што кожны з нас зробіць усё магчымае, каб зберагчы мір і згоду нашага грамадства, каб забяспечыць далейшы росквіт нашага Прыдняпроўскага краю».

Завяршылася ўрачыстасць вялікім канцэртам «У гонар роднай Магілёўшчыны!»

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая