RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Падчас аўтапрабегу ветэраны ваенна-марскога флоту Беларусі і Расіі наведаюць Магілёў

Сумесным аўтапрабегам адзначаць 100-годдзе Дняпроўскай рачной ваеннай флатыліі і 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў маракі з Расіі і Беларусі. Пра гэта паведаміў старшыня ГА «Беларускі саюз ваенных маракоў» Валерый Халадзілін.

Маршрут аўтапрабегу, які стартуе сёння са Смаленска, пралягае праз расійскія і беларускія населеныя пункты ўздоўж ракі Днепр. Завершыцца падарожжа 28 ліпеня (у Дзень ваенна-марскога флоту Расіі) у Рэчыцы.

Па шляху руху ветэраны ваенна-марскога флоту дзвюх краін наведаюць месцы баявой славы, сустрэнуцца з грамадскасцю, выступяць на патрыятычных мітынгах, канцэртах. Чакаецца, што да асноўных удзельнікаў далучацца артысты Міжнароднага фонду сацыяльнай і эканамічнай падтрымкі дзеячаў культуры і мастацтваў народнага артыста Беларусі Уладзіміра Гасцюхіна.

У вёсцы Рыленкі ўдзельнікі аўтапрабегу ўскладуць кветкі да брацкай магілы, дзе пахавана 10 тыс. воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У Дуброўне запланавана экскурсія да мемарыяльнага каменя, усталяванага ў гонар выдатнага ваеннага марака ХІХ стагоддзя – капітана 1-га рангу Аляксандра Казарскага – і знаёмства з вуліцай, названай у яго гонар. У Оршы ветэраны наведаюць мемарыяльны комплекс «Кацюша», курган Неўміручасці, музей Канстанціна Заслонава, помнік воінам-інтэрнацыяналістам. У ліку месцаў, куды госці адправяцца ў Магілёве, –плошча Славы, алея Герояў, мемарыяльны комплекс «Зямлянка». Для супрацоўнікаў ААТ «Магілёўліфтмаш» падрыхтавана спецыяльная канцэртная праграма. Па старой флоцкай традыцыі на воды Дняпра будуць спушчаны вянкі памяці.

«Першапачаткова пасля Магілёва мы мелі намер працягнуць падарожжа на цеплаходзе праз Быхаў – Рагачоў – Жлобін, але праз нізкі ўзровень вады ў Дняпры ажыццявіць задуманае не ўяўляецца магчымым, – падкрэсліў Валерый Халадзілін. – Таму ў праграме з’явіўся Мінск. Аднак канчатковы пункт прызначэння застанецца той жа». У Рэчыцы адбудзецца святочны мітынг і гала-канцэрт «Днепр – рака дружбы славянскіх народаў». Плануецца, што тут збяруцца не толькі ўдзельнікі аўтапрабегу, але і прадстаўнікі флатоў Расіі, Рассупрацоўніцтва, пасольства Расіі ў Беларусі, зямляцтваў беларусаў з розных рэгіёнаў краіны-суседкі.

Дняпроўская флатылія была заснавана 18 лютага 1919 года. Яе караблі дзейнічалі супраць войскаў Дзянікіна на Екацярынаслаўскім кірунку і вялі жорсткія баі на Прыпяці, асабліва ў раёне Турава і Мазыра. У гады Вялікай Айчыннай вайны гэта воінскае злучэнне вызначылася пры абароне Палесся і Сталінграда, а затым з баямі вызваляла Беларусь і дайшло да Берліна, яго байцы і афіцэры распісаліся на сценах звергнутага рэйхстага. За бяспрыкладныя подзвігі 3 тыс. маракоў флатыліі ўдастоена ордэнаў і медалёў, 20 сталі Героямі Савецкага Саюза. Пасля вайны Дняпроўская флатылія дыслакавалася ў Пінску, а ў 1951 годзе была расфарміравана. На яе базе створаны навучальны атрад, які рыхтаваў спецыялістаў для караблёў і часцей Ваенна-марскога флоту СССР. Ён атрымаў у спадчыну славу і ўзнагароды дняпроўцаў. Сёння ў Пінску не засталося ваенна-марскіх падраздзяленняў. Зараз на матэрыяльна-тэхнічнай базе рыхтуюць сувязістаў і вадалазаў для пагранічнай службы Беларусі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая