RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Навагоднія ранішнікі пад адкрытым небам рыхтуе для гасцей Магілёўскі заасад

Навагоднія ранішнікі пад адкрытым небам будуць праходзіць у Магілёўскім заасадзе з 15 снежня. Пра гэта расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К. П. Арлоўскага Наталля Цішкова.

«Мы рыхтуем шырокую забаўляльную праграму, – падзялілася Наталля Цішкова. – З 15 снежня пачнуць праходзіць ранішнікі. Гэта будуць тэатралізаваныя пастаноўкі з касцюмамі і дэкарацыямі. Калі дазволіць надвор’е, арганізуем катанне ў сапраўдных санках. А яшчэ чакаем маразоў, каб заліць ледзяную горку. Як правіла, усе навагоднія праграмы праходзяць у памяшканнях. Тэрыторыя нашага заасада дазваляе зладзіць навагоднюю казку на свежым паветры. Акрамя гэтага, у гасцей будзе магчымасць пазнаёміцца з жыццём дзікіх жывёл».

Пабываць на мерапрыемстве змогуць тыя, хто пакінуў калектыўную заяўку. «Але калі госці да нас прыедуць перад пачаткам ранішніка, яны таксама змогуць стаць удзельнікамі зімовай казкі, – адзначыла Наталля Цішкова. – Для дзяцей са шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў і сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, такія ранішнікі будуць бясплатнымі. Наведаць навагодняе свята бясплатна змогуць таксама дзеці-сіроты і інваліды. Мерапрыемствы будуць праходзіць у пэўны час, які для кожнай групы будуць падбіраць індывідуальна. Як правіла, такія паказы праходзяць у першай палове дня. Астатні час заасад будзе адкрыты для наведвальнікаў».

Ролі Дзеда Мароза, Снягуркі і іншых казачных персанажаў, якіх задзейнічалі у святочных пастаноўках, выканаюць навучэнцы агралесатэхнічнага каледжа. «У нас вучацца вельмі актыўныя і ініцыятыўныя дзеці. Такія ранішнікі мы праводзім не першы год, і кожны раз дзеці з радасцю адгукаюцца на нашу просьбу, – адзначыла намеснік дырэктара каледжа. – Сёлета некаторыя самі прасілі ўключыць іх у акцёрскі склад – ім вельмі падабаецца дарыць маленькім гасцям заасада навагодні настрой і веру ў цуды».

Паводле слоў Наталлі Цішковай, такія навагоднія мерапрыемствы карыстаюцца папулярнасцю не толькі ў жыхароў рэгіёна. У Магілёўскі заасад прыязджаюць госці з суседніх абласцей, турысты з Расіі.

Прадоўжацца ранішнікі да 10 студзеня 2020 года.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая