Архіў навін

Абпал-шоу «Вогненная скульптура» пройдзе 25 ліпеня ў Бабруйскім раёне. Пра гэта расказаў мастак-кераміст і мастацкі кіраўнік міжнароднага пленэру па кераміцы «Арт-Жыжаль» Валерый Калтыгін. Вогненнае відовішча стане адным з этапаў пленэру, які 19-ы раз стартаваў на беразе Бярэзіны. У гледачоў будзе магчымасць паназіраць за творчасцю мастакоў-керамістаў і ўжывую ўбачыць абпал іх сумеснай працы. Месцам правядзення стане база адпачынку «Вербкі» гасцінічнага комплексу ААТ «ФанДАК» у Бабруйскім раёне. Убачыць унікальны працэс абпалу зможа кожны ахвочы.
З 19 ліпеня па 12 кастрычніка ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь «Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі» пройдзе юбілейная выстава Сяргея Масіхі, прымеркаваная да 70-годдзя мастака. Нарадзіўся Сяргей Мікалаевіч Масіха 20 лютага 1955 года ў горадзе Крычаў Магілёўскай вобласці. Вучыўся ў мастацкай студыі пад кіраўніцтвам А.Р.Герашчанкі, у 1997-2002 – у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М.Танка. З 1977 па 2018 год быў выкладчыкам выяўленчага мастацтва ў Дзіцячай мастацкай школе г. Крычава.
У Магілёўскай вобласці паводле даных на 21 ліпеня ўбрана 70,1% плошчаў азімага ячменю. Усяго ў Беларусі ўбрана 187,5 тыс. га азімага ячменю - 76,7% уборачнай плошчы. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання. У Брэсцкай вобласці ўбрана 94,8% плошчаў азімага ячменю, Гомельскай - 95,3%, Гродзенскай - 87,9%, Мінскай - 65,4%, Віцебскай - 50,5%. Намалочана 727,8 тыс. т гэтай культуры. Па ўраджайнасці ў лідэрах Гродзенская (50,7 ц/га), Мінская (46,3 ц/га) і Брэсцкая (45,5 ц/га) вобласці.
У выніку праходжання навальнічнага фронту і шквалістага ветру ў ноч з 9 на 10 ліпеня ў Магілёўскай вобласці пацярпелі не толькі лініі электраперадачы, дахі і дрэвы. Пакінуў ураган свой след і на палях. Папярэдняя лічба па палегліцы збожжавых і зернебабовых культур — каля 4 тысяч гектараў, а таксама звыш 300 гектараў азімага рапсу. Сярод пацярпелых - Бялыніцкі, Шклоўскі, Быхаўскі, Краснапольскі, Чавускі раёны. Уборачную ўскладняюць яшчэ і дажджы, якія таксама могуць прывесці да палегліцы і значна запаволіць ход працы.
З восені наведваць школьныя заняткі ў адзенні дзелавога стылю стане афіцыйнай нормай, замацаванай у заканадаўстве. Новаўвядзенне ўстаноўлена ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, які ўступае ў сілу з 1 верасня гэтага года. У ведамаснай пастанове ад 15 красавіка 2025 года № 72 таксама ўказалі рэкамендуемы набор элементаў для хлопчыкаў і дзяўчынак. Адзенне дзелавога стылю - строгі, вытрыманы вобраз, які можа ўключаць аднолькавыя элементы школьнага адзення з размяшчэннем на адным з іх эмблемы ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, растлумачылі ў профільным міністэрстве.