RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Фермер з Круглянскага раёна – аб любові да зямлі, сацыяльнай адказнасці бізнесу і патрыятызм

Бізнес з выглядам на вёску

«Без амараў і крэветак пражывём, а свае хлеб, малако і мяса ў нас ёсць»

Аляксандр Цыбукоў гараджанінам сябе не лічыць, хоць пажыў і ў Круглым, і ў Магілёве, і ў бізнесе грузаперавозак сябе паспрабаваў. З часам зразумеў: хоча быць там, дзе вырошчваюць хлеб. Адкрыў сваю фермерскую гаспадарку. І зараз перакананы: менавіта праца на зямлі дазваляе ні ад кога не залежаць, а значыць, быць упэўненым у заўтрашнім дні.

Справа тэхнікі

Гаспадарку Аляксандр зарэгістраваў пяць гадоў таму, але дылетантам яго не назавеш. У 2000 годзе адвучыўся на агранома ў Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі, па размеркаванні працаваў у ААТ «“Рассвет” імя К. П. Арлоўскага» Кіраўскага раёна.

– Праца цяжкая, а па маладосці хацелася працы з нармаваным графікам. Сышоў у прыватную фірму, якая займалася грузаперавозкамі. Але мяне хапіла ненадоўга: вёска не адпускала, – смяецца Цыбукоў.

Вярнуўся да бацькі, у якога фермерская гаспадарка яшчэ з 1990-х. А ў 2016 годзе рызыкнуў адкрыць сваю справу. КФХ «Івалга-Агра» назваў у гонар бацькоў – Івана і Вольгі. Спецыялізуецца на гародніне і збожжавых культурах – у наш час гэта каштоўнейшае за любы каштоўны метал:

– Сёння шалёны попыт на харчаванне. Многія палітыкі прагназуюць голад, і праўда ў гэтым ёсць. У той жа Германіі працаваць самі не імкнуцца – прасцей пасадзіць на тэхніку прыезджых, заплаціць ім капейкі.

Да багацця ў крамах мы прывыклі. А хто ўсё гэта вырабляе? Вясковец. Кажуць, што на зямлі моцна не разбагацееш. Але ж менавіта дзякуючы зямлі ты не будзеш ні ад каго залежаць. Без крэветак і амараў мы пражывём, а вось калі не будзе сваіх хлеба, мяса і малака, страцім незалежнасць.

Пачынаў са сціплых 60 гектараў, сёння ва ўладаннях у фермера звыш 250 гектараў. Каб атрымліваць аддачу з улікам коштаў на ўгнаенні і паліва, разважае Аляксандр, трэба пашыраць плошчы пад пасадку, а значыць, удасканальваць машына-трактарны парк:

– Яго камплектаваў з таннай тэхнікі. Да гэтага часу на хаду трактар 1978 года. І паспрабуй перасадзі механізатара на іншы. У гэтым і асаблівасць – у нас усё дагледжана. Узялі крэдыт на куплю айчынных мадэляў МТЗ-1221 і МТЗ-82 – трактары ўжо ў полі.

У камандзе Цыбукова сем чалавек з навакольных вёсак і райцэнтра. Падабраць талковых спецыялістаў – самае складанае, пераканаўся Аляксандр:

– Правы Прэзідэнт, калі кажа, што зямля можа карміць, калі на ёй працуеш. Сабраць вакол сябе добрыя кадры – гэта доўгі «селекцыйны» працэс. Маё прадпрыемства раслінаводчае, але работнікі і не ў сезон пры справе: займаюцца ўборкай зямель ад кустоў. У выдзеленыя ўчасткі трэба ўкласціся, каб потым кінуць у іх зярнятка.

Палкі ў колы ніхто не ставіць, кажа фермер. Больш за тое, дзяржава дапамагае: землі адвялі за кошт бюджэту, а гэта сур’ёзная эканомія.

Сіла зямлі

Мехдвор КФХ «Івалга-Агра» – у Круглым, а выдзеленыя райвыканкамам землі прымыкаюць да вёскі Скураты. Каб не ганяць тэхніку, Цыбукоў у Скуратах пабудаваў палявую базу для дробнага рамонту. Крыху раней абзавёўся тут хаткай. Ну і што, што ў акрузе ўсяго адзін жылы двор?! Аляксандр гатовы прывесці вёску ў парадак:

– Усё ў нашых сілах. Прыехаў сюды, душа была не на месцы – усё зарасло быльнікам. Паволі з работнікамі акультурваем месцы, карчуем хмызняк. Насупраць дома высадзіў вішнёвы сад.

Цыбукоў выкупіў яшчэ адзін пустуючы домік. Разабраў яго, матэрыялы пусціў на падсыпку дарогі і іншыя гаспадарчыя патрэбы, а зямлю ўключыў у севазварот.

– Навошта гучна заяўляць аб любові да Радзімы? Гэту любоў трэба даказваць справамі. Трактарыст, які прыбірае зерне на сваёй зямлі, для мяне патрыёт. А што зрабіў я на зямлі, які след пакінуў пасля сябе? Калі ведаю, што сёння час прыбіраць хлеб, то так і зраблю, а не буду хістацца па вуліцах.

– А калі адпачываеце? – цікавіцца.

Фермер задае сустрэчнае пытанне:

– Як можна адпачываць ад таго, што табе дастаўляе задавальненне? У вёсцы чацвёрты год, і кожны дзень для мяне розны. Не перадаць эмоцыі, калі бачыш у полі першыя ўсходы ці калі трактар пасля зімы выходзіць у поле. Гэта маё шчасце.

ЛІЧБЫ

У Магілёўскай вобласці налічваецца 526 дзеючых сялянска-фермерскіх гаспадарак. За апошнія 10 гадоў іх колькасць павялічылася на 170 гаспадарак. Найбольшае развіццё фермерства атрымала ў Магілёўскім, Бабруйскім, Шклоўскім, Чавускім і Горацкім раёнах. У параўнанні з 2010 годам фермерскія ўгоддзі павялічыліся ў рэгіёне больш чым у 2 разы. Значна вырас і аб’ём вытворчасці прадукцыі ў супастаўных цэнах у 2,9 раза.

ПРОСТАЯ МОВА

Алена Цыкунова, начальнік упраўлення дзяржаўнай уласнасці Мінсельгасхарча:

– Бясплатныя адвод зямельных участкаў і афармленне на іх дакументаў – адзін з відаў разгалінаванай дзяржпадтрымкі фермерскіх гаспадарак у нашай краіне. У ліку мер, накіраваных на іх развіццё, – патанненне кошту паліва, крэдыты з ільготнай стаўкай або частковай выплатай працэнтаў для закупкі ўгнаенняў і сродкаў абароны раслін, пакрыццё часткі выдаткаў на сертыфікацыю арганічнай прадукцыі, субсідыі на адзінку рэалізаванай і накіраванай у перапрацоўку сельгаспрадукцыі. Адзін раз на чатыры гады фермеры могуць правесці аграхімічны аналіз сваіх глеб за кошт сродкаў мясцовага бюджэту. З рэспубліканскага бюджэту выдзяляюцца сродкі на пасадку пладова-ягадных культур і іх догляд, развіццё селекцыі і насенняводства, племянной справы ў жывёлагадоўлі. І нават на першаснае ўладкаванне – будаўніцтва дарог, ліній электраперадачы, водазабеспячэнне. Толькі за 2016–2021 гады па дзяржпраграме «Аграрны бізнес» на гэтыя мэты накіравана амаль 11 мільёнаў рублёў, 1,4 тысячы фермераў атрымалі тую ці іншую дапамогу.

Дзяржава ўжо больш за дзесяць гадоў планамерна інвестуе ў фермерскі рух, і гэтыя інвестыцыі апраўданыя, асабліва зараз, калі прадукты харчавання становіцца стратэгічным рэсурсам. І самае галоўнае, гэты бізнэс цікавы людзям. Яны хочуць мець свой кавалачак зямлі, і ў іх ёсць жаданне працаваць. Прычым часта яны працуюць цэлымі сем’ямі, даюць занятасць мясцовым жыхарам, акультурваюць вёскі. Паглядзіце: за апошнюю пяцігодку колькасць сялянска-фермерскіх гаспадарак у Беларусі павялічылася амаль на 20 працэнтаў, а значыць, уклад фермераў у харчовую бяспеку краіны з году ў год становіцца больш важкім. Калі ў 2012-м у агульным аб’ёме вырабленай у краіне сельгаспрадукцыі было ўсяго 1,1 працэнта фермерскай, то сёння 2,9 працэнта. Такі прырост дарагога варты на фоне штогадовага нарошчвання аб’ёмаў сельгасвытворчасці ў краіне.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая